Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

А з царквы насустрач сонечнаму ліпеньскаму дню выходзілі людзі.Алесь ішоў недзе пасярэдзіне працэсіі.– На тваім пострыгу будзе хлопец, якому дадуць трымаць тваю пасму, – сказаў бацька. – Потым ты аддзячыш яму тым самым. Гэта азначае, што вы ўжо ніколі не будзеце ворагамі. Не маеце права.– А калі і сябрамі не будзем?Бацька легкадумна засмяяўся.– Ніхто не прымушае. Але я думаю, вам будзе добра разам. Гэто ўжо маці і я пастараліся. Гэта сын майго лепшага друга, нябожчыка, – мяккая яму зямля, – Мсціслаў Маеўскі.І вось цяпер Алесь ішоў і напружана чакаў, які ён будзе, гэты невядомы хлопец, з якім яны цяпер не маюць права быць ворагамі. Тое чаканне прымусіла яго быць няўважлівым да царквы і да набажэнства. Помніў толькі суровыя, нечалавеча вялікія вочы анёлаў, іхнія трошкі азызлыя твары і нясмелыя, уседаравальныя ўсмешкі. Помніў застылыя ўсплёскі іхніх крыл над яго галавой і незразумелыя па колеры, – ці ружовыя праз блакітнае, ці блакітныя праз ружовае, – складкі адзенняў. Помніў пералівістую, фіялетавую з золатам фелонь папа і тое, як падала ўніз ягоная епітрахіль – проста, бы драўляная.Страшнае рыканне дыякана калыхала агеньчыкі свечак, прымушала часам дробна звінець шыбы. Страшнае, бы ў льва з пячоры, рыканне.Усё гэта было як сон. Ён ведаў, што фрэскі іхняй старажытнай царквы былі дзівам, аб якім казалі ўсе альбомы, нават выдадзеныя ў Парыжы, што іхні пратаіерэй майстра і за гэта ўзнагароджаны камілаўкай, набедранікам і залатым наперсным крыжам, што загоршчынскага дыякана даўно збіраліся за яго дзівосны бас перавесці ў Магілёў і зрабіць іпадыяканам, каб прыслужваў толькі архірэю, ды пабаяліся псаваць адносіны са старым Загорскім. І ўсё гэта было як дурман, і ён бадай што ўзрадаваўся, калі набажэнства скончылася.Ішоў з прыступак, скоса паглядаючы на новую асобу, якая звалася “пастрыжным бацькам”. Пастрыжны ішоў з боку ад яго, ладны, чырвоны тварам, сівы грывай валасоў і кароткімі вусамі. На чырвоным загарэлым твары дзівоснымі здаваліся наіўна-сінія дзіцячыя вочы.Гэта быў далёкі дзядзька Алеся, Пятро Басак-Яроцкі, гаспадар невялікага маёнтка, былы каўказскі афіцэр. На поясе ў Басака віселі срэбныя нажніцы.І вось наперадзе Алесь убачыў кілім, а ля кіліма купку людзей. У баку ад іх стаяў хлопчык, якому было, напэўна, страшнавата ад урачыстасці цырымоніі. Белавалосы, з залацістымі вачыма – бы напоены сонцам мёд, – відаць, трошкі слабейшы за Алеся, больш хударлявы, ён стаяў на кіліме, трымаючы ў руках медальён на доўгім залатым ланцужку. Дзівосныя сонечныя вочы глядзелі трошкі ўгору.Алесь не ведаў, куды яму ісці, і таму ледзь не зрабіў памылкі, накіраваўшыся да купкі людзей.Басак-Яроцкі паклаў руку яму на плячо.– Правей фронт, пляменнічак, – ледзь чутна сказаў ён.Цяпер Алесь ішоў проста на хлопца. І ледзь ногі яго ступілі на пушысты вялікі кілім – са званіцы зноў грымнулі, радасна заліліся званы.Хлопцавы вочы ласкава глядзелі на Алеся.– Глядзець весялей, – шапянуў пастрыжны. – Падайце адзін аднаму рукі.Алесь адчуў у сваёй руцэ руку Мсціслава.У той жа самы момант усе астатнія, акрамя гэтых трох на кіліме, нават бацька, апусціліся на адно калена.– Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данііла, праўнік Акіма і прапраўнік Пятра, схілі апошні раз сваю галаву.Гэта абвясціў Басак-Яроцкі сваім хрыплаватым басам. Алесь схіліў галаву.