Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Немец каціўся да ложка, як шар, і адразу пачынаў буркатаць нешта, зразумелае толькі з пятага на дзесятае, але прыемнае: – Oh, dieser kleiner Pennbub! Alle sind schon auf, kleine Voglien singen dem Herren Gott ihre ewige Ruhmlieder, nuch. Der schlaft aber immerfort und wei?t nicht einmal – Morgenstunde hat Gold im Munde, nuch? Гэта быў, на яго думку, самы прыстойны стыль размовы з дваранскім дзіцем.Фельдбаўх – сын багатага бюргера – скончыў гімназію і першы курс універсітэта ў Гецінгене, але потым бацькі збяднелі, і сын паехаў шукаць шчасця ў невядомае Прыдняпроўе. Тут ён служыў ужо дзесяць год, з іх апошніх шэсць – у Загорскіх. Яго не адпусцілі нават тады, калі Алесь трапіў на дзядзькаванне. Засумаваўшы па рабоце, ён цяпер даганяў, хочучы, чаго б гэта ні каштавала, прымусіць вучня за нейкі год добра гаварыць па-нямецку.Фельдбаўх рабіў рэзкі рух крысом халата, быццам захінаў рымскую тогу.– Schon gut. Mach dich drau zu waschen, mach dich Mutti zu begru?en, mach dich an die Gottesgabe, – ja an die Bucher doch, wenn der Furst zu keinen dummer Fursten werden will, nuch? ...Алеся падымалі, вялі ў ванны пакой, і там, пад даглядам немца, Кірдун абліваў хлопца вадой і расціраў. Кірдун раўнаваў паніча і таму ўвесь час бурчаў пад нос, лаючы Фельдбаўха, якому, немаведама нашто, далі права наглядаць за туалетам, як быццам бы ён, Кірдун, рабіў гэта без немца значна горш. Кірдун суправаджаў некалі пана Юрыя за мяжу і таму ведаў некалькі нямецкіх слоў.Нямецкая мова яго абражала. Спытае, бывала, Кірдун, ці трэба нагрэць яму ванну для ног, а немец адвазвае:- Das ist mir Wurst1.Проста чорт ведае што! Не мова, а свінства! Усё адно яму, бачыце, гарачая ванна або каўбаса...Чыстага і прычасанага паніча апраналі ў вузкія штаны (псеўданароднаму гарнітуру далі адстаўку ў канцы першага ж тыдня) ў вольную белую сарочку з адкрытым карункавым каўняром і вялі на балкон, асабліва светлы ад снежных маркіз. Тут за чайным сталом чакала маці і, у высокім крэсле, дзіўная істота – двухгадовы брат Вацак, які смешна вырачваў на Алеся шэрыя наіўныя вочы.Матуля цалавала Алеся ў скроню, трымала за падбародак вузкай, да смешнага маленькай рукой, пытала – зрэдку па-французску, каб прывучыўся, – як спаў.– Бьен, мадам, – адказваў ён, так пакутліва падбіраючы словы, што нават малому Вацаку рабілася смешна.Елі аўсянку з малаком, яйкі ўсмятку, тарцінкі з маслам і сырам, тварог і мёд. Дарослыя пілі каву, дзеці – чай. З’яўляўся з аб’езду бацька, загарэлы, смяшлівы, сыпаў жартамі.У рэкрэацыйнай чакалі ўжо Фельдбаўх і швейцарскі француз monsieur Jannot (гэтаму, як найбольш тандэтнаму, дазвалялася снедаць у сваім пакоі). І тут пачыналася пакута не пакута, а нешта накшталт упартага змагання. Людвіг Арнольдавіч біўся з Алесем над нямецкай і латынню плюс матэматыка і гісторыя, monsieur Jannot – над французскай плюс рыторыка і прыгожае пісьменства. Смеху варта было глядзець, як яны стараліся.Гадзіна ішла за гадзінай. Алесь дзякаваў богу за тое, што англічаніна і настаўніка дзяржаўнай мовы бацька абяцаў запрасіць толькі ўвосень, калі прадасць ураджай. Часам словы трох моў блыталіся ў галаве, ў хлопцу хацелася толькі аднаго: каб сёлетні ўраджай быў дрэнны. Але ён адразу ўспамінаў Кагутоў, і яму рабілася сорамна. Ды хоць бы нават і дрэнны ўраджай. Не, яго, Алеся, ужо нічога не ўратуе... Усё адно стары Загорскі дапаможа, у яго грошай граблямі грабі.Ад гэтых думак яго адрываў натхнёны голас гера Фельдбаўха, у якім гучалі нечаканыя для немца басовыя ноты.Гувернёр стаяў перад сакратэрам у позе Гракха на форуме: рука выцягнута дагары далонню, вялікі палец адстаўлен убок. Твар ганарысты. Брушка наперад. Гэта ён граміў бязбожных рымлян, што задалі такой шкоды нямецкай айчыне: