Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Конь быў вараны. Пад iльснянай скурай пералiваўся кожны мускул. Цуглi адцягвалi маленькую галаву трохi ўбок, i дзiка бялеў у цемры бялок вока, падобны на аблупленае яйка. А коннiк сядзеў на канi, i дарожны плашч, таксама чорны, падаў з яго плячэй на крыж каня ледзь не па самую рэпiцу хваста. Доўгi чорны плашч. Як абвiслыя вялiзныя крылы.– Добра спяваеш, хлопчык, – сказаў чалавек, усмiхнуўшыся.Алесь бадай што перапалохана глядзеў на яго. Больш страшнага твару яму яшчэ нiколi не даводзiлася бачыць. Шырокi i загарэлы ледзь не да гарчычнага адцення, ён увесь быў папаласаваны i зрэзаны страшнымі шнарамi1, якiя толькi нейкiм дзiвам не закранулi носа i вачэй. Тоўстага гарбатага носа i бязлiтасных блакiтных вачэй пад чорнымi брывамi. Вусы былi таксама чорныя i доўгiя, але нават яны не маглi схаваць ганарыстых, напышлiва падцiснутых вуснаў. А вось чорныя кудлы на галаве нехта густа перавiў сiвым павуцiннем. Павуцiнне ляжала цэлымi жмутамi, чаргуючыся з чорнымi пасмамi, i падала на плечы коннiка, на каўнер карычневага паляўнiчага адзення, калiсьцi багатага, а цяпер пацёртага i там-сям нават запэцканага.Вышываныя саквы2 , якiя носяць аўчары, былi перакiнуты спераду цераз збялелую ад часу скуру сядла. З адной саквы, ля самай рукi, што сцiскала павады, тырчала дзяржальна пiсталета, вiдаць, вельмi дарагога, панскага.– Добра спяваеш, хлопчык, – паўтарыў чалавек.Алесь устаў. Ужо каму iншаму, а яму не выпадае цяпер хаваць вочы толькi таму, што другi сядзiць на панскiм канi.– Хто вы? – спытаў ён больш цiха. Чалавек не адказаў. Проста працягнуў руку i кончыкам нагайкi прыўзняў падбароддзе хлопца.– У зрэб’i, – сказаў ён. – Але гэта не тое. Памаўчаў i ўладна спытаў:– Чый?– Загорскi, – адказаў замест Алеся Андрэй,– Гм, – усмiхнуўся чалавек, – не вывеўся, значыць, яшчэ звычай. Што ж, Загорскiя, пазней трапiце да д’ябла ў лапы.I, жорстка ўсмiхнуўшыся, дадаў:– Не думаў, што ў некаторых хрыбцiна ёсць... Хлопцы маўчалi, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго. Маўчаў i чалавек.– Хто скажа, як праехаць на Раўбiчы? – сказаў ён нарэшце. – Разводдзi, дарогу там-сям залiло. Блытаў паплавамi.Дзецi вагалiся.— Ну? – сказаў чалавек. – I тады Алесь узняў руку.– Туды, – сказаў ён. – Проста туды, цераз паплавы.– Бачыце, iскра, – дадаў Андрэй, – дык гэта якраз акно ў Раўбiчавым доме.– Акно ў Раўбiчавым доме, – пакiваў галавою чалавек. – Важна. Што ж, буду кiравацца туды... А ты спявай, хлопчык. Спяваць добра... Спявай, пакуль даюць.Ён рушыў каня i пачаў агiнаць вогнiшча, але раптам спынiўся. I на твары яго Алесь пабачыў няўмелую i таму нават вартую жалю ўсмешку.– Гэй, – няголасна сказаў ён, – гэта вам.I, дастаўшы з сакваў, кiнуў да ног Алеся... змяю. Змяя варухнулася пару разоў i замерла.Алесь не адскочыў. Яму ўпершыню вось так падымалi нагайкай галаву. З хвiлiну ён i коннiк глядзелi адзiн аднаму ў вочы. Потым чорны адвярнуўся i шэнкелямi крануў каня з месца.Праз якую хвiлiну i каня i коннiка паглынула цемра. Быццам iх нiколi i не было. Быццам змрок нарадзiў iх i змрок адразу ж забраў.

Дзецi яшчэ нейкую хвiлiну стаялi аслупянелыя i глядзелi ў цемрыва. Потым Алесь нагнуўся.– Укусiць, – з жахам сказаў Павёлка. – Не бяры яе.Алесь адмахнуўся i падняў змяю, трымаючы каля галавы.Падышоў да вогнiшча. I толькi тут Кандрат здзiўлена цмокнуў языком.Змяя была вырабам. З тых вырабаў, што майструюць людзi, якiм вельмi доўга i люта няма чаго рабiць. З доўгай цэльнай палкi, рассечаная амаль наскрозь глыбокiмi выразамi – праз кожную чвэрць дзюйма – i ўмацаваная па баках, спiне i жываце жыламi на ўсю даўжыню, яна нават пафарбаваная была. Спiна i бакi стракатыя, жывот жоўты. Сям-там бакi i разяўленая пачала былi крануты густым кармiнам.