Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

І сцягнуў сына за нагу з ложка.– Мыцца, мыцца разам.У ванным пакоі, ля глыбокага басейна, бацька скінуў халат і пантофлі, і толькі тут старонні заўважыў бы, як яны падобны, пан Юры і Алесь. Хлапечыя, але моцныя формы сына абяцалі з часам зрабіцца падобнымі на гладкія і магутныя формы бацькі.Бацька нечакана злавіў яго і, прыўзняўшы, так спрытна кінуў галавою ў басейн, што Алесь колам перавярнуўся ў вадзе.– Адмірал, чалавек за бартом! – крыкнуў бацька, затым услед пляснуўся у блакітную ваду і схапіў сына за пятку. – Купанне Ахіла пачынаецца. У ролі маткі героя князь Юры Загорскі....Пасля купання яны апрануліся ў суседнім пакоі, і гэта было вельмі падобна на маскарад, бо абодва апранулі ўзверх батыставых сарочак з карункавай грудзінай і вузкіх нагавіц да калень яшчэ і шырокае мясцовае адзенне, што чакала дзесяцігоддзямі падобных выпадкаў, лежачы ў скрынях паміж лісцяў дарагога турэцкага тытуню.Бацька ўсклаў на сябе суконны паднізень вішнёвага колеру, а паўзверх яго чырвоную, тканую золатам чугу, крэкчучы нацягнуў малінавыя боты і чырвоныя замшавыя пальчаткі. Потым сын памог яму абкруціць вакол таліі залататканы слуцкі пояс. Бацька прыціснуў канец пояса далонню на жываце і павольна круціўся, сочачы, каб пояс лёг гожымі складкамі.Цяпер прыйшла чарга Алеся. Ён таксама нацягнуў боты, толькі белыя. Пасля замест паднізня бацька накінуў на яго шырокую белую кашулю з адным плячом, – на другім яе закалолі сярэбранай фібулай. Паўзверх кашулі пан Юры, па-мужску няспрытна, апрануў сына ў вузкую белую чугу, такую самую, як і ў самога, толькі тканую серабрыстымі і блякла-залацістымі травамі.– Велікародныя гаспадары Загорскія, князі Сухадола і Вежы збіраюцца на вайну.– Куды на вайну?– Вядома куды. На аршанскае поле.– Каго біць?– Там скажуць!– А за што?– А так, – сказаў бацька. – Без дай прычыны. Каралеўскі загад.Святочныя, яны выйшлі на тэрасу, дзе іх чакала маці з маленькім Вацлавам, гувернёры і некалькі слуг на чале з Кірдуном. Маці і Вацлаў былі ў звычайных святочных адзеннях з белага індыйскага мусліну і карункаў, гер Фельдбаўх у сурдуце, месье Жано – у зграбным чорным фраку.Затое слугі, падобна гаспадару з сынам, былі таксама ў старой паюцкай вопратцы.Маці прывіталася з сынам і ўстала за мужчынамі. Усе пачалі спускацца з тэрасы. Алесь ішоў, апусціўшы вочы, калі раптам нешта неўсвядомленае прымусіла радасна задрыжаць яго веі.Ён ускінуўся – перад ганкам стаялі ў святочных уборах Кагуты: Міхал, дзед Даніла, Андрэй, Кандрат, Павал, Юрась. Толькі Марылі не было ды старэйшага Стафана.Кінуўся быў да іх – бацькава рука ўладна сціснула плячо.Кагуты стаялі моўчкі. Ніхто з іх не глядзеў на пана Юрыя; толькі на Алеся глядзелі ўсе. І Алесь, адчуваючы амаль фізічны боль у сэрцы, ішоў да іх.Толькі наблізіўшыся, ён ўбачыў, як моцна яны цяпер адрозніваюцца ад яго, які высахла-белы стары Даніла, якая ссутуленая, прыгнутая цяжарам зямлі, спіна ў Міхала, якія нязграбныя рухі ў сыноў, быццам спуджаных святочнай вопраткай і дзівоснымі абставінамі. Усе яны хавалі вочы. Толькі Паўлюк, здзіўлена і нават неяк адчужана, глядзеў на паніча.Кірдун з аброццю на плячы зайшоў перад панамі і стаў твар у твар з Міхалам.Ён працягнуў адзін канец аброці Міхалу, другі – пану Юрыю.– Дзе тая аброць, на якой ты вадзіў гэтага стрыгуна? – спытаў Халява.– Вось, – паспешлівыя пальцы Міхала выцягнулі з-за спіны сырамятную цёмную аброць.