Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Хлопец варухнуў рукою, i змяя начала выгiнацца, зусiм як жывая.Падабенства было такое поўнае, што Павал грэблiва сыкнуў.– Дай, – кiнуў Алесю Андрэй. Яны зноў паселi вакол вогнiшча i пачалi разглядаць пачвару.– Нават джала ёсць, – сказаў Кандрат. – I вочы. Во, поскудзь!Андрэй круцiў змяю ў руках. Потым плюнуў i кiнуў яе ў агонь. Жылы, вiдаць, сталi карабацiцца, бо змяя зноў пачала выкручвацца i вiцца, на гэты раз сама. Драпежна ўздымала галаву i ледзь не ставала на хвост.– Нашто ты яе? – спытаў Кандрат. – Можна было б суседскiх дзевак пужаць.– Ды яе ў рукi ўзяць гiдка, – азваўся Павал.– I гэта, – уголас падумаў Андрэй. – Ды яшчэ i невядома, што за чалавек. Чорны ўвесь. А конь злы, як д’ябал.Змяя ўсё яшчэ выгiналася, ахопленая агнём.– Не, хлопцы, – пераканана сказаў Андрэй. – З Раўбiчам нешта не тое. Можа, гэты якраз па яго душу ехаў. Нездарма на ягоны агонь кiраваўся... Тут ужо добрага не чакай, калi па начах такiя шныраць вакол па балоце i з акон вачэй не зводзяць... Прыедзе вось такi – уночы, – абдыме гаспадара, i знiкнуць абодва... Вы глядзiце, не кажыце пра гэта нiкому, а то поп эпiцiм’ямi замучыць.Кандрат сеў на кукiшкi i пачаў разграбаць жар, а потым прысак.– Гатова, – сказаў ён, выкочваючы на траву адну бульбiну за другой. – I плюньце вы, хлопчыкi, на гэтыя пабрахенькi. Страшна будзе да ветру ў хмызы схадзiць. Ешце во лепей.I першы абскроб бульбiну аж да ружовай лушпайкi, разламаў, – пара так i павалiла з сопкага разлому, – i, ашчадна пасалiўшы, пачаў есцi.Елi бульбу з тонкiмi скрылёчкамi сала. Бульба была смачная, i таму ва ўсiх аж за вушамi трашчала, так намiналi. Павал дык той, наогул, не трацiў часу, каб аскрабаць, i таму увесь рот у яго быў чорны, як у злога сабакi.– А ты не кажы, – сказаў нарэшце Андрэй. – Пабрахенькi-пабрахенькi, а такiя вось, як гэты, балотныя паны ча-аста па начах лётаюць. Гаўрыла з Драгавiчаў манiў, думаеш?– А я i не чуў нiчога, што ён там баяў, – сказаў Кандрат.— Дык ты скажы, Андрэйка, –• папрасiў Павал. Андрэй кашлянуў, збiраючыся з думкамi.– Гаўрыла гэты з панскага дазволу палюе. Калi там старому Загорскаму-Вежы качкi спатрэ6iцца цi яшчэ што, дык Гаўрылу кажуць. I вось пайшоў ён раз у пушчу i заблудзiў. Бачыць, што да ранiцы ўсё адно дарогi не знойдзе, i вырашыў начаваць. А багна вакол, дык ён выбраў сухое месца, расклаў на iм цяпло i сядзiць, грэецца. Пачаў быў ужо драмаць. Аж тут бяжыць з цемры нейкi ягамосць, худы, вёрткi i тварам цемнаваты. “Як ты, мужык, смееш на панскiм шляху вогнiшча палiць?! Тут паны хутка будуць ехаць!” “Паночак, – узмалiўся Гаўрыла, – якая тут табе дарога, калi адно багнiшча ўсюдых. Жыватом хутчэй наложыш, чым канем праедзеш”. Той i слухаць не стаў, параскiдаў у багну галавешкi, аж тьrя засычэлi толькi, а сам пабег далей. Гаўрыла стаiць i чакае. Во, думае, напасць. Вiсус нейкi, басурман, жартаваць надумаў з хрысцiянскай душы. А потым чуе: тупочуць капыты, вiшчаць колы. Кацiць карэта шасцерыком, вакол яе конныя. А зверху на карэце паля прывязана. Крык, рогат, конi ржуць. А паны, – i у карэце, i на конях, – усе чорныя, акурат як тэты, са змяёю. Твары цёмныя, валасы чорныя, вопратка чорная з золатам. I карэта чорная. “Набок, мужык!” – крычаць. Тут Гаўрыла i зразумеў: балотныя паны. Кацяць па дрыгве, як па сухiм. Гарэзнiкi! I так цэлымi начамi ганяць будуць. Але Гаўрылу губляць няма чаго: яшчэ, можа, i ўдзень з дрыгвы не выйдзеш. Дык ён пачаў прасiць: “Мае вы паночкi, мае галубочкi, пакажыце дарогу, як мне выйсцi. Заблукаў”. Тыя рагочуць: “Чапляйся ззаду за карэту”. Гаўрыла падчапiўся – як памчалiся яны. Памчалi, як куля. Грукат, дрэвы паабапал валяцца, рогат. Блiзка-далёка-вузка-шырока i вышэй, вышэй. Дух заняло. Зоры вось-вось нiжэй колаў будуць. I тут якраз над галавою галiна высокага дрэва. Ён – цуп за яе! Карэта з-пад ног iрванула i памчалася далей. Толькi хурман зарагатаў i крыкнуў: “Ну, маеш шчасце!” – ды канцом доўгай пугi – мiж вушэй. Гаўрыла заверашчаў, але галiны не адпусцiў. Трымаецца, крычыць гвалту. А далей агледзеўся – аж гэта ён у сваiм двары, вiсiць на перакладзiне, на сваiх варотах. Жонка з хаты выходзiць. Якраз першыя пеўнi. I жонка яму кажа: “Звечара, – кажа, – прапаў, халера. Чаго ты туды палез, чаго ты гарлаеш, чаго лопаiссi, п’янюга?”