Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Стаіць сабе, чортава пуза, акурат ля яго і глядзіць на дарогу. I такі спрытны, што заўважае ўсё раней, чым Халімон. I гэта так крыўдна, быццам немец y яго хлеб адбівае. Па ўласнай, ці ведаеце вы, ахвоце прыцёгся. Добра б ужо, каб нехта пасылаў. A то ж сам.Выгляд y чорта важны, паблажлівы. Стаіць, як Банапарт багамерзкі, пуза наперад, і, кожны раз, як ударыць гармата, як ты яму, скажы, цацку нехта даў, такое задавальненне на бязвусай мордзе.– Einem Lowen gleich... – далятаюць да Кірдуна асобныя словы. – Nuch? I, скоса пазіраючы на Фельдбаўха, які абапіраецца на лёску, як на шпагу, Кірдун бурчыць пад нос:– Das ist ihm Wurst... Гэта яму каўбаса, ці ведаеце... I ўсё “нюх” ды “нюх”... Нюх ты і ёсць нюх. Нюхала нямецкае... Каб цябе ўжо на тым свеце так чэрці нюхалі смярдзючымі сваімі насамі.Кірдуну зусім дрэнна. Але спраўна грукоча гармата, a то і тры, гледзячы на тое, які госць зварочвае на алею....Гэта яшчэ хто? Шарабан старэнькі, конь ледзь перастаўляе відавочна парэпаныя капыты. I тут мужык-запальшчык адказвае:– То ж гэта высакародны пан Мнішак едзе на сваім Панчоху.Ну, гэтаму хопіць і аднаго стрэлу....А гэта? Пара сытых коней. Тарантас лакіраваны. Ага, едзе дзедзіц Іван Таркайла. Гэтаму можна грымнуць з дзвюх....Карэта шасцерыком. Коні ў яблыках. Гэтыя, відаць, рэйнвейн п’юць, як пан Юры ў Кёльне, і хоць коні не чыстакроўкі...– Страляй... Страляй з усіх чатырох. Хаданскія коцяць!A немец стаіць. A немец чорт ведае чаго сюды прыцягнуўся. Мог бы стаяць сярод гасцей, – не, собіла яму, нюху праклятаму....Кірдун глядзіць на тэрасу, бачыць там фігурку маладога Загорскага, і жаль працінае яму сэрца, прымушаючы і пра немца забыць... Божа мой, нашто гэта? Дзіця цэлы дзень на нагах!.. Мораць, забіваюць дзіця. Паны і ёсць паны. Немец, відаць, усё ж не самы горшы... Прынамсі, любіць паніча, не мучыць яго, як тыя... Тое, што ён мяхом стукнуты – гэта ўсё лухта: без радзімы таксама, гаротны. A без радзімы хто хочаш ашалее... Таксама пашкадаваць трэба... Тым больш бясшкодны зусім, паскудстваў нікому не чыніць. Толькі што прыйдзе ўвечары да аканомкі і просіць: “Гнедзіге фрау... Айн гляс шнапс...” Лузне сабе, бедалага, ды і пойдзе... I правільна кажа, бо ў немцах амаль усе жанчыны гнядыя, a аканомша – вылітая немка. Гнядая і ёсць... Толькі б тут не стаяў, a так зусім прыстойны немец... I паніча любіць... Чорт з ім, няхай стаіць, калі гэта яму цацкі... Немцы, яны немцы і ёсць. Усе чыста – як дзеці. Толькі б ім грымела ды блішчала... Так бы і гулялі ў салдацікі да сівых валасоў... Але ж як там дзіця?.. Беднае дзіця!Алесю і сапраўды даводзілася цяжкавата. Ён стаяў на тэрасе, адступіўшы на некалькі крокаў ад дзвярэй y дом, так што кожны госць павінен быў прайсці непадалёку ад яго. I з кожным трэба было раскланьвацца. Бацькі стаялі далей, яны абменьваліся з кожным парай слоў, усміхаліся, – ім было не да яго, ён быў нешта накшталт перадавога паста, высунутага ў самае размяшчэнне ворага – enfant perdu, загубленае дзіця.– Bonjour, madame .Мадам сто год. На руках y яе абрыдлівая, кірпатая балонка. Мадам мінае яго, і ён чуе, як яна кажа маці:– Il est charmant .Часам на адну хвіліну да яго падыходзіць, каб памагчы, француз: шэпча, якога госця ён павінен сустрэць зараз, ці павінен сказаць яму некалькі слоў.Некаторыя з гасцей выклікаюць y яго агіду. Па сваёй ахвоце ён ніколі б не паехаў да такіх y госці. Так і хочацца сказаць:– Je faut que recurez la maison de votre presence5. Але так нельга. I ён паважна схіляе галоўку з падплоенымі на канцах валасамі, робіць рукой гасцінны жэст і кажа: