Чорны замак Альшанскі, ч. 3

І тут я насеў на яго, перахапіў правую руку з шыпастым кастэтам.Мне трэба было дарвацца да гэтай глоткі.Трэці стрэл аднекуль. Куды? Я не ведаў гэтага, здатны дзерці, ірваць на кавалкі, грызці.Калі мяне адцягнулі, крывавы туман усё яшчэ стаяў у мяне ў вачах. Я выскаляў зубы і хрыпеў. І толькі паступова праз гэты туман пачалі праступаць у святле ліхтароў абліччы. Перш за ўсё я ўбачыў Шчуку... Пасля невядомага міліцыянера, які толькі што надзеў на Высоцкага наручнікі. У Ігнася з правага перадрамення сплываў цурок крыві.– Застрэліцца хацеў, – сказаў міліцыянер. – Здолеў-такі перакінуць тую цацку ў левую руку. Каб не стукнуў па ёй – тут бы яму і апошняе рыданне.Цяпер я ўжо адрозніваў і Велінца, які ледзь адцягнуў Рама за ашыйнік, і яшчэ двух невядомых, якія закручвалі за спіну рукі ўсё яшчэ напаўпрытомнаму Боўбелю.Плылі переда мной абліччы Змагіцеля... Дзеда Мультана з дубальтоўкай у руцэ... Шаблыкі... Вячоркі...Седуна... Сташкі.Агні закруціліся ў маіх вачах. Зямля пайшла некуды ўбок.Хілінскі (ён трымаў мяне справа) сціснуў мой локаць.– Трымайся. Трымайся, браце. Нічога. Мінула ўсё.А я рэшткамі прытомнасці, якая амаль знікала, падсвядома адчуваў, што не... не... яшчэ не ўсё. Нешта настойліва свідравала мозг, павінна было вось-вось усё праясніць, але бясследна знікала пры першай спробе спыніць, затрымаць яго, здагадацца. Апошніх шкельцаў так і не было ў гэтым калейдаскопе аблуднай хлусні і падступнай подласці.Пад’ехала машына. Не ведаю, як яна завецца цяпер. А ў сярэдневяковай Беларусі воз, якім адвозілі затрыманых, называўся “кошыкам для салаты” або “для капусты”.“Вось так. Несучасны вы чалавек, таварыш Косміч. Несур’ёзны”.Арыштаваных павялі туды. Боўбель паспрабаваў было рэкнуць нешта накшталт : “Не я пачынаў. Гэта другія...”– Расчараваны я ў табе, – пагардліва плюнуў Высоцкі і сказаў нахабна: – Ну вось, цяпер на пэўны час будзем гасцямі міністра ўнутраных спраў.– Мабыць, і не толькі, – сказаў я.Трэба было адпомсціць гэтай навалачы за “трубу архангела”, і я вырашыў пусціць апошні пробны шар:– Ад усёй душы спадзяюся, што гэта апошнія твае гасціны...Ён не пашкадаваў сліны і сплюнуў таксама ў мой бок.– Апошнія, Ігнась Высоцкі... Ён жа Крыштоф за польскім часам... Ён жа Уладак пры немцах... І хто яшчэ пасля вайны... Кулеш?Высоцкі раптам ірвануўся ў мой бок з такою сілай, што міліцыянеры ледзь затрымалі яго. Твар у яго зрабіўся барвяна-сіні, жылы надзьмуліся на лобе. З глоткі вырываліся ўжо амаль не словы, а пагрознае і ўражанае, ашалелае хрыпенне. І выглядаў ён, як пакінуты і загублены назаўсёды ў свеце, дзе пануе бясконцы кашмар.– Ты... Гад... Ты.– Нічога, – сказаў я, – твой інсульт вылечаць. Каб ты ў трэці раз не вымкнуў кудысь. Каб хоць на трэці раз атрымаў тройчы заслужаную вышку.Знік перакошаны твар. Калі машына ад’ехала, я сеў на траву і пачаў збіраць і складаць у купку нейкія галінкі і трэсачкі.Сташка падышла да мяне і паклала далонь на маю галаву....Зноў гарэла вогнішча на Белай Гары. Бульба, што мы напяклі, была з’едзена, хаця й была апошняя, а не першая, асенняя.Усё адно было смачна. Ды яшчэ з буйной кухоннай соллю.І зоры над галавой. І сябры вакол. І вочы ўсіх глядзяць у адзін на ўсіх агонь.– Проста паскудныя тварыны, – азваўся ўрэшце я, ужо амаль супакоены.– Во, – сказаў Адам, – каб гэта Клепча чуў, ён бы адразу няўхільна і пранікнёна прамовіў: “Нешта я ані разу не чуў ад вас слоў “свядомы” і іншых”.