Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– А ты паступай свядома, – у тон яму азваўся я, – а не плявузгай. А то свядома мянціць языком і без цябе шмат аматараў.– А ён адразу да твайго дырэктара, – усміхнуўся Шчука. – І скажа, што не месца сябру Космічу ў дружных шэрагах навукі, бо ён дае іншым выспятка ў азадак.– Хопіць, – мне ўжо самому стала моташна ад тэмы. – Закурым, ці што?Хілінскі павучальным тонам сказаў:– Хто не курыць і не п’е – той здаровенькі памрэ.Я застыў з пачкам цыгарэт у руцэ. Зноў нешта нібы раптоўна стукнула ў маю свядомасць. Але што?Гэтага я так і не мог да канца зразумець. А тут і Адам сваім пытаннем досыць недарэчы парушыў маю сабранасць.– Як ты дайшоў да сваіх вывадаў?– Цьху. Зноў сканцэнтравацца не далі. Тут дзіўнае не тое, што я дайшоў, а што столькі рэчаў старонніх маю думку адцягвала ўбок, а я, нягледзячы ні на што, усё ж здагадаўся. Як вы кажаце, “дайшоў”.Сапраўды, з чаго ўсё пачалося? Ага, здаецца, так.– Аднойчы мне проста стукнула ў галаву... Ну, нібы раптам сумясцілася несумяшчальнае. Смерць, пакаранне смерцю двох братоў Высоцкага. Калі яны адбываліся? З чым супалі?– Ну, прысуд Крыштофу Высоцкаму гэта, здаецца, канец жніўня, – сказаў Шаблыка. – Ці сярэдзіна.– А што першага верасня адбылося?Паэт з мордай каўбоя і такімі самымі манерамі ціха кінуў:– Вайна.– Ну вось. Маглі замарудзіць? Маглі.– Мацыеўскі выехаў.– І мог не даехаць. Або падумаць, штo перад тварам вечнасці... адзін нейкі.– Ясна, – сказала Сташка.– Трубіць яму ўрачысты марш, – сказаў Сядун.– Маршы – паскудства, – сказаў раптам Мультан. – Не люблю маршаў. Дрэнь. Што ваенны, што вясельныя. Усё адно бойка будзе. І невядома яшчэ, якая будзе страшнейшая. З ворагам ці з бабай. Так што мне нават дзіўна, з чаго гэта некаторыя (няўлоўны позірк у мой бок) самі ў мех лезуць.– Ваісціну, – падтрымаў яго Вячорка. – Так ужо я кавалерам зайздрыў. Думаю, вось разумныя людзі.– А далей? – спытаў Шчука.– А калі быў арыштаваны і асуджаны Уладак Высоцкі? Мы ведаем, першыя два гады ён недзе па-за Кладна. Пасля з’яўляецца. Служыць у пашпартным аддзеле ці як там. Гэты час супадае з тым, калі была разгромлена арганізацыя, у якую ўваходзіў наш цяперашні... Словам, Леанард Жыховіч. Яго не схапілі – лішні повад для дурнога майго падазрэння. А ён і асеў тут, каб сачыць за ўсімі, хто цікавіцца замкам. Пыталі ў яго?– Так, кажа, што была размова з нейкім членам арганізацыі аб Альшанцы і гэтак далей. Той, здаецца, таксама не трапіў у гестапа. Але твар ягоны ксёндз памятаў невыразна, – сказаў Шчука.– Дык калі быў пан Уладак арыштаваны і асуджаны?– Шаснаццатага ліпеня, здаецца, – сказаў Шаблыка. – “Прысуд выканаць у дваццаць чатыры гадзіны”.– Нашы калі горад узялі?– Васемнаццатага, – буркнуў Шчука. – Усё адно не супадае. Паспелі б яго пусціць у расход.– Так, – сказаў я. – А што адбылося семнаццатага?– Ах, чорт, – узвіўся Хілінскі. – Паўстанне ў горадзе. Вось пра гэта, Шчука, неяк ты і не падумаў.Цяпер ясна, чаму раптам выскачыў жывы, як чорт з табакеркі.– Верна, паўстанне, – сказаў я. – Ноччу на семнаццатае. Перадчаснае паўстанне, бо нашы былі яшчэна досыць дальніх пераходах. Ну так, крымінальныя пазбівалі замкі якраз у той час, калі паўстанцы выламалі турэмную браму. Ахова ўцякла. Так што горад быў наш. Палову ночы і палову дня. Усіх арыштаваных выпусцілі. Але тут паўстанне падавілі пагранічныя войскі, што адступалі, і паліцаі. Частку нашых абяззброілі і пасадзілі ў турму назад. І пачаліся спешныя расстрэлы. У адзін з іх трапіў наш Высоцкі. А калі не трапіў? Васемнаццатага нашы ўзялі горад.