Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Півошчынцам з гэтай прычыны было лягчэй, чым сялянам Кроераўшчыны, другой вёскі пана Канстанціна. Там шэсцьсот астатніх рэвізскіх душ жылі на зямлі, багацей за якую была толькі зямля Загорскага-Вежы, і спаўна адраблялі ўрокі. Ім даводзілася тры дні на тыдзень, па ўмове, працаваць ад цямна да цямна, a з пятнаццатага мая па пятнаццатае жніўня – з пяці гадзін раніцы да заходу сонца.Працавалі многа, як быццам пан Кроер меў не тысячу душ, a нейкіх няшчасных сто. Многа яшчэ і таму, што Кроер y свае сорак пяць год хадзіў ycё яшчэ “ў дзяўкох”, a такія звычайна выдаткуюць меней. Але ж вядома, нежанаты пан часам большая бяда, чым той, y каго пяцёра дзяцей. A ў Кроера быў яшчэ і няшчасны для мужыкоў разгульны характар. Жаніцца ён наогул не хацеў і яшчэ больш не хацеў пасля смерці павялічваць багацце Загорскіх, якім пераходзілі ў спадчыну цераз маці Алеся, “любенькую стрыечніцу, святую дурніцу”, вёскі пана. Таму пан Канстанцін і разбаляваўся так. Супыну на яго не было.Таму мужыкі і працавалі на яго лішні дзень, чым гэта заведзена было ў больш дробных паноў, што ледзь ліпелі на сваіх лічаных валоках.I гэта ў той час, калі па ўсім Прыдняпроўі звычаёвае права прадугледжвала два дні паншчыны. Два дні па чатырнаццаць гадзін. Патрабаваць большага – паны ведалі – нявыгадна. Звычаёвае права вялося ледзь не з літоўскіх часоў, калі трэба было дагаджаць, каб памежныя землі не чынілі здрады, і за стагоддзі так уелася ў плоць і кроў жыхароў, што мяняць яго было проста небяспечна: пачнуць працаваць цераз пень-калоду, не будуць сачыць за панскімі земляробчымі прыладамі, пераламаюць іх – “гары яны ясным гарам, калі такая ўжо справа”. A тады палі зарастуць гірсай, і скулле ўжо атрымаеш з іх.Ды і ўрокі цяжкаватыя на два панскія дні. Гаспадар дома павінен быў за дзень узараць сахою – не мяльчэй як на два вяршкі – палову дзесяціны гліністай зямлі, або забаранаваць морг, або пасеяць шэсць маргоў, што ўжо зусім цяжка. A то – перавезці на дваццаць пяць вёрст ад васемнаццаці да дваццаці пудоў.На ворыва і сяўбу ішлі сям’ёй, бо аднаму не ўправіцца. Сям’ёй ішлі і на панскую малацьбу, бо трэба было за дзень паншчыны абмалаціць азіміны адну капу, a ярыны – дзве. A капа – шэсцьдзесят снапоў, a кожны сноп ля перавясла – аршын кругам.Больш мяккі, параўнаўча з цэнтральнымі губернямі, характар прыгону ў Заходнім краі тлумачыўся яшчэ і тым, што ўрад таксама не вельмі дазваляў ламаць звычаёвае права. I не таму, што яно было на руку мужыкам, – чхаць на гэта хацеў Пецярбург! – a таму, што яно было адным з краевугольных камянёў адноснага спакою, адным са сродкаў мець управу на дваранства. A яно ўсё яшчэ не магло забыць даўнейшай шляхецкай “вольнасці” і ваўкамі драпежнымі глядзела ў лес.Мера гэтая была, аднак, палавінчатая і нікога не задавальняла.Урад гэта не задавальняла таму, што спакою ўсё адно не было: край, як парахавая бочка, a прыбытку з яго – каціныя слёзы. Дваран гэта не задавальняла па тых жа прычынах, ды яшчэ яны былі пакрыўджаныя недаверам да іх урадавых колаў.A мужыкоў гэта не задавальняла таму, што для іх з падзелам Польшчы нічога не змянілася, ды яшчэ прыбавіліся рэкруцкія наборы. Пры старых парадках, да раздзелу, служба ў войску непасрэдна закранала толькі дваран, a мужык, які па сваёй ахвоце браў зброю і ішоў на вайну, тым самым, разам з сям’ёю, аўтаматычна пераходзіў y шляхту, тую аднадворчую шляхту, якая засяляла бедныя засценкі і пра якую з’едліва казалі: “Два паны – адны штаны, хто раней устаў, той і надзеў”. На гэта ішлі рэдка, асабістая незалежнасць была значна больш галоднай: усё адно даводзілася трымацца магната, каб не згінуць з голаду. Ішлі большай часткаю тыя, хто не паладзіў з панам, каму немагчыма было цярпець.