Купить гель лаки оптом и розница бесплатная доставка.

Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Eben darum stur-rzte sich German Cherusc einem Lowen gleich auf den gr-raulichen Varus, den Fuhrer der ver-rfuhr-rten Romanier. Und Teutoburger Wald wurde zum Fel-lde der deutschen Ruhmheit2.“Як гэта лес мог стаць полем, – думала няшчаснае дзіця, – высеклі яго немцы, ці што? Магчыма, і так. Ад іх усяго можна чакаць. Немцы”....Біў гонг, абвяшчаючы канец заняткаў. Вочы Фельдбаўха, якія толькі што кідалі бліскавіцы, зноў рабіліся блакітнымі і добрымі. Пасля заняткаў на хлопца наводзілі вонкавы лоск. Гадзіна танцаў (акампаніраваў на лялечнай скрыпцы monsieur Jannot), якая была для малога пакутай, а пасля гадзіна верхавой язды ў манежы.Падчас танцаў француз прывіваў дзіцяці вытанчаныя манеры, якія потым паспяхова разбураў грубаваты, як кожны аматар коней, містэр Крэбс.– Шэнкелямі не цісні, шэнкелямі, кажу, не цісні. Не нервуй каня, сто тысяч д’яблаў і зарад карцечы табе ў задніцу... Як пaдаеш? Як пa-да-еш?! А яшчэ лорд! Лорд нават з каня падае прыгожа!Непарушны англічанін да непазнавальнасці змяняўся, калі даходзіла да коней.– Аз-зіяты! Хіба вам па-еўрапейску ездзіць?! Іначай вам ездзіць, вар-ва-ры. Ах-люп-кай, – з цяжкасцю вымаўляў ён чужое слова.А потым шкоду, нанесеную англічанінам, зноў лячыў француз, і на заднім двары яшчэ гадзіну чуўся звон шпаг і буркатлівыя выгукі:– Тэрца... Квінта... Не так... О месье, не так... Зноў у пазіцыю... Як вы стаіцё, месье? Вы трымаеце шпагу, як начны гаршчок, – пардон... Раз-два... О-ла-ла!.. У вас нечакана атрымаўся цудоўны ўдар... Ларошфуко не мог бы зрабіць лепшага... Брава, месье, я забіты!.. Вы забіты... Майце ласку заўтра рабіць гэта лепей.Бадай, адно жалезнае, цалкам мужыцкае здароўе дазволіла Алесю вытрымаць усе гэтыя выпрабаванні. Ён схуднеў, на нагах і грудзях выявіліся зусім не дзіцячыя мускулы, позірк стаў пільны і насцярожаны. Але затое ў руках усё часцей прарывалася новая, лёгкая і пластычная зграбнасць. Можа, таму, што ён і раней добра біўся на палках – асабліва вялікімі былі поспехі ў фехтаванні. Ды і Крэбс, калі хлопец не чуў яго, усё часцей казаў:– Будзе. Будзе наезнік.Пасля купання аж да вечера быў вольны час. Але “вольны” было толькі словам. Абед быў не абед, бо ўвесь час даводзілася памятаць, які нож для чаго. Лёгка было толькі есці курыцу, бо гэта елі, як і ў Азярышчы, рукамі. Часцей за ўсё ён уставаў з-за стала галодны, і Халімон Кірдун, каб не звялося дзіця, цішком прыносіў яму ў пакой пад’есці. Са скрухай глядзеў на Алеся, уздыхаў па-бабску:– За што ж табе, гаротны, пакуты? Божа літасцівы, забіваюць дзіця. Жыўцом ядуць. Толькі часам, вельмі рэдка, можна было ўцячы ў дворню ці ў асобны дамок, дзе жыў даязджачы Карп са сваёй жонкай Анежкай, і там адпачыць душой. Дзяцей у Карпа не было, і таму Анежка шкадавала паніча, частавала звыклым: арэхамі, праглымі на сланечкавым алеі.Русая і сінявокая, такая распаўнелая і добрая, Анежка глядзела на Алеся і ціхутка падгалошвала:– Еш, бедненькі, еш, зблажэлы ты мой. І нашто, каму гэта патрэбна, пакутніца ты мая Дарота? Па шкле цябе вадзілі, бедную, а яго па пакутах...Гэтае падгалошванне было такое чуллівае, што з вачэй Алеся, ад шкадобы да сябе, самі сабой пачыналі падаць рэдкія і буйныя, як боб, слёзы.Але і наплакацца ўдосталь не давалі. Толькі аджыў, як ужо шукаюць....Бацька вядзе па галерэі продкаў.– Даніла Загорскі!.. Пэндзля невядомага мастака... Даніла ўзначальваў смяротны атрад пры Крутагор’і. Загінуў разам з усімі воінамі...Ян Загорскі... Пэндзаль Сальватора Розы... Бадай, адзіны, які перайшоў у каталіцтва. Пасля страты зяця зноў удаўся ў схізму, быў пракляты папскім нунцыем і загінуў пры таямнічых абставінах...