Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– І што? – спытаў Вячорка.– А тое, што, акрамя іншага, таго, аб чым я ім казаў і вам цяпер сказаў, я падумаў: а раптам Крыштоф, адзін раз уцёкшы ад смерці, мог і другі раз уцячы... І адразу пасля вызвалення зноў аджыла банда Куляша. Не ведаю, з кім ён там супрацоўнічаў, каго прадаваў, перад кім прыніжаўся... Але адно ясна. Аднаго забойства хлопца ў Замшанах хопіць, каб на тым чалавеку паставіць крыж. І ўжо не сумнявацца, што ён на кожнае, на самае страшнае злачынства здатны. Ну а як вы ішлі?– Аб гэтым пасля, – сказаў Шчука. – Мы ішлі прыблізна той самай дарогай, што і ты. Але мы перш за ўсё шукалі. Ты – думаў. Ды яшчэ дапамог нам азартам, на які мы не маем права. Словам, знайшлі мы ўсё ж людзей. Знайшлі сведкаў.– І што сказалі сведкі? – спытаў Мультан.– А сведкі, – нявесела сказаў Шчука, – тыя, што засталіся, мала чым нас парадавалі. Цётка была з ім на апошнім спатканні. Усё ж гэта яна канчаткова штурхнула Крыштофа на ягоны шлях. Спатканне далі. У моры справядлівай нянавісці яна была таксама і адзіным чалавекам, які яму спачуваў... Не дапамагло яе спачуванне. Вайна. Агульнае замяшанне, збянтэжанасць. І ён у гэтым тлуме пакінуў турму. І след ягоны згубіўся ў натоўпе. Дзе ён быў, калі мы прыйшлі, – бог ведае. Можа, тады і склалася ядро яго будучай банды. А калі прыйшлі немцы, ён ужо дзейнічаў па лясах. І адначасова быў звязаны і з акупантамі. Таксама двайная бухгалтэрыя. Пра гібель падполля мы ўжо ведаем сёе-тое, а даведаюцца яшчэ больш. Перад прыходам нашых ён дзейнасць сваю часова прыпыніў. Займаўся гандлем на чорным рынку. І тут немцы з уласцівай ім педантычнасцю пачалі праглядаць турэмныя акты. І жандары трапілі на смяротны прысуд Крыштофу. Устанавіць яго тагачаснае імя ім было лягчэй лёгкага. І вось тут такое. Усе думалі, што ён загінуў у вулічнай экзекуцыі, як людзі падполля, як ахвяры аблаў. Шкадавалі. А ён на такую высокую смерць права не заслужыў. Дый не памёр, як бачыце. Ці сутыкнуліся на ім два ведамствы: тое, што патрабавала кары яшчэ па старым прысудзе, і тое, дзе ён працаваў асведаміцелем, – не ведаю. Гэта яшчэ выясніцца. Як выяснілі мы ўсё і наконт Боўбеля... Твая здагадка была верная і наконт яго, Косміч. Толькі што здагадка не факт.– А сучасныя іхнія ўчынкі?– Сучасныя – ужо факт. Ну, уставайце, хлопцы. Час.Мы развіталіся з экспедыцыяй і пачалі спускацца з гарадзішча.Маўчалі, дый не хацелася болей гаварыць пасля перажытага і перадуманага сёння.– А ўсё ж без тваёй галавы ім цяжка давялося б, – сказаў Хілінскі, паклаўшы далонь мне на плячо.– Без расшыфроўкі таго тайнопісу.– Без першай трывогі, якую падняў бедалага Мар’ян.– Цяпер яны даведаюцца. Цяпер лягчэй.Месяц, што пачаў ужо хіліцца, заліваў касцёл пранізлівым і бязмерна журботным святлом, рабіў чорны гмах замка менш грувасткім. Ён здаваўся ўжо ў гэтым святле і не такім чорным, а нібыта адліваў крыху ў блакітнае.– Пройдзем праз замкавы двор, – нечакана сказаў я.– Гэта нашто? – спытаў Мультан.– А раптам дама з манахам...– Ты што, у глупствы гэтыя верыш? – здзівіўся Шчука.– Веру не веру, але праз гэта не здолею я паехаць адсюль зусім супакоены. Не можа быць, ведаю.Але ж я сам бачыў.– Хадзем, – вельмі ціха сказаў Хілінскі.Я ведаў, што толькі ў яго не было скептычнага недаверу (як у Шчукі, Велінца і Шаблыкі), паэтычнай здатнасці верыць, якая больш за жаданне верыць у неверагоднае (як у Змагіцеля) і забабоннай веры Мультана і Вячоркі (“Цалкам магчыма. Янку Целюку аднойчы патрызнілася, ды і я нешта такое бачыў”).