Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

І тут бліснуў у непралазным гушчары празрысты, відаць, ад магутных крыніц, стаў, а над ім, на цьмянай ад ценю паляне паўстала дзіўная будыніна, вузкая і высокая, змураваная з шэрага і ружовага каменя-дзікуна.Такой яна была на вышыню аднаго паверха. Вышэй камень быў абчэсаны, былі нават там-сям раманскія арачкі. А яшчэ вышэй, амаль да верхавін пяцісотгадовых замшэлых дубоў, узносіліся дзве карункава-змрочныя гатычныя вежкі. Змрачнаватая, значна большая ў вышыню, чым у даўжыню і шырыню, будыніна думала аб чымсьці, што не датычылася двох чалавек, якія зараз ішлі праз заценены луг да яе дзвярэй, і гэты яе спакой быў спакоем канца.Перад ёю, у высокай траве, ляжалі па крузе сем абчасаных камянёў, а ў цэнтры круга ляжаў восьмы, з правільна круглым заглыбленнем наверсе.– Сядай на зямлю, – сказаў пан Юры. – І слухай.Неўсвядомлена пранікаючыся нечым страшнаватым, Алесь сеў.– Глядзі, – сказаў бацька.На баку цэнтральнага каменя быў выбіты няўмела парушаны ва ўсіх прапорцыях вобраз добрага пастыра, які нясе на плячах агнца.– А цяпер уяві, што сорак доўгіх чалавечых жыццяў ляжыць паміж табою і гэтым пастырам. Сорак. А ты сорак першы.Яны маўчалі, схіліўшы галовы. Пад вяршынямі дрэў быў такі спакой – лісток не шалахнецца.– Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар. Будуць і тыя, каму зробіцца нясцерпна цяжка, і я малюся богу, каб гэта не быў ты. Таму што ніхто не пазбегне. Кожны павінен будзе несці на рамёнах слабага, ягоны боль і ягоную крыўду. Хто гэты слабейшы – кожны выбірае сам. Друг, вера, жанчына або яшчэ нешта, пакуль невядомае… А цяпер паглядзі: на другой грані яшчэ больш старыя рысы. Гэты маладзік – гэта серп, а гэтыя калматыя трысцінкі – каласы. Хто будзе жаць – аб гэтым маўчаць гады і маўчаць стагоддзі. Ніхто яшчэ не дадумаўся, бо той, хто іх выбіў, памёр і не скажа… Пасядзі хвіліну, сыне, падумай або проста памаўчы.Алесь маўчаў і так. Яго краналі не словы, а проста мёртвы сон камянёў, дрэў, будыніны, якую абкружалі, сціскалі дубы.– Тут было паганскае капішча, – сказаў нарэшце бацька. – Якому богу яны маліліся – ніхто не ведае. Бо з іх не ўцалеў ніхто… Яны пакінулі гэтыя камяні і гэты серп маладзіка і зніклі, як аблокі. Тут яны збіраліся, а гэты камень і чаша на ім былі, відаць, ахвярнікам. Колькі год так было – невядома. А потым з Полацка прыйшоў Дняпром бліжні дружыннік Глеб, і тады гэтыя людзі ўбачылі кроў. Не варта было, калі не хацелі крыжа? Вядома. Але хто звяртаў увагу на тое, чаго хоча і чаго не хоча мурашнік? Не звяртаў і Глеб… Капішча шукалі доўга. І знайшлі… І вось пад гэтымі камянямі загінулі ўсе яго абаронцы. Да аднаго.Бацька памаўчаў.– Тут было раней два рады камянёў. Вонкавы ўзялі і залажылі ў падмурак будынка. Але потым Глеб раздумаў. Відаць, таму, што тут быў такі спакой і нельга было не палюбіць гэтага месца. Таму ён проста загадаў асвяціць галоўны камень вобразам пастыра, але тых камянёў з падмурка не выняў. Ты іх можаш убачыць… Спачатку пабудавалі першую частку будыніны, самы ніз. Другую трэць надбудавалі праз трыста год, калі ўжо і косці Глеба згнілі ў Куцеянскіх пячорах. Вежкі надбудавалі яшчэ праз дзвесце год… І вось усё гэта стаіць: камяні на беразе става, дубы, што ў тры разы маладзейшыя за іх, і камяніца.– Што гэта? – спытаў Алесь.– Гэта магільня Загорскіх, сыне.