Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Калі падчас маёй адсутнасці нехта і зробіць дакладны вобыск, то чорта ператрасе ўсе выпадковыя кнігі. А калі ва ўсе адразу, то палез бы хіба адзін я, балван, дый тое наўрад.Пры гэтым я ўспомніў, як зайшоў аднойчы з сябрамі да знаёмага, таленавітага лайдака, і ўбачылі мы, што вакол кніжны развал, а гаспадар ліхаманкава гартае нейкі том.– Ну вось табе. А мы хацелі табе прапанаваць па піва збегаць... А ты... Ды, відаць, ты працаваць пачаў.– Э-э, – з прыкрасцю адмахнуўся ён. – Не ў тым справа. Вось схаваў ад жонкі сто рублёў у кнігу, дый забыўся, у якую.Рагаталі мы тады ўсе, як гіены.Роўна ў восем я ашчаслівіў суседа сваім візітам. І адчуваў бы сябе зусім добра, каб не ўбачыў на тахце побач са Шчукам яшчэ й лейтэнанта Клепчу, якога я па вядомай прычыне не паважаў і паважаць надалей не збіраўся. Цярпець не магу “няўхільнасці”, “праніклівасці” і адкрытага любавання сабою. Ды і ўвогуле ён тупак.Хілінскі, паставіўшы на стол шклянкі, разеткі, вазачкі з трыма рознымі варэннямі і іншае такое, разліваў зараз гарачы, амаль чорны з адлівам у бардовае чай.– Слухай, можа, ты спачатку пад’еў бы чаго? Кураня ёсць халоднае, можна падагрэць. Аліўкі.– Ды не, сыты.– Тады пі чай. Расказвай.– Толькі занадта ў псіхалогію не лезь, – сказаў Шчука. – Гэтая дама ў нас рэдка начуе.Я расказаў пра ўсё, што паспеў зведаць. Баюся, што балбатаў досыць доўга і бязладна, але яны слухалі ўважліва.– Скончыў? – спытаў урэшце Шчука. – Наконт тых, што расстралялі, – вось гэта цікава. Ведалі мы пра расстрэл, а пра абставіны, якія яму спадарожнічалі, на жаль, мала. Наконт пакарання смерцю брата Высоцкага за падполле – таксама не ведаем нічога. Прозвішча толькі – Уладак Высоцкі. А пра таго, каго на смерць палякі ў трыццаць дзевятым асудзілі – ну пра гэта таксама ненашмат болей ведаем.– Архіў згарэў, – сказаў Хілінскі. – Але чуткі, што забіты быў правакатар, – яны былі. Вось партрэт таго, Крыштофа.– Крыху падобныя, – сказаў я. – Вы не маглі б мне зрабіць копію?– Бяры, – сказаў Шчука. – Гэта і ёсць копія. Кепская. Бо і фатаграфія была кепская... А яшчэ бярыце вось гэта. Ледзь адшукаў.Гэта было некалькі газет, парудзелых ад старасці і пацёртых на сугібах. І адразу ў вочы кінуліся занадта буйныя загалоўкі (ясна, для напаўмяшчанскага тады Кладна гэта была сенсацыя, выбух бомбы).Загалоўкі крычалі, абяцаючы раскрыццё злачынства ў вячэрніх ці заўтрашніх нумарах. Тых, на жаль, не было.– Забойца спайманы!– Двайнік пойдзе пад суд! (Гэта яшчэ што? Які да ліха двайнік?)– “Ён забіў асведаміцеля”, – кажа памочнік пракурора.– Меркаванні ці праўда?– Чытайце ў наступным нумары!Наступных нумароў не было.– Іх і не магло быць, – зразумеў Шчука мой непаразумелы позірк. – Праз два ці тры тыдні немцы зрабілі правакацыю на радыёстанцыі Гляйвіц. Што гэта азначала?– Вайну з Польшчай.– І не толькі. Гэта яшчэ і бамбёжка Кладна, і наш паход на Заходнюю Беларусь, і два разы, ды не, наконт Кладна – чатыры агнявыя валы. Франты. І горад гарэў, і архіў згарэў. А часткова, можа, пабралі немцы. А астатняе спалілі. Увесь квартал вакол архіва выгараў.– Адкуль жа тады ведаюць пра страту Крыштофа?– Дзве адхіленыя апеляцыі аб памілаванні, – сказаў Хілінскі. – Кажуць, занадта жорстка забіў, калі нават правакатара. Ну і прамільгнула ў некаторых газетах і штотыднёвіках звестка, што прысуд выкананы. Не ведаю ўжо, хто іх на грані вайны інфармаваў. Я помню толькі нататкі ў часопісах “Gazeta Polska”, “Polska zbrоjna” (ну, гэта санацыйныя подціркі), ды яшчэ ў “Czas’e” (гэта кансерватысты кракаўскія). У газетах колькі ні шукаў – не знайшоў.