Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Бацька павольна адхінуў траву ад вобраза пастыра.– Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася. У нас – толькі магілы. Толькі адны магілы, раскіданыя па гэтай зямлі. Курганы на беразе Дняпра, капцы на сялянскіх могілках, твая і мая магільня, сыне… Вось яна…Моўчкі, быццам усё было сказана, яны пайшлі да магільні.Бацька адчыніў дзверы. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. У нішах, пад замком, ляжалі скруткі нейкіх дакументаў, кнігі ў драўляных вокладках. Паміж імі стаялі срэбныя каўчэгі для асабліва важных манускрыптаў.Бацька зняў з цвіка доўгую гнуткую кальчугу. – Бачыш, гэта пра яе сказаў Сімяон Вежа: “Бог сведка, тады было гора. Я сам бачыў чалавека, у якога на кожным дробным кольцы кальчугі была выбіта назва месца, дзе яны рабіліся: сутычкі і сечы, змовы і паядынкі… Чалавек той быў мой бацька”.Кальчуга пералівалася ў руках бацькі.– Бачыш, на грудзях і жываце ніводнага вольнага кольца…Па каменных плітах падлогі пан Юры прагрукаў да адной пліты, у якой было кольца.Пашча ямы адкрылася перад імі. Прыступкі вялі ўніз. Пан Юры першы спусціўся туды. Працягнуў Алесю руку.Потым унізе пыхнула губа, а за ёю кнот тоўстай і высокай, у рост хлопца, чырвонай свячы ў нізкім свечніку.Глыбокае і вузкае памяшканне было паточана на сценах нішамі, падобнымі да пячных чалеснікаў. Частка іх, не больш трэці, была закрыта – гэта былі месцы пахавання. Налой з евангеллем, свяча і нішы – больш нічога. Ды яшчэ на столі старая чырвоная фрэска: архангел з мячом у адной руцэ і царквою на далоні ў другой.– Вось, – сказаў бацька. – Гэта ўсё яны. Гэта ніша Акіма Загорскага. А тут яшчэ дзве пустыя. Старога Вежы і мая…Яму было цяжка гаварыць.– У наступную… палажы гэта.Ён выцягнуў з-за пояса жалезную скрыначку, тую самую, у якую клалі сёння сажу.– Ідзі, – сказаў ён. – Праз сто год гэта пакладуць табе пад галаву.Алесь падышоў да цёмнай нішы і засунуў у яе куфэрачак.– А цяпер ідзі сюды.Яны стаялі ля свечніка. Бацька апусціў руку на плячо сына.Полымя свячы рабіла ягоны твар суровым, бадай велічным. Толькі гэта давала Алесю змогу не адчуваць гідоты і пратэсту супраць усяго, што тут рабілася, супраць самай думкі пра трэцюю нішу.– Паўтарай за мной, хлопчык, – сказаў бацька.– Добра, – шэптам сказаў Алесь.– Я прыйшоў да вас, – шэптам сказаў бацька.– Я прыйшоў да вас.– У мяне няма нічога, акрамя вас.– У мяне няма нічога акрамя вас, – ужо больш цвёрдым голасам паўтараў малады.– У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.– У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.Бацька выпрастаўся, як ад нейкага натхнення.– Я клянуся любіць вас.– Я клянуся любіць вас.– Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас.– Я клянуся… далёка ад вас.– Бо я ўсё адно буду тут, з вамі. Ба мяне нельга аддзяліць ад вас.– Бо я… з вамі… Бо мяне нельга аддзяліць ад вас.– Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.– Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.– Аман.– Аман.

VIIЛёгкі звон рынуў з вышыні званіцы на цвінтар, на людзей, што выходзілі з царквы, на навакольны парк. Званіца стаяла наўздалёк ад стройнай, са святла пабудаванай царквы, і ў вяроўках званоў біўся, як муха ў павуцінні, клышаногі званар Давід. Дзярбаніў і падцілінкваў так, што званіца як не бурылася.