Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Багдан Загорскі. Пісаў крукамі царкоўныя гімны...Бадай, адзіным шчасцем Алеся было тое, што для бацькі гісторыя рода і геральдыка былі яшчэ больш нудныя, чым для яго. Таму ён і не мог перадаць сыну захаплення гэтымі небяспечнымі рэчамі.Затое бацька зусім змяняўся, заходзячы ў круглую карцінную залу. Тут ён мог гаварыць і гаварыць. Блага ці добра, але ён даваў сыну частку таго запалу, якім гарэла яго душа. І ўсё ж найбольш цягнуў да сябе Алеся той самы “Хлопец з канём” Мантэньі. Было ў гэтай карціне нешта наіўна-прывабнае і мудрае.І не ў тым справа, што хлопец быў – выліты. Ён, хаця і ў чужым заморскім касцюме, а конь – сапраўдны Урга, той самы Урга, які палюбіў яго, Алеся, больш за іншых, бо хлопец не абразіў яго нават празмерным недаверам на бар’еры, нават ганьбай шэнкеляў, калі конь разумее без іх, як яму трэба рабіць.Не ў гэтым была справа.Справа была ў тым, што праз лісце густа-зялёнай яблыні з залатымі пладамі глядзеў такі далягляд, якога не бывае на зямлі, далягляд невядомай блакітнай краіны, у якую спакойна і ўпэўнена крочылі чалавек і белы конь....У адзінаццаць яго клалі ў ложак. За акном, сярод лістоты, дрыжаў і гайдаўся масляны ліхтар, шапацелі лісты італьянскай таполі і далятаў з Дняпра неўразумелы начны крык шэрай чаплі.Алесь засынаў, здаволены сабой.А ўначы прыходзілі забароненыя, брыдкія мужыцкія сны. Ён сніў адрыну і гнёзды ластавак над галавой. Ён зноў бачыў росныя пракосы і самога сябе з біклагай на плячы... Яму бачыліся вочы каровы, яе стомленыя сытыя ўздыхі ў цемры хлява і цурчанне малака ў пенную дайніцу...

VIСкончыўся месяц траў, адквітнеў за ім месяц кветак.Аднесла ветрам арэхавы пылок, згінула да наступных надзей і новай вясны вампір-трава, адышлі пярэста-зялёныя “капыцікі марыінай асліхі” – падалешніцы. Прыйшоў пчаліны, касазвонны месяц цвету ліп.Усё мянялася. Нішто не мянялася толькі ў Загоршчыне.І вось аднойчы, прачнуўшыся пазней звычайнага ад прыглушанага звону гадзінніка, Алесь адчуў, што нешта не так. Не ўвайшоў Фельдбаўх, не з’явілася ў дзвярах хмурнаватае аблічча добрага Кірдуна.І хлопец на нейкую хвіліну адчуў сябе самотным і пакінутым на волю лёсу. Толькі на адну хвіліну, бо ў наступны момант ён успомніў, што прыйшоў той дзень і з ім, магчыма, нейкая воля, магчымасць быць хоць трошкі гаспадаром самому сабе.На гэта намякала адзенне, вольна раскладзенае на спінцы крэслаў, і тое, што дзверы ў ванны пакой былі адчынены, – рабі сам, што хочаш. З асалодаю ўспомніўшы гэта, ён пацягнуўся і раптам, быццам кім падкінуты, сеў на ложку.За акном пачуўся гулкі гук. Аднекуль з-за дома, з берага паркавага стаўка, ударыла гармата. Потым другі раз... трэці... восьмы... адзінаццаты.Дзверы расчыніліся рэзка, як быццам таксама ад удару гарматы. На парозе стаяў пан Юры, белазубы, загарэлы. Махровы персідскі халат расхінуўся на грудзях. Ад усёй постаці, ад хвалістых густых вусоў, ад сініх смяшлівых вачэй так і веяла здароўем.- Паставіць на ногі лайдака-князя, – грозна рыкнуў бацька. – Лайдак-князь спіць і не ведае, што яго чакаюць вялікія справы.Алесь не паспеў спахапіцца, як дужая мужчынская рука рванула коўдру і бліскавічна, асабліва гучна ляснула па мяккім месцы.– Stehe auf, – грымныў бацька, на хвіліну так удала ўдаючы Фельдбаўха, што аж страшна стала. – Eine au?erordentlich perfekte Furterhalbwuchsigerverrichtung ist keine Bettharrung auf’ne Vonsichselbstvollziehung, nuch?