Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Отрак Аляксандр, – сказаў пастрыжны, – ты пастрыгаешся днесь у падлеткі, як гэта загадваюць звычаі гэтай зямлі. Бачыш ты свайго пастрыжнога брата? Абдыміцеся першымі мужчынскімі абдымкамі.Яны абняліся. Алесь адчуў на плячы руку Мсціслава.– Скажыце адзін аднаму на вуха некалькі братніх слоў.Вочы Мсціслава смяяліся недзе ля вачэй Алеся. Потым Алесь пачуў шэпт.– Папаўся? – спытаў малады Маеўскі. – Плюнь. Яны лічаць, што мы зеляпаны, дык давай мо прыкідвацца далей. Хай ужо цешацца.– А я і плюю, – з нейкім раптоўным гарачым пачуццём да гэтага хлапца шапнуў Алесь.Дарослыя з некаторым нават замілаваннем глядзелі на двух прыгожых падлеткаў, якія з такой відавочнай пяшчотай шапталі адзін аднаму на вуха словы братэрства.– Ты, брат, накшталт таго скоч-тэр’ера. – Мсціслаў аж дрыжаў у абдымках Алеся ад прытоенага смеху. – Ведаеш, як іхніх шчанюкоў пазнаюць, чыстапародныя ці не?– Ведаю, – усміхнуўся Алесь. – Бяруць за хвост і падымаюць у паветра. Сапраўдныя не вішчаць. Гонар трымаюць.– Вось і ты трымай гонар. Пастарайся ўжо не вішчаць, як дварняк. Гэта глупства. Нязручна, але затое нядоўга.Яны не заўважылі, што вусы старога Басака неяк няўлоўна і падазрона паторгваюцца.– Пацалуйцеся, – сказаў Басак-Яроцкі. – І памятайце, вы казалі словы братэрства і цалаваліся яшчэ тады, калі былі дзецьмі.Яны пацалаваліся. Басак-Яроцкі палажыў далонь на галаву Алесю.– Ты насіў дзіцячыя доўгія валасы, з якіх сёння ўпадзе адна пасма. Заўтра іх падкароцяць, і такімі яны будуць, пакуль ты не станеш сапраўдным мужам. А тады насі іх як хочаш, толькі памятай, што людзі нашай зямлі любяць насіць доўгія валасы і вусы, але не любяць і ніколі не насілі барады, калі яны не папы, не манахі і не мудрыя стогадовыя дзяды.Ён узняў нажніцы.– З першай пасмай ты не будзеш дзіцём і зможаш сядзець з мужамі, бо сам займееш імя мужа… З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі богу і гэтым палям, шабля – ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць – яны належаць толькі табе і больш нікому. Цябе пастрыгаюць у мужы, каб ты быў незалежны з моцнымі, братні – з роўнымі, памяркоўны і добры з ніжэйшымі.Цяпер ужо і Мсціслаў глядзеў сур’ёзна, быццам гэтыя словы краналі яго за душу.– Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам і каб той, хто абразіў цябе, ніколі не абышоўся пустымі прабачэннямі, а крывёй плаціў за сваю абразу…Ляснулі нажніцы. Каштанавая пасма ўпала ў далонь дзядзькі Пятра.Ён павольна працягнуў яе Мсціславу. І Мсціслаў таксама патрымаў пасму, а потым схаваў яе ў медальён, а медальён схаваў пад сарочку.– Сын князя Загорскага стаў мужам, – сказаў Басак-Яроцкі. – Памолімся за ягоны доўгі век, за яго дабрыню і высакароднасць. Памолімся за тое, каб бог паслаў яму вялікія дарогі і сілы на тое, каб усё, што з ім будзе, стала вялікімі здзяйсненнямі.Аднекуль з-за палаца, з таго боку, дзе была магільня, данёсся празрысты, як лёд, і журботны, як галошанне, спеў срэбнай трубы.

VIIIКірдун ледзь не луснуў са злосці за тыя дзве гадзіны, якія прайшлі з пастрыжэння. Здавалася, усё ішло добра. Здавалася, больш ганаровай пасады, чым тая, якую далі на гэтыя гадзіны яму, Кірдуну, нават быць не магло. Сядзі на ўзгорку, адкуль відна дарога і паварот з яе на загоршчынскі “прэшпект”, трымай y руках падзорную трубу і, ледзь толькі ўбачыш карэту ці кабрыялет, якія паварочваюць з дарогі на алею, давай загад тром мужыкам, што завіхаюцца трохі ніжэй, y лагчынцы, ля гармат. I адразу залп. Усё добра, усё чынна. Дык не, прынесла ў апошнюю хвіліну немца, каб на яго пошасць.