Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Што вы, князь, – пачырванеў Выбiцкi. – I так бардзо задоволёны. Што мне трэба, я адзiн.– Ну то i добра... Пойдзем, Алесь... Што спачатку, сады або дом?З Алеся было ўжо досыць дома. Трэба было хаця на кароткi час ратавацца. I таму ён сказаў:– Сады.Яны спусцiлiся з тэрасы на круг гонару i заглыбiлiся ў адну з радыяльных алей. Толькi тут Алесь адчуў сябе лепей, бо ўсё вакол было знаёмае: дрэвы, трава ля iхнiх каранёў, жвiр пад нагамi.Некаторы час iшлi моўчкi. Потым бацька, неяк нават вiнавата, сказаў:– Ты любi яе, Алесь... Любi, як я... Яна мацi табе... Ты не глядзi, што яна строгая... Яна, брат, добрая.I яго праставаты прыгожы твар быў такi незвычайны, што Алесь апусцiў вочы:– Буду яе любiць... Што ж, калi ўжо так атрымалася.Бацька павесялеў.– Ну вось, вось i добра... Ты не думай. Вось прыйдзе дзень пастрыжэння ў юнакi. Да гэтага дня будуць цябе, брат, шлiфаваць... з пяском, каб не пляваўся... марцыпанамi. А потым, калi толькi захочаш, будзеш ездзiць i да Кагутоў, i ў суседнiя дамы. Я цябе абмяжоўваць не хачу, не буду. Расцi, як тра¬ва, як бог загадаў. Гэта лепш... Каня табе падару – дык да Азярышча зусiм блiзка будзе, нейкiх дзесяць вёрст. I помнi: ты тут гаспадар, як я. Загадвай. Прывучайся. Я думаю, будзем сябрамi... А за Кагутоў не бойся, будзе iм добра.– Я i цябе буду любiць... бацька.– Ну вось i добра, брат. Хадзем.Алея вывела iх праз парк i пладовы сад да доўгiх шэрых будынкаў пад чарапiцай. Будынкi абкружаў глыбокi роў, зарослы лопухамі i гускай. Пад iх узнятымi парасончыкамi бруiлася вада. Пад’ёмны масток ляжаў над ровам.– Тут псярня i стайнi, – сказаў бацька.На манежнай пляцоўцы ганялi на кордзе коней. Англiчанiн-жакей, даўгазубы i спакойны, як статуя, стаяў на ўзбочыне, паляскваючы лёсачкай па лакавым чобаце. Непарушна прытаiўся з бацькам за руку.– Што новага, пан Крэбс?– Гэты народ... – англiчанiн адвёў убок сiгару, зацiснутую памiж простымі, як алоўкi, пальцамі, – яму б ездзiць па-цыганску, без усякi закон... Сёння засеклася Б’янка.– Можа, яно i лепей, – сказаў бацька, – я заўсёды гаварыў вам, што трэба рыхтаваць на скачкi Змея.– О, но! – запратэставаў англiчанiн. – Но, Змей! Склад Змея не ёсць адпаведны склад. Паглядзiце на яго бабкi. Паглядзiце – Меры яго мацi, – паглядзiце на яе калмыцкую грудастасць i бадай вiслазадасць. Но, но!З манежа збiралiся да iх конюхi. Старшы конюх, Змiцер, абпалены сонцам да таго, што скура лупiлася на носе, як на маладой бульбе, зняў шапку.– Накрыйся, – сказаў бацька. – Ведаеш – не люблю.Змiцер няшчыра ўздыхнуў, накрыўся.– I не ўздыхай, – сказаў бацька, – не падлiзвайся. Чуе кошка... Было табе загадана бiнтаваць Б’янку цi не?– О Змiцер, бестыя Змiцер, – сказаў англiчанiн, – хiтры азiят Змiцер. Яны ўсе ў змове, яны не хацелi Б’янкi, яны хацелi выпусцiць мясцовага дрыкганта... зусiм як сам пан-князь Загорскi.Бацькавы вочы няўлоўна смяялiся, вельмi сiнiя i прастадушна хiтрыя, як у маладога чорта.– Што ж зробiш, мiстэр Крэбс. Тут ужо нiчога не зробiш. Вiдаць, будзем выпускаць на скачкi трохгодак Змея, Чаркеса i Мамелюка.I раўнуў на Змiтра:– Яшчэ раз гэткае – не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне! Уздыхнуў:– Падбяры для панiча кабылку з больш цiхмяных i жарабца.– Глорыю хiба? – спытаў Змiцер.– Каб галаву скруцiў?– Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкiя дзецi? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрцi... каб брыкнуць не паспела.– А мне не трэба, – сказаў пан Юры. – Мне трэба, каб ён за якi месяц навучыўся ездзiць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо i сапраўднага жарабца.