Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Тады ён не вытрымаў. Дрыжучы ад злосці, схапіў яе левай рукой за плячо, a правай даў плескача па тым месцы, дзе спіна перастае называцца спіной...Пасля ён моўчкі зрабіў рукой знак, каб яна пайшла.Яна не ішла. Стаяла і глядзела на яго.– Мяне ніколі не білі, – хутчэй з непаразуменнем, чым з крыўдай, сказала яна. Ён маўчаў.– Дальбог, ніколі... Тут ён азваўся:– I дарэмна. Ідзі адсюль.Яна вагалася. Нават уздыхнула ў цемры. I тут ён пачуў нешта такое...– Можа, і ёсцека тут праўда... – амаль з вясковым прыдыханнем сказала яна. Зусім чыста па-мужыцку...– Ты што ж... I гаварыць можаш? – спытаў ён. – Чаго ж прыкідвалася?– Бацька са мною, калі не пры гасцях, заўсёды так гаворыць, – уздыхнула яна. – A прыкідвалася... так проста.– Ну і брыда, – са злосцю сказаў ён. – Ідзі адсюль. Ну, чаго стаіш? Ідзі, кажу.– Я ніколі больш не буду спяваць песню пра медзведзяня, – сказала яна.Ён размяк. Узяў яе далонямі за галаву.– Ты... не плач, – сказаў ён. – Не трэба. Майка парывіста прытулілася да яго.– О, прабач, прабач, Алесь, – уздыхнула, як усхліпнула, яна. – Я ніколі больш не буду так.Алесь баяўся, што яна расплачацца. Магчыма, так і здарылася б, каб яна краем вока не заўважыла кропляў крыві на яго запясці.– Што гэта?– А, глупства.– О, прабач, Алесь... Што ж цяпер рабіць? Ага, ведаю. Я завяжу табе руку паловай гэтай мантыльі. I кроў цячы не будзе, і ніхто не даведаецца, што ты параніўся. Падумаюць, што я проста дала табе павязку, як y песнях.I, перш чым ён паспеў сказаць нешта, яна прыўзняла ў тонкіх руках белы вэлюм, павяла вострымі локцікамі ў бакі, і ў цемры прагучаў рэзкі гук.– I на цябе не будуць сварыцца, што падзерла? – спытаў Алесь.– На мяне ніколі не сварацца, – сказала яна. Яна зрабіла павязку з бантам, як шалік. Ніхто б і не здагадаўся, што гэта павязка. A потым яны пайшлі да палаца, адкуль ужо далятала музыка: пайшлі спярша па спляценні ценю і святла ад каганцоў, потым па каляровых плямах ад ліхтарыкаў.Каля самага ганка яна павярнулася і, гледзячы яму ў вочы, сказала:– Я ніколі не буду... Толькі і ты... паменш танцуй з Ядзечкай... Добра?– Добра, – паабяцаў ён....А потым свісталі, імкнуліся кудысь над цёмнымі верхавінамі палымяныя змеі, зменлівае святло бегла па тварах людзей на тэрасе, a італьянскія таполі здаваліся то срэбнымі, то зусім чырвонымі, як кроў. Шалёна круціліся агнявыя колы, гучна лопаліся шматкаляровыя буракі, гарэлі ў небе літары “A” i “З”, і Майка міжвольна ўздрыгвала, калі новы барвяны дракон ляцеў y неба.Калі садзіліся за стол і Майка села побач з Aлeceм, y Ядзечкі сталі такія вочы, што Алесь сумеўся: няўжо каму-небудзь магло быць не так весела, як яму. I тады Майка прыцягнула “ляльку” за руку і пасадзіла таксама побач з Алесем, толькі з другога, правага боку, і загаварыла з ёй, і Ядзі таксама зрабілася весела, тым больш што і Франс сеў з ёю, a Мсціслаў, з месца насупраць, жартаваў так, што ўсе аж трэсліся ад смеху.A потым госці асталіся за сталамі, a дзеці пайшлі датанцоўваць. Але танцаваць ужо не так хацелася, і Алесь, Ядзя, Майка, Мсціслаў, Янка і Франс распачалі вясёлую гульню: падчас танцаў хто-небудзь знікаў, тады астатнія, спахапіўшыся, пачыналі яго шукаць y напаўцёмных i зусім цёмных сумежных пакоях.I вось калі Алесю выпала шукаць, ён выпадкова стаў сведкам незразумелай і таму трошкі непрыемнай сцэны.Ён абышоў ужо тры ці чатыры пакоі і нячутна крочыў авальным пакоем, дзе ў нішах стаяў такі моцны і прыемны водар кветак – зусім бы ў трапічным лесе – і дзе ў адной, самай вялікай, нішы паплюхваў фантанчык. I вось y гэтай самай нішы ён раптам пачуў мужчынскі голас і спыніўся. Там было два галасы: бацькаў і графа Ісленьева.