Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Толькі ў ім быў несапсуты ніякімі меркаваннямі і акалічнасцямі просты давер да мяне. Давер, які перш за ўсё прагнуў праверыць, а што там робіцца на самай справе.Давер, які і ёсць фундамент усякага навуковага і ненавуковага поступу. Той давер, які не дазволіў Марыну Гетальдзічу смяяцца з вопыту Марка Антонія дэ Дамініса над лінзамі і геаметрычнай оптыкай, а Галілею не дазволіў узяць пад сумненне навуковую сумленнасць абодвух (аж да разгадкі імі таямніцы “божага моста”, “брамы новага свету”, вясёлкі), прадоўжыць іхнія доследы і ўрэшце стварыць і ўдасканаліць тэлескоп .Гэты верыў і ведаў, што калі я так кажу, то “нешта напэўна было, а вось што – трэба памацаць”.Наша кампанія, што якраз уваходзіла ў цёмны тунель брамнай аркі, збоку, відаць, моцна нагадвала “Начны дазор” Рэмбранта. Такія сабе нашчадкі кашчавых гёзаў, крыху ацяжэлыя гараджане з прэтэнзіяй на ваяўнічасць і мужнасць (гэта дзеля прыгажунечак, якія глядзяць на іх праз шчыліны ў аканіцах).Двор, заліты святлом, цёмныя галерэі-гульбішчы на супрацьлеглым уваходу ягоным баку, грузлыя гмахі вежаў моцна паадбавілі гэтай ваяўнічасці, прымусілі ўсіх змоўкнуць і рухацца ўсё павольней, а пасля і наогул спыніцца.Толькі Шчука, зваліўшы нейкую бляшанку, чартыхнуўся:– Ну, давядзецца ўзяць за бакі Альшанскага, цяперашняга, вядома, што ён такое паскудства тут развёў. Накласці на яго, чорта, штраф. І не з калгаснай кішэні, а з асабістай. Тады заспявае.Астатнія стаялі моўчкі. Нічога не адбывалася.– Ну дзе ж тут твае “прывіды”? – з гумарам спытаў старшына Велінец.Я зірнуў на гадзіннік і ўзняў вочы ў неба.– Калі я маю рацыю – павінны дачакацца.– Да заўтра чакаць? – спытаў ён. – Вось чалавек, які з ягоным ды цярпеннем памылку зрабіў, не пайшоўшы да нас.– Пайшоў амаль, – буркнуў я. – Нічога добрага з гэтага не атрымалася.– Колькі яшчэ чакаць? – гэта быў ужо Вячорка.– А я нікога не прымушаю чакаць, Мікола Чэсевіч.Хілінскі моўчкі дакрануўся да майго локця.– Павінна быць вось-вось. Калі я не памыляюся, – шэптам адказаў я.– Унь, – амаль прасвістаў глоткай Мультан, – унь замільгацела нешта.На левым баку галерэі сапраўды нібы ўзнікла, заварушылася нешта. А пасля выявіліся і амаль невідочна для вока паплылі ўправа два невыразныя цені: цёмны і святлейшы.– Яны, – здушаным голасам сказаў Хілінскі.Гэта сапраўды здзіўляла, і ўражвала, і магло да паўсмерці спалохаць непадрыхтаванага.Плывуць... Плывуць. Заліты фантастычным прывідным святлом двор. Два светлыя муры і вежы, што ў гэтым святле прыдбалі колер абгарэлага і запыленага чыгуну. І два муры чорныя і асабліва льсняна-чорная цемра на галерэі, і ў цемры гэтай рухаюцца дзве здані. Светлая постаць, цёмная, і аддзяляе яе ад астатняй цемры вузкая палоска святла.– Не рухайцеся!Я кінуўся амаль бегма да правага ўзыходу на гульбішча, узбег па ім і рушыў насустрач невыразна цьмяным праявам.Бліжэй... Бліжэй... І раптам яны зніклі. Тут жа ля мяне. Не здані і не прывіды, проста дзве плямы, што ператварыліся ў невідзімак.– Яны зніклі, – даляцеў з двара голас Шчукі. – Але ты, ты асветлены, Антоне.Я ўскінуў галаву і замёр, ледзь не аслеплены.Ад званіцы касцёла, ад дыска дзыгара клалася проста мне на цела і аблічча, біла ў вочы жарало, сноп рэзкага, яскрава-блакітнага святла.– Сюды! Хутчэй.Я пачуў тупат ног. Праз хвіліну людзі ўсе ўжо былі на галерэі.