Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Божа, – сказала яна, – за што ж гэта? За што такое? Мне ён, урэшце, не больш прыемны, чым табе... Такі грубы, такое быдла... I гэты няшчасны, такі жалкі граф... З яго жыццём, з яго маладосцю...– Э, – сказаў бацька. – Ці мала іх з такой маладосцю? Вось былы наш губернатар, Міхаіл, граф Мураўёў. Пачынаў разам з тымі. Братоў павесілі – a ён y чынах ходзіць. Браты ў Сібіры, a ён член Дзяржаўнай Рады вось-вось будзе, калі ўжо не ёсць...– Georges, – умольна сказала маці, – я прашу цябе, ніколі больш не гавары пра забойствы... Прашу.– Добра, – сказаў бацька. – Я толькі думаю... Трэба аб’явіць гасцям.– Так, канешне ж так, – заспяшалася маці. – Адразу ж зрабі.– Ану маўчыце... вераб’і, – сказала Клейна.– Што? – спытала маці.– Глупства не вярзіце, – сказала старая. – Свята юнаку сапсуеце – чым ён вінаваты? Ён, ці што, з дурным дзядзькам сваволіў ды з паручнікам страляў?– Што ж рабіць? – жаласна спытала маці.– Маўчаць, – кінула Клейна.– Гэта цяжка, – сказаў бацька.– A вы цяжар y душы нясіце... Гэта вам пакута за дурнога сваяка...Уздыхнула. Сказала ўжо больш спакойна:– Святкуйце... Святкуйце, каб сынок ніколі не быў такі.– Я ведаю, – небывала сур’ёзна сказаў бацька. – Я і сам хацеў гэтага.– За гэта я і люблю цябе, князь-вісус, – сказала Клейна....A ў гэты час Алесь пытаў y Мсціслава:– Што там адбылося? Нічога не разумею.– I я не разумею, – сказаў Мсціслаў. – Дарослыя... Ты вось скажы мне, ведаеш ты таго даўгавусага?– A я ведаю, – весела віскнула Ядзя, амаль дагодліва гледзячы ў Алесевы вочы.Дзяўчынка, здаволеная тым, што і яна, нарэшце, можа быць карыснай y такой цудоўнай кампаніі, весела засакатала:– Мы з маці былі аднойчы ў старога Вежы... Стары Вежа маці паважае... I гэтага даўгавусага мы там бачылі... Гэта Кандраці, малочны брат старога Вежы. Ён наглядае за яго лясамі....А бацька, між тым, таксама заўважыў даўгавусага.– Вось ён, Антаніда, – сказаў пан Юры. – Напэўна і з Вежам нешта не да ладу.Кандраці наблізіўся да паноў. Глядзеў на іх трохі нават вінавата. Але ганарыста выступала з-пад доўгіх вусоў крутая ніжняя сківіца.– Што здарылася, Кандраці? – спытала маці Антаніда.– Стары пан просіць прабачэння, – суха сказаў даглядчык. – Ён не зможа прыехаць... У яго... гм... падагра...– Што за чорт, – сказаў бацька, – ніколі ў яго ніякай падагры не было.– Я ўсё разумею, любы, – сумна сказала пані Антаніда.Кандраці крэкнуў ад шкадобы.– Пан просіць прабачэння, – са скрухай паўтарыў ён. – Падарункі княжычу едуць. Будуць тут праз гадзіну... Пан таксама пасылае пані і сыну сваю любоў. I пані Клейне пасылае сваю любоў...– Патрэбна яна мне ўжо дужа, тая любоў, – сказала Клейна. – I тут не мог як усе людзі зрабіць, казёл стары... A я з ім яшчэ менуэт калісь танцавала.– ...і пану Графу Ісленьеву – сваю любоў, – спяшаўся Кандраці. – A маладому князю сваю непарушную любоў і блаславенне... A сам просіць прабачэння...– Кандраці, – сказала матухна. – Скажы, чаму ён так зрабіў?– Не магу ведаць, – апусціў вочы даглядчык.– I ўсё ж? На нас злуецца?Наглядчык яшчэ ніжэй апусціў галаву.– Ён сказаў... Ён сказаў... “Халуі ўсе”. Бацька толькі рукою махнуў:– Ну і добра. Заставайся тады ты замест яго. I на месца яго за сталом сядзеш. Кандраці пакланіўся:– I ён мне так сказаў... Сказаў, што шчаслівы быў бы, каб я мог замяніць яго... Ды толькі прабачце, пан Юры, прабачце, паніматка, я гэтага аніяк не магу, бо я хаця і вольнаадпушчанік, a ўсё адно свайму малочнаму брату раб, a фаміліі вашай давеку ўдзячны і шкодзіць яе гонару аніяк не згодны.