Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

На твары Загорскага быў такі разгублены выраз, што Клейна няўлоўна ўсміхнулася, a ў вачах яе загарэўся гарэзлівы, амаль дзіцячы, малады агеньчык.– Ідзі, бацюхна, – сказала яна бацьку. – Ідзі, пазнаём сына з Раўбічамі. Я ўжо тут неяк сама спраўлюся, можа... Ану, хадзем са мною, пане Кандрат. Паходзім між гасцей. Ты мяне, старую, пад руку паводзіш – хай госцейкі шаноўныя асудзяць. Калі Вежа так сказаў, дык мы яго ўважым...– Яны не наважацца, – змрочна сказаў Кандраці.– Правільна, – згадзілася старая. – У тым і бяда, што ён мае рацыю, стары казёл. Халуі ўсе. Што б дужы ні зрабіў – змоўчаць. Вольнасць y ix адабралі – змоўчалі. Са старых паселішчаў сагналі – змоўчалі. Прымусілі права на шляхецтва даводзіць – і тут яны змоўчалі.Моцна сціснула локаць Кандрацію, давяральна шапнула яму на вуха:– Ты прабач, Кандраці. Ты ідзі і рабі выгляд, што цябе вядуць, што табе няёмка... Я прыдумала – мой і адказ... Надта ўжо мне, старой, ix падражніць хочацца.– A вы падумалі, як гэта мне? – спытаў Кандраці.– Падумала, – вельмі сур’ёзна сказала Клейна. – Падумала, бацюхна. Ведаю – цяжка. Але ж я цябе, чортавага сына, люблю, сам ведаеш. Дык ты паступіся, паступіся на хвіліну гонарам... Няўжо вялікая цана, каб поўху ўсім гэтым хвостміжножнікам даць? Га?Кандраці глядзеў на яе, сурова выпнуўшы крутую сківіцу. Потым y яго вачах таксама зацепліліся іскаркі. Ён рашуча крэкнуў, вызваліў перадплечча з пальцаў Клейны і далікатна ўзяў яе пад локаць.Дзівосная пара пайшла па тэрасе. Клейна і Кандраці ішлі, паважна размаўляючы аб нечым, міма купак гасцей, сустракалі там-сям здзіўленыя альбо шакіраваныя міны. Тады старая зіркала проста на ix цяжка і ўладна – і вочы апускаліся....А пан Юры тым часам вёў Алеся праз танцавальную залу, авальную, з тонкімі белымі калонамі і хорамі, на якіх ужо брынкліва настройваў скрыпкі і басы аркестр. Шматлікія госці купкамі стаялі між калон, гаманілі і смяяліся. Пан Юры і Алесь падышлі да адной з купак.– Знаёмцеся, – сказаў Загорскі. – Гэта мой сын... A гэта Раўбічы, сынок, бліжэйшыя нашы суседзі... Вось гэта пан Яраслаў Раўбіч.Алесь схіліў галаву, a потым, можа, занадта рэзка, ускінуў яе. Яму аніяк не хацелася, каб нехта заўважыў y ягоным паклоне нясмеласць. A ён пабойваўся. Усё ж гэта быў той самы Раўбіч, y доме якога гарэў далёкі агеньчык, такі маленькі, як іскра... Той самы Раўбіч, якога лічылі чараўніком вясковыя дзеці. Той Раўбіч, з падполаў якога цягнула серай. Той Раўбіч, пра якога казалі, можа, і зусім няпраўду, быццам ён страляў на раздарожжы ў прычасць.Раўбіч уважна глядзеў на Алеся. Быў ён сярэдняга росту, але моцна складзены, з кароткай шыяй і магутнымі пукатымі грудзьмі. Чорныя як смоль і сівыя на скронях валасы стваралі на патыліцы магутную грыву, a спераду падалі на лоб касой скобкай. Твар быў шыракаваты ў скулах, але ладна вытачаны. Бровы доўгія, вычварна зламаныя і таму пагардлівыя, a лоб пераходзіў y нос амаль роўна, як на старых статуях. Шчыльна сціснутыя вусны вялікага рота, высокі гладкі лоб – усё гэта пасавала да агульнага выгляду і рабіла няправільны ўвогуле твар нейкім па-мужчынску прыгожым. Але самыя дзіўныя былі вочы: халодныя, карыя, з такімі пашыранымі зрэнкамі, што райка, здаецца, зусім не было. Гэтаму ўражанню дапамагала яшчэ і тое, што вейкі былі доўгія і густыя, зусім не мужчынскія, a на павеках, займаючы ўсе вачніцы, ляжаў асмужаны цёмны цень.