Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– А ў пазнейшых?– Пазнейшых не было. Беларуская прэса ў Заходняй толькі стваралася, і рукі не даходзілі, каб пра старое барабаніць. Пра новае трэба было гаварыць. Ну, а акупанты ліквідавалі ўсю польскую прэсу. Толькі пасля пачала з’яўляцца прэса “gadzinowa”. А падпольная прэса хаця і пачала існаваць ужо з кастрычніка 1939-га, але і ёй да справы Крыштофа Высоцкага было... Вось, займіцеся вы гэтым.І тут упершыню падаў голас Клепча:– Папрацуйце з гэтым. Гісторыка-рэвалюцыйнае мінулае – цікавая штука. І дужа карысная. Выхоўвае людзей... Моладзь... У духу, так бы мовіць...Шчука зморшчыўся:– Чорт вас ведае, Якубе, як вы любую думку, нават самую правільную, адным сваім стылем, адной казёншчынай здатны спаскудзіць і апошліць.Клепча чамусьці на мяне, а не на Шчуку пакасіўся з яўнай варожасцю. Я думаў таму, што графічны аналіз давёў, што не маім почыркам была напісана запіска, якая выбавіла Мар’яна з дому насустрач смерці, а тым самым і гіпотэза Клепчава была падсечаная пад корань і пляснулася ў багно. Шчука неўпрыкметна падміргнуў мне.Клепча, на шчасце, хутка пайшоў. Мы некаторы час досыць прыгнечана маўчалі. Урэшце Шчука сказаў:– Ты, Адаме, тэкст адной афіцэрскай атэстацыі ведаеш? Праўдзівай, хай мне ў Аўстралію праваліцца... Хочаш, павесялю?– Ну. Валі.- Дык вось: “За время службы показал себя как грамотный, но недостаточно дисциплинированный офицер. Как летчик подготовлен хорошо. Летных происшествий и предпосылок к ним не имеет. В общественной жизни никакого участия не принимает. Уставы и наставления… знает хорошо, но в повседневной жизни ими не руководствуется, т.к. нарушает воинскую дисциплину. Имелись случаи самовольного ухода со службы. По характеру упрям. На замечания реагирует болезненно. В обращении с товарищами и старшими вежлив. В быту опрятен, по внешнему виду аккуратен. В вопросах внутренней и внешней политики… разбирается правильно. Государственную и военную тайну хранить умеет.Вывод: Занимаемой должности соответствует”.Памаўчаў.– Ну дык “соответствует ли Клепча занимаемой должности…”?– Ну павесяліў ты нас, – сказаў Хілінскі.– Улічы, сапраўдны дакумент.– Дык вось, шаноўны Андрэй Арсенцевіч, – сказаў Адам, – характарыстыка крыху кульгае. Не зусім ён такі. Не лётчык. Дастаткова дысцыплінаваны. У грамадскім жыцці прымае ўдзел (нават там, дзе не патрабуюць). У паўсядзённым жыцці ўставамі і настаўленнямі карыстаецца (па літары, а не па духу іхняму) занадта старанна, аж нудзіць хочацца. Дысцыпліну не парушае. У самаволку не ходзіць. Упарты, але з дужа старэйшымі падатлівы. На разумныя заўвагі аніяк не рэагуе... “Занимаемой должности”... Ох, давядзецца табе, дружа, узяцца за яго, бо іначай ён такіх дроў наламае, што трэскі паляцяць... А ты што скажаш, Косміч?Я не хацеў, каб маю шчырую думку палічылі за асабістую непрыхільнасць, і таму адказаў унікліва: – Гаворыць газетнымі штампамі, але на самай справе больш разумны, але нават па выгляду не здаецца, што распявае раніцай у туалеце розныя там... харалы.Адсмяяліся. Пасля я спытаў:– Дык хто быў той, забіты? Ну “правакатар” той? Ці асведаміцель, як яго?– Сын палясоўшчыка аднекуль з-пад Замшан, – адказаў Шчука.– Гэта пятнаццаць кіламетраў ад Альшан?– Ну так.– Мала надзеі занайсці, – падумаўшы, сказаў я. – Колькіх палясоўшчыкаў у вёскі перасялілі, на іншае месца перавялі. А колькіх немцы расстралялі. Верагоднасць сустрэчы – нуль... Але паспрабаваць трэба.