Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Скажам, i не я, – сказаў пан Юры. – Скажам, бацька мой, i нам нельга было не паслухацца.– Але чаму яго аднаго?– Самадурства. Меў на Алеся вялiкiя надзеi. I ты ведаеш, што ён мне сказаў перад дзядзькаваннем?– Кажы.– “Як шкада, што я не аддаў у дзядзькаванне цябе, Юры. Можа, тады ты, сын, быў бы чалавекам, а не прадметам для царквы i псярнi”.– Гэта я зноў аднавiла ў Загоршчыне царкоўную службу. I ён не любiць цябе... праз мяне.– Кiнь. Глупства.– Ну, а чаму не хоча дзядзькавання для Вацлава?– Баюся, што Вацлаў яму абыякавы.– Другi ўнук?..– Я не хацеў, Антанiда. Я ж толькi сказаў аб легка думнасцi...Мацi ўжо ўсмiхалася:– Дык што ж зробiш, Gеогgеs, калi ты ўсё бачыш еn nоir2.Зноў гаротна задрыжалi яе веi:– Забыў усё. Забыў французскую. А гаварыў, як маленькi парыжанiн... Я прашу цябе, я вельмi прашу, Gеоrgеs, не спускай з яго вачэй, хадзi за iм у першыя днi, бо яму будзе сумна... Ах, жорстка, жорстка гэта было – аддаць!Пан Выбiцкi далiкатна кашлянуў, прастуючы да сходаў, i толькi тут панi Загорская спахапiлася, ускiнула на яго рахманыя вочы:– Прабачце, пан Адам, я была такая няўважлiвая. Вельмi прашу вас – паснедайце разам з намi.– Бардзо мi пшыемне, – пачырванеў Выбiцкi, – але ж прабачце, я зусiм па-дарожнаму.– Ах, нiчога, нiчога... Я вас вельмi прашу, пан Адам.Выбiцкi нiякава палез у кiшэнь па чырвоны фуляр, якi нагадваў невялiчкi абрус.Лёгка i па-англiйску выкацiлi на тэрасу стол на кольцах, прыставiлi яго да накрытага ўжо абедзеннага стала. Матуля начала здымаць накрыўкi з мiсаў.– Накладайце сабе, пан Адам, – сказала мацi. – Вазьмiце курыную пячонку “брашэ”... Бачыце, снедаць будзем па-англiйску. Першыя днi яму будзе нязручна са слугамi, беднаму.Аконам спачувальна крэкнуў, стараючыся зрабiць гэта як мага больш далiкатна i не абразiць тонкага слыху панi.I якраз у гэты момант з’явiўся ў дзвярах Алесь у мярэжанай пад народны густ – сарочцы, сiнiх шальварыках i чырвоных кабцiках2. Менавiта так, на думку панi Антанiды, выглядалi ў свята дзецi багатых сялян, i таму хлопчыку можна было не адчуваць нязручнасцi. Бацька хацеў быў пырснуць у сурвэтку, але стрымаўся, памятаючы нядаўнюю жончыну крыўду. Таму ён толькi паказаў на крэсла побач з сабою.– Сядай, сыне.Алесь, зазвычай такi зграбны, медзведзявата палез на крэсла. Глядзеў на ломкiя абрусы, на старое серабро, на двухзубы iтальянскi вiдэлец, на блакiтны крыштальны келiх, у ломкiх гранях якога драбiлася нейкая янтарная вадкасць.– Што гэта? – амаль без голасу спытаў ён.– “Го-Сатэрн”, – адказаў бацька. – Гэта, брат, такое вiно, што i ты можаш пiць.– Вiна не хачу, ад яго людзi дурныя. Лаюцца.Выбiцкi зморшчыўся ад скрухi, i, убачыўшы гэта, Алесь раптам раззлаваўся. Урэшце, iхняя гэта была вiна. Урэшце, гэта самi яны давялi яго, а цяпер яшчэ ўчынiлi яму гэткае катаванне.Таму ён смела палез падрапанай лапай у хлебны кошычак, палажыў кавалак на сваю талерку i лыжкаю пацягнуўся да бацькавай талеркi, адчуваючы ў сэрцы пачуццё, блiзкае да адчаю.– Еш, еш, сыне, – спакойна адказаў пан Юры. – Мацуйся. Давай мы i табе на талерку пакладзем.Але маленькi зацкаваны мужычок ужо нёс да рота самы вялiкi кавалак. Яму было нязручна, i таму ён успёрся левай далонькай на край стала, а калi ўспёрся – з-пад гэтай далонькi ўпаў на падлогу падрыхтаваны кавалак хлеба.Дзiця начало навольна спаўзаць з крэсла над стол. Спаўзло. Знiкла. А потым з-пад стала з’явiлася сур’ёзная галава.Сурова, з адчуваннем важнасцi моманту, малады князь пацалаваў паднятую з падлогi скiбу i сур’ёзна сказаў: