Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

I тады Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і лёгкую сілу, якая раптам наліла ўсё цела, паважна, на пальчыках, пайшоў, павёў даму да дзвярэй y малую залу, якія, зусім па-чарадзейску, самі адчыніліся ў другім канцы вялікай залы....Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецер – за кожным кутам хаты дастане. Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Магла завесці з Мсціславам размову аб тым, якія смешныя інтанацыі ў мове мужыкоў і як яны дзіўна, нязграбна рухаюцца. I хаця гэта было несправядліва, Мсціслаў пакутліва чырванеў за сябра і яшчэ за сябе, бо яна з ім загаварыла, a яму гэта было прыемна.Алесь з кожным танцам падыходзіў да яе і адразу бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык, робіцца пакорлівы і амаль бязвольны: апушчаныя доўгія вейкі, крыху ўсмешлівы рот. Яна ішла з ім y танцы менавіта так, як хацеў ён, a y перапынках зноў расплюшчвала вочы і казала:– Шкада, што ў дзяцей няма бальных запісных кніжак... О, каб былі!.. На гэты баль y ёй стаялі б дваццаць прозвішчаў – кожны запісваў бы сваё... I я танцавала б увесь вечар з рознымі.I ён зноў злаваўся: аднойчы нават пайшоў скакаць мазурку з маленькай Ядзенькай Клейнай. Заўважыў, як ахвотна яна падала яму ручку, як уздыхнула з радасці, што ён падышоў, аж заззялі яе лялечныя, вялікія вочы....А потым быў перапынак, калі разносілі марожанае. I тут Ядзенькай заняўся Франс. Сам прынёс ёй вазачку, сам стаяў ля яе, сам потым павёў да дзвярэй на тэрасу.Тут і падышла да хлопца Майка. Хлопец пайшоў са злосці на веранду і стаяў там, гледзячы на рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі, якія прыгожа беглі ў цемру алей. A яна адшукала там яго, стала побач, хутаючы плечы ў белую мантылью.– Сумна, калі няма танцаў, – сказала яна. – Я танцавала б тры дні... A вы?Ён памаўчаў, a потым усміхнуўся:– Я таксама. Мне падабаецца, як вы танцуеце...– Праўда? – загарэлася яна. – Ядзенька ж лепей?– I гэта так... Але мне падабаецца, як танцуеце вы.Размова ішла па-французску, і яму часам даводзілася шукаць словы. Таму ён наўмысна гаварыў запаволена, з паўзамі.– Давайце ўцячом адсюль на некалькі хвілін, – сказала яна. – Пойдзем y парк. Тут горача...У парку асветлены былі толькі галоўныя алеі. Спачатку па іх ішлі ланцужкі ліхтарыкаў: аранжавыя, блакітныя, чырвоныя, яны пагойдваліся сярод лістоты. Потым пайшлі звычайныя зыркія каганцы. Іхняе полымя мігцела часам ад нячутнага ветрыку, і сетка, сплеценая з ценю і святла, бегала па жвіры, па галінках, па ствалах магутных дрэў, па дзвюх маленькіх фігурках, якія ішлі ў ноч.Каганцы таксама скончыліся, зусім непадалёку ад стаўка, над якім схіліліся вербы.I тут іх агарнула ноч з ціхім шалёсканнем маленькіх хваль на вадзе.Над стаўком перакочваўся ў хмарках бледны месяц. Некаторы час дзеці стаялі моўчкі, гледзячы на месячную дарожку, яркую ля другога берага і зусім цьмяную ля іхніх ног.– Вы ўвесь час так маўчыцё? – спытала яна. Яна не разумела, што ў ціхі час людзі павінны маўчаць, што мова ў такую часіну не гучыць. Непадрыхтаваны, ён шукаў слоў, якія павінны былі легчы на ноты цішыні. Але новыя ўражанні ў яго былі яшчэ кароткія і мізэрныя, ён міжволі звярнуўся да старых, больш моцных.– Рыба любіць цёмныя ночы, – сказаў ён. – Але ўсё адно ў такую ноч яе лавіць прыгажэй. Дзеці апранаюць цёплае... рыззё і ідуць з... таптухай. – Дзіўна гучала ў французскім сказе слова “таптуха”. – Падстаўляюць яе пад вадзяныя хмызы, топчуць... I рыба ў сетцы ўся блішчыць, як блакітны жар. Пераліваецца, скача... A месяц плыве...