Актуальная информация Композиции из воздушных шаров Одесса у нас на сайте.

Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў... Бач, запырскалася ўся.Хлопцы глядзелi, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з’явiлiся слёзы.– Дурнi, – сказаў ён, – напалохалi дзяўчо. I ты дурань... Дурань ты, вось хто... Калi я не ваш, дык я i пайду... Не вельмi трэба... Толькi ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцiнцы магiлёўскiх або мiрскiх старцоў з лiрамi – з iмi рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай i з халернымi вашымi акунямi.Ён зайшоў па пояс у ваду i пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.– Чакай, – сказаў Павал. – Давай памагу... Ты... даруй...Алесь выпрастаўся. Так яны i стаялi адзiн супраць аднаго i напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкi была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалi на твар i грудзi шызыя струменьчыкi. Яны цяклi i ад вачэй, i нельга было зразумець, вада гэта цi слёзы.– Паўлюк, – цiха спытаў Алесь, – няўжо возьмуць?– Не ведаю, – няшчыра сказаў той. – Можа, i абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.Яны мылiся моўчкi. Яня i салiдны Юрась сядзелi ля самага берага, i Юрась браў вялiзнай чарапашкай ваду i палiваў Янiн жывот.– Дзецi, – прагучаў голас з адхону, – досыць вам боўтацца: вярба са с... вырасце.Над урвiшчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавiц. Стаяў, абапiраючыся на кантовы чорны кiй з вострым канцом.– Вылазьце, цi што?Яны, дзядуля, зараз, – вiскнула Янька. Позiрк дзеда адразу памякчэў, як толъкi ён глянуў на дзяўчынку.– То добра. Вылазьце. Я пайду. Хлопцы моўчкi дамылiся. Юрась i круглая Янька паднялiся ўжо на адхон i знiклi за грушай.– Вось i печку, у якой летась бульбу пяклi, абурыў Дняпро, – хаваючы вочы, сказаў Алесь.Сапраўды, у адхоне, на свежай адколiне, вiдаць была толькi неглыбокая чорная ямка. Яны ўсё яшчэ марудзiлi, быццам бачылi Дняпро апошнi раз. Алесь паставiў нагу на вялiзную камлыгу зямлi, што коса ссунулася ў ваду i напалову затанула ў ёй.На той частцы, што яшчэ заставалася над вадою, спяшалiся дацвiсцi гусiныя лапкi i жоўты падбел. А iхнiя браты, пад вадою, таксама яшчэ цвiлi, але былi бескаляровыя, быццам iх пакiнула жыццё. У Алеся балюча сцiснула горла. – Хадзем, – цiха сказаў яму Павал. ...Ад грушы вяла да хаты вузкая сцежка. Па абодва бакi ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, i надта белымi i танюткiмi здавалiся ствалы яблынь i вiшань, пабеленыя вапнай. Бязважкi салатавы пух ахутваў дрэвы, i асаблiва шэрай i безжыццёвай выглядала ў гэтай зялёнай хмары старая хата Кагутоў з надворнымі пабудовамi, размешчанымi лiтарай “П”. Сцены хаты, сухiя, з глыбокiмi расколiнамi, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха з такiм тоўстым пластом смарагдавага вiльготнага моху, што можна было засунуць руку амаль па локаць.Арабiны i вiнаград – так завуць у Прыдняпроўi карычку1 – буянымi хвалямi перахлёствалi цераз мёртвы кaрaвы пляцень, быццам iмкнулiся схаваць ад вачэй людскiх яго пачварнасць.Над дрэвамi ўжо ўзляталi бронзавыя хрушчы. Сонца хiлiлася на захад, i ў вячэрнiм паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны.Дзед з малодшымi сядзеў на прызбе, доўгi, снежна-белы ў сваей кужэльнай вопратцы. Сад садзiў ён. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўi пры кожнай сялянскай хаце было не болыш як тры-чатыры дрэвы. Быў, праўда, загад прыдняпроўскай шляхецкай рады, каб кожны садзiў сады, але паслухаўся яго далёка не кожны.