Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

А потым узяў Акiма роздум. I не тое каб пан цяпер апраўдаў забойцу. Ён задумваўся: як магло здарыцца, якая выгада была пайсцi на такое любаму, ад смерцi бацькам уратаванаму, сыну, адзiнаму спадкаемцу? I, галоўнае, здзiўляла Загорскага тое, што нiхто з аднавяскоўцаў i словам, i мiргам нават не асудзiў Марку. Быццам так i трэба было.Акiм Загорскi ведаў сiлу абставiн. I ведаў: да самай глыбiнi чалавечай душы i таго, што прымусiла яе зрабiць тое цi iншае, не дакапаецца нiколi нiводзiн суд. Не на тое людзi суды выдумалi. Суд – гэта расправа. I гаспадары кожнага суда хочуць толькі, каб расправа была хуткая i не вельмi дарагая.I таму ён аднойчы ноччу з’явiўся у вязнiцу скасаванага за непатрэбнасцю замка. Замак быў двухпавярховы, з сутарэннямi. У вежах новая ўлада размясцiла правiянцкiя склады, а сутарэннi так i заеталiся вязнiцай.Думаў Акiм Загорскi, што пабачыць слiмака, раздушанага цяжарам уласнай вiны, а ўбачыў чалавека, якi нават не хавае вачэй.- Можа, не твая правiна? – сумеўся Загорскi. – Можа, нехта другi?..– Мая правiна, – сказаў Марка. – Мая рука зрабiла, мне i адказваць.– Дык што ж ты тады святым прыкiдваешся?! – ускiпеў пан. – У сабакi вочы пазычыў?!– Вы не крычыце на мяне, – зусiм не па-мужыцку, з гонарам, сказаў закуты. – Нада мною зямнога суда няма. Мяне апраметная чакае. Я душу сваю навек загубiў, i мне ўжо з агню нiколi не выйсцi...Загорскi так нiчога i не дабiўся, пайшоў. I пачаў распытваць у другiх, пераважна ў сваiх жа азярышчанскiх сялян. Доўга нiчога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала. У Акiма валасы ўсталi дыбарам.Нездарма нябожчыка Рамана лiчылi за ведзьмака. Сам Акiм Загорскi такому глупству, вядома, не верыў, але яны, яны ж усё верылi. Ды i як было не верыць, калi Раман лячыў травамі скурапею1 i скулы, упраўляў звiхi, выводзiў цяменнiк, браў на рукi дзяцей з пярэпалахам i глядзеў iм у вочы, i дзецям адразу рабiлася лягчэй.А такiя справы без нячыстай сiлы, вядома, не робяцца. I кожнаму нават самаму разумнаму варажбiту, нават таму, хто не ўжываў сваёй сiлы на злое, даводзiцца пасля смерцi расплачвацца.Прыходзiць такi час, і вядзьмак павiнен залезцi у падпечча, лепей за ўсё ў лазнi. I менавiта так аддаць д’яблу душу. Там i павiнен быў Раман зводзiць з д’яблам апошнюю рахубу. I побач з iм абавязкова мусiў быць сын.Яны i пайшлi ў лазню ўдвух, калi стары адчуў наблiжэнне смерцi.Стары залез у падпечча i доўгi час гаварыў нешта. Мо ўспамiнаў жыццё, а мо трызнiў. Потым апрытомнеў i працягнуў руку, каб сын дапамог яму выбрацца. I вось тут настала самая страшная хвiлiна. Усiм вядома, калi сын возьме бацькаву руку – уся вядзьмарская сiла пяройдзе да яго. А з сiлаю – смерць у падпеччы i тое, што пасля яе. Марка ведаў: ён не можа гэтага. Супраць гэтага было жыццё i словы, якiя ён кожную нядзелю чуў у царкве. Каб жа гэта яшчэ ратавала ад пекла душу старога. Але тэта не ратавала, гэта толькi абяцала пекла яшчэ i яму, Марку, не сёння, дык праз колькi год.I ён не ўзяў рукi, хоць i ведаў, калi не возьме, бацька будзе пакутаваць у падпеччы асаблiва доўга: ноч, дзве, магчыма, нават тры.Ён сядзеў над старым амаль да ранiцы. I той увесь час стагнаў i ўсё часцей i часцей пачынаў нема крычаць. А Марка сядзеў над iм i плакаў ад жалю.Перад свiтаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабiць, пагражала яму, Марку, апраметнай i вечнымі пакутамi, але ж за адну хвiлiну рабiла бацькаву душу вольнай ад кiпцюроў нячыстага.Усе ведалi, што пакутнiцкая смерць, ды яшчэ ад рукi блiзкага, адразу нiшчыць уладу цёмнай сiлы. А хто ж блiжэй Раману, як не ён? Няпiсаны закон загадвае яму даканаць бацьку, каб той не пакутаваў тут i не пакутаваў там. Што ж, ён зробiць гэта. I няхай будзе кепска яму. Марку застанецца радасць, што бацьку добра, i гордасць, што ён зрабiў правiльна.