Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Паскупiўся, – сказаў Кандрат. – Усе вы, спевакi, такiя. Што поп, што ты.Памачаў свой кавалак ў малако i даў сучцы. Тая стала есцi, прыцiсну ў шы вушы на круглай, як гарбуз, галаве.– Сёння смехата была, – сказаў Кандрат. – Звончыкаву хату вада ўсе яшчэ трымае. Дык яны човен прымайстравалi. Нават у хмызы на iм ездзяць. Я з ворыва каня павёў паiць. Аж гляджу, Звончыкава старая выходзiць з хаты проста ў човен i пачынае пхацца да хмызоў. А вецер сустрэчны, моцны. Гаравала яна, гаравала. Потым гляджу, пастаяла хвiлiну ў чоўне i пачала пхацца назад, у хату.– Iдзi ты, – адмахнулася, смеючыся, Марыля. – Брэшаш ты ўсё.Алесь таксама смяяўся, але сядзець вось так апошнi раз за iхняй вячэрай было цяжка. Апошнi раз каганец, апошняя лучына, апошняя добрая ўсмешка на аблiччы Марылi.– Мацуйцеся, – сказала Марыля, ставячы яму i Паўлюку мiску кулагi. – Сёння на начлег паедзеце.I таму, што гэта быў апошнi начлег, Алесь пракаутну ў цяжкi камяк.Кандрат вырашыў ратаваць становiшча i сказаў першае, што прыйшло ў галаву:– Кулага гэтая... Колерам як мядзведзь н... I адразу аб ягоны лоб гучна лузнула дзедава лыжка.– Прыемнага апетыту, – сказаў Кандрат, пацiраючы лоб.Тут засмяяўся нават дзед. I ўсе засмяялiся. А ўжо Алесь галасней за ўсiх. I адразу ж з яго вачэй пырснулi слёзы. Выцiраючы iх, ён сказаў глуха:– Няўжо вы хочаце мяне аддаць, бацька Мiхал? Або, можа, вам сапраўды цяжка, а пакормнае i дзядзькавое, пакуль не аддасцё мяне, не належыцца?Мiхал устаў i паклаў руку яму на галаву.– Гары яно гарам i дзядзькавое тое i пакорм¬нае, – i, махнуушы рукой, пайшоў да дзвярэй.Алесь звярнуўся да адзiнага, хто яшчэ заставаўся, да дзеда:– Я не хачу туды.– Ну i што? – жорстка сказаў дзед. – Мужыком будзеш? Не, брат, ад гэтага нам карысцi мала. Ды i табе. Ты лепей добры да ўсiх будзь, хлопчык.Марыля падышла да Алеся:– Ну пакiнь... Што ўжо... Бацькi ўсе ж яны... А ты да нас прыязджаць будзеш... Будзеце з Паўлючком рыбу лавiць...– Пакiньце, – сказаў раптам негаваркi Андрэй. – Яму ад вашых слоў яшчэ горш плакаць хочацца. Хай ён лепей з Паўлам на начлег едзе.Павярнуў Алеся да сябе i зiрнуў на яго:– А хочаш, i я з вамi паеду?– На чым гэта ты паедзеш? – спытаў дзед. – На кiйку верхам?– Не, – сказаў Андрэй. – Я каня ў Кахноў вазьму. Iм яшчэ лягчэй. Не трэба Петрусю ехаць.– Вядома, няхай возьме, – з палёгкаю, заўсёдным сваiм грубаватым голасам сказаў Кандрат. – Бадай што, i я паеду. Усё адно ж i кабылку Кахнову браць давядзецца.– Добра, – сказаў Алесь, уздыхнуўшы. – Паедзем тады ўжо.Ён зразумеў нарэшце, што ўсё гэта марна, што нiчога не зробiш, i заўтра яму давядзецца пакiнуць гэтую хату....Яны выехалi з двара, калi дзед залез ужо на печ, а Мiхал пайшоў спаць у адрыну. Адна Марыля цёмным высокiм ценем стаяла ля варот, быццам праводзячы хлопцаў бог ведае ў якую дарогу. Наперадзе ехаў на мышастым Кахновым канi Андрэй. Ехаў, высока закiнуўшы галаву.За iм на цiсавай Кахновай кабылцы, неяк бокам, па-залiхвацку, ехаў Кандрат. Кабылка няспешна трухала i часам, быццам адчуваючы вiльготны водар далёкiх паплавоў, шумна пырхала мяккiмi ноздрамi.За старэйшымi братамi ехалi побач, нага да нагi, Павал i Алесь. Павал на сплова-стракатым жарэбчыку, Алесь на спакойнай белай кабыле. Конскiя капыты з мяккiм плясканнем паглыблялiся ў цёплы пыл вулiцы.Вёска ўжо засыпала. Рэдка-рэдка ў якiм акне свяцiў, як памiраў, ружовы агеньчык. У схаладнелым паветры гучна разлягаўся недзе далёка сабачы брэх. З дубовых шатаў на могiлках гучаў часам неўразумелы крык дрэўнага жабяняцi-квакшы. Больш нiчога.