Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

У чалавека былi цёмна-шэрыя вочы i прамы нос.– Увесь дзень думаў, на каго ты падобен, – сказаў бацька. – I вось успомнiў. Ды гэта ж ты, гэта ты з белым канём. Гэта ты i Урга. Як дзве кроплi вады.Ах, як не адступаў ад Алеся ўсе гэтыя днi белы конь! I ўсё гэта было як сон. I вось цяпер ён сам, сам Алесь, iшоў з белым канём у нейкую блакiтную далячынь.

VТак пайшлі дні.Кожны з іх быў непадобны на другі, і ўсё ж няўлоўна падобны. Гэта таму, што кожны быў адкрыццём і нечаканасцю.Алесь гідаваў новым становішчам: празмернай пяшчотай бацькоў, недарэчнымі звычаямі палаца і неўсвядомлена ганарыўся гэтым, бо ён быў падлетак, бо яму ўжо, як кожнаму падлетку, хацелася сцвярджаць і ўстаткоўваць сваё “я”.Бацькі, можа, і не ведаючы гэтага, выбралі зручны час. Непрыкметна з яго рабілі не тое, што ён хацеў, а тое, чаго хацелі іншыя.Падымалі яго а сёмай гадзіне раніцы. Бадай, запозна, бо ў Азярышчы ўставалі раней, і ён часцей за ўсё добрую палову гадзіны ляжаў без сну.Алесь ляжаў, кожны раз новымі пасля сну вачыма разглядаючы блакітныя сцены пакоя. Над яго галавою, у куце, плыла кудысь старажытная копія з божай маці Куцеянскай: маленькі горкі рот, “нос не кратак”, доўгія вочы з такой дабрынёй і тугою, што часам, асабліва ўвечары, хацелася плакаць, гледзячы на іх. Рука прыціскае дзіця, падобнае на маленькага мудрага старога.Па старому паданню, гэту ікону напісаў, пасхіміўшыся, восемсот год таму назад ваявода Глеб, такі далёкі продак Алеся, што і ўявіць было страшна. Мячом прыводзіў у хрысціянства жыхароў Сухадола і Ршэ, быў у гэтым шчыраванні да веры ледзь не больш суровы, чым мсціслаўскі сабрат, Воўчы Хвост, ды, відаць, не вытрымала душа бязвіннай крыві нядаўніх братоў па Пяруну, таму што кінуў Глеб меч і кінуў ваяводства і, пад імем Анфімія, пайшоў на чорны пострыг і вечнае маўчанне. Ікон такіх напісаў дзве – адну для манастыра, другую – сыну (яна цяпер вісела ў старога дзеда Загорскага).А тая, што вісела тут, была копіяй шаснаццатага стагоддзя. Рабіў таксама Куцеянскі майстра, Іпаці. Вісела і, нават з некаторым здзіўленнем, глядзела на ложак з полагам, на канторку чорнага дрэва, на блюда з незабудкамі (карэнні іх прыціснулі кавалкам мармуру, кветкі ўсталі і стаялі над блюдам суцэльнай блакітная шапкай).Алесь ведаў, што за першымі дзвярыма светлы калідор другога паверха, што другія дзверы вядуць у ванны пакой, а потым у пакой для заняткаў, што ён можа заўсёды спусціцца з таго пакоя ў бібліятэку, што ўсё гэта для яго, і гэты прастор палохаў яго.А сёмай па ўсім доме білі гадзіннікі. Трэба было заплюшчваць вочы. І тады ў спальню заходзілі два чалавекі: немец-гувернёр, гер Фельдбаўх, тоўсты лысаваты і надта рухавы, і прыгонны дзядзька, Халімон Кірдун, па мянушцы Халява, чалавек вельмі добры і вельмі змрочны, напэўна, з той прычыны, што ягоная жонка была незвычайная прыгажуня. Алесь сам чуў ад дваравых, што Халімону даўно варта было б яе набіць. Але Халімон, відаць па дабрыні, усе ніяк не мог рашыцца на гэта. Таму, напэўна, і змрачнеў.Алесь ведаў, што немец пачне гаворку па-свойму, і не палохаўся гэтага. Проста дзівіўся, як хутка рабіліся зразумелымі чужыя словы. Як быццам выплывалі з далёкага, калісьці роднага, а потым забытага сну. Быццам даўно ведаў, а потым на хвіліну забыў. Так яно, урэшце, і было, бо да сямі год ён не ведаў іншых моў, акрамя французскай і нямецкай. І вось цяпер прагна, са свежай галавой наганяў.