Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Страшнавата было глядзець y гэтыя вочы. I ўсё ж Алесь глядзеў. Гэты твар палохаў, але адначасова нечым прыцягваў яго. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар....Вочы без райка глядзелі ў вочы хлопцу, быццам выпрабоўваючы. I Алесь, хаця яму было амаль фізічна цяжка, не апусціў вачэй. I тады, пасля хвіліны гэтай нямой дуэлі, на сціснутых вуснах y Раўбіча з’явілася ўсмешка.– Будзе сапраўдны князь, – трошкі нават расчулена сказаў ён. – Не сродак, не цацка чужой сілы... Віншую цябе, гаспадар Юры.Толькі калі Раўбіч адвёў вочы, Алесь заўважыў, якая на ім дзівосная вопратка. Гэта быў сурдут не сурдут, a нешта пашытае пад кароткую і шырокую чугу. Пашытае, відаць, першакласным майстрам з вельмі дарагога, танюткага шэра-блакітнага сукна. Каб не гэта, Раўбіч выглядаў бы старасвецкім дваранінам з мядзведжага кута.Усё астатняе было звычайнае: шэрыя панталоны, забраныя ў боты на высакаватых абцасах. Усё, акрамя аднаго: запясце правай рукі, жылістае і загарэлае, моцна перахопліваў шырокі жалезны бранзалет, пацьмянелы ў паглыбленнях, бліскучы на пукатых паверхнях, зроблены таксама па-майстэрску. Алесь краем вока заўважыў на ім нейкія трыліснікі, сцябліны чартапалоху, стылізаваную шыпшыну на капцы і фігурку конніка на шалёным кані. Ад гэтых назіранняў адарваў яго мяккі жаночы голас:– Яраш, ты паглядзі толькі, які ён зараз гожанькі. Проста хлопчык з партрэта Аляшкевіча.Абражаны гэтымі словамі, ён таргануў галавой управа і сустрэў спакойны позірк цёмна-блакітных вачэй сталай жанчыны, якая стаяла побач з Раўбічам. Жанчына была звычайная, з русай каронай валасоў на галаве, з трошкі вінаватай, вельмі жаночай усмешкай на прывялых вуснах.– Вось вам і мой старэйшы, пані Эвеліна, – сказаў бацька. – Бачыце, які недарасль выгадаваўся.– Які ён недарасль, – сказала Раўбічава. – Ён проста харошы хлапчына. Якраз таварыш майму Франсу. Пазнаёмцеся, дзеці...Франс, чорнавалосы, матава-бледны, прыгожы хлопчык, працягнуў Алесю руку з пачуццём уласнай годнасці. Тонкі рот ветліва і трошкі завучана ўсміхаўся. Малады Раўбіч, асабліва ладны ў сваім бездакорным дзіцячым фраку з чорнага тонкага сукна, схіліў галаву:– Мяркую, вы цяпер будзеце ў нас частым госцем, князь, – сказаў ён па-французску. – Ваша свята падабаецца ўсім, і вы таксама.Алесь таксама схіліў галаву. Паводзіны Франса яго забаўлялі, і ён паспеў заўважыць за манерамі маладога прыдворнага тое, што ратавала Франса і не рабіла яго смешным: нейкую ўнутраную іронію да таго, што ён казаў.– Чаму вы не прывезлі сваёй малодшай? – ветліва спытаў пан Юры. – Старэйшую я заўважыў. A Наталі няма...– Што вы, – вінаватая ўсмешка Раўбічавай рабіла яе твар асабліва прыемным. – Наталі ж толькі два гады.– Гэта дзіцячае свята, – сказаў бацька і падкрэсліў: – Таму я і запрашаў усіх. Для такіх гасцей мы аддалі асобны пакой з цацкамі.– Я думаю, што наступны раз мы выправімся, – сказала пані Эвеліна. – A пакуль што, сапраўды, дзе ж старэйшая?З натоўпу гасцей якраз y гэтую хвіліну выбралася дзяўчынка, – гады мо на два маладзейшая за Алеся, – па-дзіцячы даўганогая, y белай, званочкам, сукенцы, што адкрывала яе загарэлыя моцныя ножкі.– Notre enfant terrible1, – з усмешкай сказала Раўбічава.Enfant terrible набліжалася да іх даволі рашуча і амаль цягнула за руку, як вялізную ляльку, Ядзечку Клейну. Тая ледзь паспявала за сваёй мучыцелькай.