Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Вось, – сказала мучыцелька. – Вось яна, Ядзя. Так і не ўцякла.– Вечар добры, Ядзенька, – сказала Раўбічава. – A ты, Міхаліна, трымай сябе прыстойна. Вось хлопчык, якога сёння стрыглі, пазнаёмся з ім.– Яго толькі сёння стрыглі? – прыўзняла бровы дзяўчынка. – Зусім як дзяўчынку... Бедны!Вочы Раўбіча смяяліся. Ён скоса глянуў на пана Юрыя і сустрэў яго вясёлы позірк.– Не чапляйся да слоў, Міхаліна, – сказала Раўбічава.– Ма-а, – з дакорам сказала малое, – ты ж ведаеш, я не люблю...– Не чапляйся да маіх слоў, Майка, – больш паблажліва сказала маці.– Не буду, – сказала Майка. – Дальбог, не буду, матулечка.I глянула на Алеся халаднаватымі вачыма.– У вас нейкае зусім сялянскае імя, хлопчык, – паважным птушыным галаском сказала яна. – Чаму б гэта?Алесь раззлаваўся:– A чаму гэта ў вас такое дзіўнае імя, маленькая дзяўчынка?Белая шаўковая яе сукенка прыемна адцяняла слабы залацісты загар на руках. Валасы былі сабраны ў высокую прычоску, смешную на дзіцячай галоўцы.“Каб не язык, зусім някепскае было б дзяўчо. Адцягаць бы цябе за валасы. Ведала б, як жарты строіць”.A пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы.Дзяўчынка ўздыхнула і першая адвяла позірк, не вытрымала. Губкі яе таргануліся, бы ад няўлоўнай крыўды. Але яна стрымалася і знешне спакойна паправіла на плячах доўгую карункавую мантылью. Калі яна гэта рабіла, яе рукі агаліліся вышэй локцяў, няспрытныя, худыя, як пруцікі, рукі з вострымі локцікамі. I гэта неяк памірыла з ёю Алеся, бо ён адчуў сябе мацнейшым.Бацька падміргнуў Раўбічу, і дарослыя перасталі звяртаць увагу на дзяцей. Пан Юры падаў знак музыкам, і тыя грымнулі нейкую ўрачыста-сумную мелодыю.– Прыгонны капельмайстар Вежы напісаў, – сказаў Раўбічу бацька. – Спецыяльна на гэты дзень...A музыка грала. З нейкай гордай прыхаванай сілай. Ці то шумеў сітняг на бясконцых балотах, ці то чуўся ў цемры стомлена-мужны крок тысяч ног? Ён перарываўся часам, каб даць месца чамусьці змрочнаму і цяжкаму, a потым зноў гучаў.I, прашываючы гэта, срэбная, нібы з жураўлінага горла, вяла сола труба.Алеся як сціснула нешта за горла. Ён кінуў вачыма на Раўбіча і ўбачыў, што ў таго апушчаны свінцова-цяжкія павекі.– Назва? – спытаў Раўбіч адрывіста.– “Курганная шыпшына”, – адказаў бацька. – Бадай, ці не надта змрочна для такога дня. Але Вежа настойваў.– Правільна зрабіў Вежа, – пасля паўзы сказаў Раўбіч.Труба змоўкла. Госці стаялі трошкі адурэлыя ад нечаканага пачатку. I ў гэтай цішыні бацька выступіў амаль на сярэдзіну залы.– Шаноўныя панове. Шаноўныя гаспадыні і гаспадары. Сённяшні дзень – першы дзень юнацтва майго сына. Музыка, якой вы так былі здзіўлены, была напісана дзеля яго і гралася для яго. Яна не датычыцца вас. У гэты ўрачысты вечар вы павінны весяліцца.Бацька быў бадай непрыемны Алесю ў гэтую хвіліну. Алесь зірнуў на Раўбіча, сустрэў яго позірк і зразумеў, што той адчувае тое ж самае.– Сёння свята дзяцей, – казаў далей бацька. – I таму першы танец належыць дзецям... Дзеці, станьце ў пары... Алесь, выберы даму для першай пары.Невядома, як гэта выйшла, Алесь яшчэ за хвіліну зусім не хацеў гэтага, – але ён стаяў ля Майкі і працягнуў гэтай агіднай зласлівіцы сваю руку... За ім, другой парай, стаялі Франс з Ядвігай, потым – Мсціслаў з нейкай дзяўчынкай, яшчэ і яшчэ пары.Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза.