Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Выбiцкаму да слёз шкада хлапчука.Так яны едуць i едуць. А вакол рунь, рунь i рунь....Пан Адам Выбiцкi яшчэ шэсць год назад ледзь не памiраў з голаду разам з бацькамi. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такiх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час....Нават год яго нараджэння быў годам чорнага недароду. А потым пайшло i пайшло. Чатыры галодныя гады, з дваццатага па дваццаць чацвёрты. Год адпачынку. А потым пяць год страшнай пошасцi на худобу, калi па ўсiм Прыдняпроўi ледзь засталася дзесятая частка коней i iншай худобы. Каб не кончыцца наглай смерцю, давялося прадаць восем дзесяцiн зямлi з дзесяцi. Ды i апошнюю няма чым было абнасенiць, i яна зарастала гiрсаю, i асотам, i, ад вялiкай кiслаты, хвашчом. У дваццаць чатыры гады Адаму было ўжо так, што хоць у кавалкi iдзi. Тут яго i падабраў Юры Загорскi. Аканомам хлопца прызначаць было рана, i таму пан зрабiў яго чымсьцi накшталт фактара i перакупшчыка, з пенсiяй трыццаць рублёў месячных ды яшчэ з панскiм жыллём, вопраткай i ежай. З таго часу Выбiцкi ног пад сабою ад радасцi не адчуваў. Фактар з яго быў нявопытны, але рухавы i, галоўнае, бездакорна сумленны, капейкi пад ногаць не зацiсне. I таму Загорскi прывык да яго i адпускаць не хацеў.I вось зараз яны ехалi ў панскiм кабрыялеце, белы, як апошнi мужык, шэравокi панiч i Выбiцкi, гарбаносы i кашчавы, ушчэнт спалены сонцам, але са старанна дагледжанымi вусiкамi. Ехалi моўчкi, насцярожаныя адзiн да аднаго.– Што ж, цi падабалася там панiчу? – спытаў нарэшце Выбiцкi.– Вельмi.– То ж бачыў я, што тая хлопка так плакала, быццам роднага сына за свет вязуць.– Яна не хлопка. Яна Марыля, другая мацi мне. Пан Адам пакруцiў галавою. – За што ж гэта вы iх так паважаеце, панiч?– Бо яны працуюць, як Адам i Ева, – завучана сказаў хлопец. – Аруць зямлю i прадуць лён. Выбiцкi ўздыхнуў:– Э-эх, панiч. Прайшоў той час, калi на зямлi былi толькi Адам i Эва. Прайшоў i не вернецца. Цяпер над Адамам i Эвай цар, потым губернатар, потым ваш ойцец, а потым я, паўпанак.На вуснах яго з’явiлася iранiчная ўсмешка.– А яны з усiх нас пасмейваюцца, бо нiчога больш не могуць зрабiць. Пра цара не чуў, а губернатара, як яны кажуць, кулагай аблiлi. Князь, па iхняму прыслоўю, “лярва, хоць i ў барве”. А я, наогул, “цi пан сам пан, цi пан у пана служыць?”. “На назе бот рыпiць, а ў гаршку трасца кiпiць”. Так што нiколi вам, панiч, не быць мужыком, а мужыку не быць панам. I таму час вам забыць аб тым, што вы гулялi з хлопскiмi дзецьмi ў цыркi1. Час вучыцца панаваць... Нiколi iм, на жаль, не быць вольнымі, як старапольская шляхта. Заўсёды над iмi будзе прыгон. Чалавек гэта такая халера што прыдумае...– А белае жарабя? – спытаў Алесь i схаладнеў ад самага нутра, бо зразумеў, што ледзь не ляпнуў лiшняе.– Якое белае жарабя? – спытаў пан Адам, уважна гледзячы на Алеся.– Камень унь у яры, – няспрытна выкруцiўся Алесь. – Ляжыць у траве, як белае жарабя.– А-а, – сказаў абыякава Выбiцкi. – Дык гэта, панiч, хутчэй на белую авечку падобна...Вочы ягоныя амаль зусiм непрыкметна смяялiся.– Дык, значыць, вучылi вас там, панiч?– Вучылi.– То i добра. Прынамсi, не зблытаеце льну з пшанiцай.Абодва зноў маўчалi. Цёплы ветрык павяваў у твары, кабрыялет мякка пагойдвала. Пасля амаль бяссоннай ночы Алеся хiлiла ў сон, i ўрэшце ён задрамаў......Не было ўжо нi рунi, нi жаўранкаў над ёю, нi сонца. Была ноч, i туман, i доўгiя конскiя шыi над белым возерам. Як тады, у начлежнай няпэўнай дрымоце, ён падступаў траха не да ног, гэты туман, i з туману паступова вырасталі, выходзiлi на ўзгорак, як на бераг, дзiўнай прыгажосцi белыя коні. Маўклiвыя белыя конi, якiя павольна перабiралi нагамi. Ён адзiн ляжаў ля напалову згаслага вогнiшча, а конi стаялi вакол яго i часта, пяшчотна схiлялi да яго галовы i дыхалi цёплым i харошым, а iхнiя вочы былi такiя глыбокiя i такiя добрыя, якiя бываюць толькi ў чалавечай мацi, калi яна глядзiць на дзiця... Конi стаялi i журботна, ласкава глядзелi на яго, а памiж iмi стаяла яшчэ мокрае белае жарабя са смешным тоўстым хвастом... I гэта было такое незразумелае шчасце, што Алесь ледзь не заплакаў. А малочны туман збягаў з зямлi, як вада, i ўсюдых былi белыя... белыя... белыя конi...