Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Гэта мой мурын, – з некаторым гонарам растлумачыла старая пані. – Саслужывец мужа-нябожчыка прывёз падарунак. Вымяняў аж y Турэччыне, калі хлот туды хадзіў...Мсціслаў падштурхнуў Алеся:– Пра гэтага і я чуў. Таркайлаў брат плётку пусціў, што гэта яна звычайнага хлапчука сажай вымазала... для пыхі. Дык яна яго набіла. Проста так і набіла старэчым сваім кіем. Каб не плявузгаў.– A нашы і не ведалі...– Вашы мала з кім сустракаюцца. Шляхта кажа: грэбуюць, заганарыліся... Ды і я толькі што чуў пра яго. Але ж які чорны! Я і не думаў, што можна быць такім чорным.Старая з дзяўчынкай і пан Юры ішлі ўжо да сходаў.– Ды нашто ён вам? – спытаў пан Юры.– A я і сама не ведаю нашто. Але ж павагу аказаў чалавек, нельга не ўзяць. Старая ўсміхнулася:– Мурын... Розныя дзівы бываюць... ой, розныя! I занепакоена спытала ў бацькі:– Быў жа, здаецца, святы з мурынаў? Ці, можа, не?– Быў, – сказаў бацька. – Здаецца, Хведар-мурын.– Ну вось, – уздыхнула з палёгкаю Клейна. – A я ж і спрачалася, што быў. Таксама, значыць, божыя душы. З сабак, скажам, a ці то з малпаў святых не бывае, не папусціць бог.– A людзі папусцяць?– Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.– Святых жа, здаецца, на ўсяленскіх саборах зацвярджалі? – блюзнерыў бацька.– A там што, не людзі? Таксама, брат, людзі. Не серафімскімі ж крыламі яны ў Нікеі Арыя завушалі. Звычайнымі кулакамі... Біліся, як мой Марка ў карчме.– Які гэта Марка?– Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць...Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.– A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія “серафімскія крылы”.Усміхнулася:– Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам...– Ды які я яму хросны? – зарагатаў бацька.– A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна... A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.– Прыгоннага.– Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.– A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?– Дык хто пойдзе?– Уce пойдуць, – сказала старая. – Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б... A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п’янюгі ды сабакары, – прабач, бацюхна.Памаўчала, падціснуўшы вусны.– A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:– Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка... квадратамі... Га?– Такія не будуць.– Ну то тады і добра... Будзе мне занятак на старасці год.