Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Ён асекся, заўважыўшы, як грэбліва апусціўся куточак яе рота.– Я гэтых забаў не разумею, – быццам назнарок, быццам жадаючы падражніць, сказала яна. – “Таптуха”, “рыззё”... Мілагучныя словы, нічога не скажаш.Тут раззлаваўся і ён:– A ў чым жа яшчэ па рыбу лазіць... У гэтай маёй маскараднай чузе?.. У вашай мантыльі? Смеху варта...– Чым гэта вам не спадабалася мая мантылья? – іранічна, зусім як дарослая, спытала яна.– A тым, што няма чаго выпінацца. A тым, што гэтыя словы аніяк не горшыя за вашы, – ён сыпаў гэта па-мужыцку, быццам праз бур’ян лез без дарогі. – A тым, што сорам удаваць з сябе дарослую і смяяцца з людзей, якіх не ведаеш.– Я і не хачу ведаць, – нейкім асаблівым, вельмі агідным тонам сказала яна. – Вядома, y вас была дагэтуль зусім асобная кампанія. La compagnie exception-nelle1.Яна асабліва падкрэсліла гэтыя словы:– La compagnie ex-ceptee з “тап-ту-хай”.

У гэты момант яна здалася яму такой дурніцай, што ён зарагатаў. Гэта, здавалася, збянтэжыла яе. Ужо значна менш упэўнена, але ўсё яшчэ з гонарам яна сказала:– Je n’aime pas le gros rire1.– Я таксама не люблю, – зусім спакойна і зноў па-французску сказаў ён і дадаў: – Я думаю, нам лепей за ўсё вярнуцца.– Мне не хочацца, – паціснула плячыма яна.– A мне не хочацца заставацца тут. I я не магу тут пакінуць вас адну...– То што? – спытала яна.– То я завяду вас сілком.– Ого, паспрабуйце.I, перш чым ён паспеў працягнуць да яе руку, яна скочыла ўбок і, як каза, узбегла па нахіленым ствале старой вярбы, стала ў яе галінах, невыразна бялеючы над цёмнай вадой.– Сыдзіде адтуль, – сказаў ён. – Вярба крохкая.– I не падумаю.– Я вам сур’ёзна кажу.Замест адказу яна здзекліва заспявала французскую песеньку пра медзведзяня, якое спаймалі ў лесе і аддалі на вывучку жанглёрам. Яго імкнуліся навучыць, але ў жанглёраў усё адно нічога не выйшла: занадта яно было тупое і няспрытнае. Яно так і не навучылася скакаць, a калі спявала, то спявала, як y лесе, і нават жанглёры затыкалі вушы.Стоячы на дрэве, яна гайдалася ў такт смешнай песеньцы і здзекліва спявала, з асаблівым захапленнем выводзячы прыпеў:Les choses n’iront pas!Гэта было нават не вельмі складна. Бог ведае, на колькіх мясцовых вуснах пабывала смешная дзіцячая песня, пакуль не абцерлася да такога.A таму Алесь сумна паківаў галавою:– Я думаў, вы зусім іншая. A вы проста злое і вельмі дрэнна выхаванае дзяўчо.З гэтымі словамі ён павярнуўся і спакойна пайшоў прэч ад вярбы.I раптам за яго спіною пачулася выразнае “крэк” і ўслед за тым ускрык. Вярба сапраўды была крохкая.Ён азірнуўся. Тоўсты сук надламаўся і цяпер, гайдаючыся, боўтаўся ў вадзе. A на ім, – паспела-такі зачапіцца, – трымаючыся адной рукой за яго, a другой за ствол, вісела Майка.Ён кінуўся да вярбы, узбег па ствале і, моцна абняўшы левай рукой тоўстую разгаліну, правую падаў Майцы.– Трымайся.Яна ўхапілася. Ён цягнуў яе, але адной рукой нічога не мог зрабіць. I тады ён сеў, абхапіўшы нагамі ствол, і пацягнуў дзяўчынку абедзвюма рукамі. Ён доўга біўся, пакуль яму ўдалося ўсцягнуць яе на вярбу.Яны пачалі спускацца. Ужо на беразе ён акінуў яе позіркам і ўбачыў, што яна нават не падрала сукенкі. Быццам нічога не здарылася, яна памахала рукой.– Я ж кажу: мядзведзь. Хапае за руку, як за сук.– Даскакалася?Ён адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб адколіну сука.– A хто вас прасіў? – спытала яна. – Лезеце тут...