Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Зноў дзіва: міма Алеся паспяшаў да сходаў бацька. Весела падміргнуў сыну. Збег уніз і, падышоўшы да дзверцаў, галантна падставіў руку.– I ты яшчэ тут, бацечка... Не рассыплюся, пэўна, неяк.I тут, нарэшце, з’явілася з карэты і стала павольна апускацца ўніз постаць старой жанчыны, такая незвычайная, што Алесь вылупіў вочы.Старая была апранута ў карычневы строй з карункамі, такі шырокі, што ўся яе нізенькая постаць здавалася падобнай на невялікі стажок сена. На сівых буклях непрыступна ўзвышаўся беласнежны высокі чапец. Твар старой выглядаў асабліва цёмным пад гэтым чапцом, пергаментна-карычневым. Але цемната гэтая не была безжыццёвай, надта ўжо здаровы буры румянец выступаў на шчоках.– Ну-к, – прагучала кантральта, – давай пацалуемся хіба, ці што... Пастарэў ты, лэйбус, пастарэў... Спакайната стала ў вачах.– Якая тут спакайната, – усміхнуўся бацька.– Я і не кажу, што зусім спакайната. Проста больш чым трэба яе стала. A малайчына быў. Памятаеш, мужа-нябожчыка як з вады выхапіў? Зух быў, зух.Яна глянула на лёкая з іранічнай ухмылкай, бо той непаразумела глядзеў на Віялету, відавочна не ведаючы, што яму цяпер рабіць. Віялета ляжала, растапырыўшы ўсе чатыры лапы.– Вазьмі ўжо яе. Аддай Янку. Няхай ляжыць y карэце, калі пераела. Стрымацца не магла, тэльбушына прагная... A сам ідзі ў людскую... Выпі...Дапытліва зірнула на бацьку:– Спадзяюся, не паскупіўся ты на гарэлку для людзей?– Не паскупіўся.– Ну-ну. Тады ўжо як струбіш багацце – прыходзь да мяне. Хлігер адвяду для цябе дый для сабак тваіх.I гукнула ў карэту:– Вылазь, Ядзя. Не бойся, не пакрыўдзяць. З карэты другі лёкай дастаў маленькую і зграбную, як ляльку, дзяўчынку год дзевяці. Дзяўчынка была, таксама як лялька, апранута ў блакітную шаўковую сукенку, высока, амаль пад пахамі, перахопленую танюткім паяском. Валасы дзяўчынкі, попельныя, бязважкія, ляжалі ў доўгай – на грэчаскі манер – прычосцы.– Во пакутніца малая, – сказаў пяшчотна Мсціслаў.Алесь не смяяўся. Клейна не была яму смешная. Занадта добра, працягла, зусім як нейкая вясковая бабуля, гаварыла яна па-мужыцку. I было ў яе мове тое, чаго не бывае не ў вясковых людзей: закончаная меладычнасць кожнага сказа, уласцівая для мужыцкай мовы. Як удых і выдых. Колькі набрала паветра ў грудзі – столькі і аддала ім і праспявала сказ, шчодра, не пакінуўшы для сябе ні драбніцы паветра, каб вымавіць яшчэ адно слова.A малая Ядвіга і наогул кранала яго. Такая маленькая, як лялька. I раток лялечны. I вялізныя сінія вочы глядзяць з такой нявіннасцю і дабрынёй.A старая ўжо скардзілася бацьку:– Што гэта за час пайшоў? Што ўжо за долечка такая ліхая, апошняя? Гасцінец каменем забрукавалі ірады гэтыя дурныя. Грукоча і грукоча пад коламі. Раней дык як добра было! Пыл мякенькі, як той дзьмухавец, рысораў табе гэтых ніякіх. A цяпер! I брук, і рысоры. Быццам каменнямі мяне ўсю дарогу білі, як першапакутніка Стафана, бог яму няхай за ўсё адплаціць дабром... Рысораў напрыдумвалі... Гэта ўжо горш за карабель, на якім да мужа на Каўказ ехала, – так закалыхвала. Пасля іх гэта ўжо апошнія часіны нашы настаюць. Апошняя гадзіначка наша. Мудруюць людзі!Ядзя прыціснулася лялечным тварыкам да яе рукі, і яшчэ больш пяшчотнай і свежай здавалася скура на шчоках дзяўчынкі ў параўнанні з цёмнымі пальцамі старой.– Глядзі, – шапнуў Алесю Мсціслаў. – Гэта яшчэ што?У карэце яшчэ нешта заварушылася, a потым з яе вылез нехта такі дзіўны, што Алесь уздыхнуў. У гэтага дзесяцігадовага чалавека зусім не відаць было носа. Скура чорная, як вакса, і таму нос нельга было адразу заўважыць. Чорны, як сажа, стаяў ля карэты хлопец y блакітным курціку, і толькі вільготна блішчалі яго белыя зубы.