Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Добра, – сказаў Змiцер i пайшоў у стайнi. Алесь глянуў на англiчанiна i нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.– То гэта малады князь? – спытаў англiчанiн. – Будучы гаспадар?– Але, – сказаў бацька.– Новы мятла будзе месцi па-новаму, – сказаў Крэбс. – Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней i свавольнасцю. Га?– Можна мне сказаць, бацька? – спытаў Алесь.– Кажы.– Вам не трэба будзе iсцi адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, i я вам буду больш плацiць.Бацька ўсмiхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелi.– Гуд бой, – сказаў ён. – Тады i я буду рабiць малады пан добра. Я навучу пан ездзiць, як малады лорд з найлепшых фамiлiй. – I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: – I ён нiколi не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабiць супраць сумлення... i падманваць яго. А Крэбс зробiць, каб трохгодкi пана былi лепшыя нават у Пецярбурзе.Засаромлены бацька адвёў вочы:– Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялiчваю вам пенсiю ўдвая.– Нашто мне гэта? – сказаў Крэбс. – Лепей бы не трэба стаяць на сваiм. Сапраўдны лорд не ўваходзiць у змову з конюхамi i супраць свайго ж знаўцы, што хоча зрабiць конны завод лорда лепшым за ўсе.– Добра ўжо, Крэбс, прабач, – сказаў бацька. – Больш не буду. Рабi сабе што хочаш.Конюхi павялi перад людзьмi на ўзбочыне коней. – Ну, якую кабылку бярэш? – сказаў бацька. Сярод усiх Алесь заўважыў адну, маленькую і ладную, як цацка, усю дзiўна падабраную, чысценькую i як быццам атласную. Масць кабылкi была мышастая, вушкi акуратненькiя, капыткi, як сто-пачкi.– Гэту, – сказаў Алесь. Англiчанiн пажвавеў:– У маладога ёсць вока... Варта вучыць... Красуня кабылка... Як маладая лэдзi... Галоўка маленькая, але не злая; шыя – дзiва шыя.Звярнуўся да бацькi:– Але вашы iмёны... Бог мой, што за iмя... Для такой лэдзi i раптам: Ка-сюнь-ка.– Касюнька! – вiскнуў усцешаны Алесь i кiнуўся да кабылкi.– Цукар вазьмi, – сказаў бацька.Алесь соваў пад храпу Касюнькi кавалак цукру, i тая далiкатна ляпала па яго далонi цёплай цвёрдай храпай.– Касюнька мая, Касюнька.– Вядзiце яе, – сказаў бацька. – Выбiрай другога, Алесь.Зноў пайшлi конi, i кожны быў прыгожы, бы ў сне, але нейкi не той, без повязi, што вядзе да чалавечага сэрца.– Пераборлiвы, як Мнiшкава Анэля, – сказаў бацька.Але ён дарэмна казаў гэта, бо ў той самы момант з варот стайнi з’явiўся Ён, той, без каго жыццё не магло мець сэнсу. Яго вёў пад аброць худы i падабраны хлопец, i Ён, дурэючы, рабiў выгляд, што хоча схапiць хлопца зубамi за плячо.Ён быў прыгажэйшы за ўсiх на зямлi, прыгажэйшы за ўсiх звяроў i ўсiх людзей. Ён iшоў, прытанцоўваючы на кожным кроку, бязмерна ганарлiвы ад здароўя, сiлы i немагчымай сваёй прыгажосцi.Белы як снег i бялейшы за яго, з маленькай нервовай галоўкай i доўгай шыяй, увесь дасканаласць i без адзiнай заганы, ён касiў залатым i трошку крывавым па бялку вокам, а ягоныя хвост i грыва, неверагодна доўгiя i мякка-залацiстыя, варушылiся лагоднымi хвалямi.“Вы, маленькiя людцы, – здаецца, казаў зрак каня. – Што мне да вас? Я дазваляю вам апаганьваць нагамi мае бакi толькi таму, што раблю вам ласку.І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю. А над тым буду панам, бо я бог, а ён толькi чалавек...”Бацька глянуў на Алеся i ўздыхнуў: усе было зразумела.– Логвiн, – сказаў бацька конюху, – вядзi Ургу сюды.Малады i сур’ёзны хлопец падвёў араба да ix.– Будзеш канюшым маладога пана, Логвiн, – сказаў пан Юры. – Будзеш ведаць толькi яго. Ургу падрыхтуй. Праз месяц ён спатрэбщца. I ты, Змiцер, ведай: Логвiну належыць толькi Касюнька i Урга. Нiчога больш.