1 2

Як звяргаюцца ідалы

Нарэшце дарослыя заўважылі гэта і сталі выносіць малое на вуліцу пад час работы страхоцця, але адразу, з усёй жорсткасцю дарослых, выкарысталі гэты страх. Прывід Пыласоса вісеў над Алёнкай і тут. Захочацца пайсці ў кусты і надзерці там поўныя жмені зялёных парэчак – і адразу ж гучыць грозны голас: – Нельга. Пыласос!!! Вочы яе адразу акругляюцца і застываюць. Рукі з ружовымі танюсенькімі пальцамі закладваюцца за спіну і там шаруюцца адна аб адну. Яна паварочваецца і непаслухмянымі губамі паўтарае: – Там... пасёсь. І глядзіць на маці вялізнымі вачыма. Гэтыя вочы так нагадваюць дзядзьку другія вочы, што ён увесь уздрыгвае ад глыбокага і цёплага прыліву пяшчоты. Потым адбываецца размова з сястрой: – Не смей яе палохаць. – А ты сам тады глядзі за ёю ўвесь дзень. На ёй скура гарыць. – Ну і дзякуй Богу. Можа, я гэтых парэчак не еў у дзяцінстве? Або ты? Усе гэтыя твае стрэптакокі – у стэрыльных бальніцах. А там, дзе бабы на полі бульбу капаюць, – аб іх і не чулі. – Не ты ёй маці, а я. Мне і меркаваць. Дзядзька маўкліва згаджаецца з бясспрэчнай ісцінай. І зноў цэлымі днямі гучыць над дзіцёнкам імя страхоцця. – Не хадзі туды, не рабі гэтага, не рві таго! – Пыласос! Пыласос!! Пыласос!!! Проста невыносна. Дарослы – і той бы з’ехаў з глузду ад такога, а тут жа маляўка. Дзядзька сядзіць і думае. У кожнага ёсць свой Пыласос. І гэты Пыласос робіць з разумнай, гордай, прыгожай істоты, створанай для радасці і мастацтва, – пакорлівую жывёліну. А сад такі гожы, столькі ў ім нябачных пладоў, столькі хмызнякоў і травяных зараснікаў. Ідзі па ім, тупай пакуль яшчэ слабымі нагамі. А ягады такія празрыстыя, такія сагрэтыя сонцам. Сонца пранізвае іх навылёт, нараджаючы ў каламутнай глыбіні невыразныя контуры семачак. Куст кліча да сябе, як дрэва пазнання. Ідзі ж, ідзі! – Пыласос!!! І закладваюцца назад рукі. А родныя вочы, сінія – як у той – застываюць. Напэўна, і тую, іншую, многа палохалі. Якіх жа намаганняў каштавала ёй вырасці такой, як яна ёсць! І вось аднойчы, калі брат і сястра сядзяць поруч і брат выказвае свае невясёлыя думкі, з-за вугла дома выплывае касалапым упэўненым крокам круглая Алёнка. Жывот – наперад, рукі за спіною, на тварыку стрыманы і прытворна раўнадушны выраз. Яна тупае гаспадарскім, паважным крокам. Вось падышла зусім блізка да маці, паклала ёй на калені кулачкі, расшчапіла іх. На яе далонях ляжыць дзесятак зялёных парэчак. І адразу яе мордачка робіцца круцельская, хітрая. – Мама. Пасёсь. І тут дзядзька не вытрымлівае. Ён хапае яе на рукі і шалёна цалуе ў брудныя лапкі, у шчокі, у хітрыя вочы. – Дачушка ты мая! Дзіця ты маё чалавечае!

1 2