Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

I вось цяпер наборы і шматгадовая салдатчына віселі над кожным і ў кожную хвіліну маглі ўпасці на першую лепшую хату, забраць карміцеля, забраць брата, сына.Прыдняпроўскія мужыкі заўсёды былі дзёрзкія, з нейкімі аж казацкімі замашкамі. Ролю рошчыны ў гэтай неспакойнай дзяжы гралі шматлікія незалежныя ад паноў колы і групы: былыя пастухі каралеўскіх чарод, скупа ўзнагароджаныя зямлёй пры раздзеле; панцырныя баяры, ці то былая памежная варта, перад якой калісьці запабягаў сам кароль; насельніцтва шматлікіх багатых гарадоў, y якіх асцерагліся забраць магдэбургскае права; магутныя, усепранікальныя абшчыны баркалабаўскіх і куцеянскіх старцоў.Чапаць звычаёвае права, павялічваць двох-трохдзённую паншчыну было небяспечна: маглі і чырвонага пеўня пусціць, ды яшчэ так спрытна – пад толькі што застрахаваныя будынкі, – што потым гаспадара па судах зацягаюць, a ці не зрабіў ён гэтага з мэтай нажывы.Па гэтай прычыне нават згон – права гаспадара на рабочыя рукі па-за паншчыннымі днямі, калі гіне на корані ўраджай або залева ці нечаканая летняя палавень пагражаюць вымачыць сенажаці, – павінен быў аплачвацца панамі: ад дваццаці да дваццаці пяці капеек срэбрам на дзень.I вось пан Канстанцін Кроер асмеліўся патроху парушаць звычай, непрыкметна наступаючы мужыкам на мазалі. Справа была ў тым, што ён год пражыў y Пецярбурзе ды яшчэ цэлы год ездзіў за мяжой. Карты, рулетка, яшчэ чорт ведае што. Растрос там шмат грошай і цяпер папраўляў сваё становішча.Пачалося гэта гады тры таму назад. Перш за ўсё ён перастаў залічваць вознікам дарогу, калі яны вярталіся паражняком. Мужыкі пабурчалі трохі ды і сціхлі. Потым на цэлую гадзіну скараціўся абед y зімовыя паншчынныя дні. Сцярпелі і гэта, бо пан павінен быць трошкі несправядлівы, калі ўжо справа заходзіць аб яго гаспадарцы. Дзякуй богу, усяго было: і заліваў Кроер залішняе, і паляваў на сялянскай руні, і наконт дзевак быў памаўзлівы.Але потым пачаліся свавольствы ўжо зусім небяспечныя. Пан Кроер прыбавіў трэці дзень. A калі некаторыя паспрабавалі бурчаць – іх адлупцавалі на стайні. Тады нехта падпаліў Кроераву адрыну. У адказ на гэта Кроер завёў ваўкарэзаў і прывёз са Смілавіч дзесятак татар-вартаўнікоў. Гэта было ўжо зусім нечакана...Кроер зацяўся. Са злоснай гарэзлівасці павялічыў бабскі прынос палатна ў царкву на адну гібу , быццам святая царква жабрачка, a сам ён кавалачнік нейкі. Суседзі ездзілі ўразоньваць яго, але чхаць яму было на іхнюю думку. Што яму маглі зрабіць? Прымаць перастануць? Дык яму сына не жаніць, a дачку не вывозіць y свет.Можа, нічога і не было б, але нашкодзіў год.Рунь з восені добра пайшла пад снег, добра выйшла ўвесну з-пад снегавой коўдры і на Юр’я вырасла ўжо такая высокая, што не толькі варона магла ў ёй схавацца, a i вадзяны бугай, каб пала яму ў галаву такая дурынa: кідаць дзеля палёў свае сітнягі. I тут па ўсім наваколлі выпаў страшэнны град, захапіўшы паласу ад Магілёва і ледзь не да Гомеля. Градабой быў такі, што цэлыя кавалкі лёду падалі на беднае жыта, і яно палягло ўшчэнт.Улетку давялося туга, і, можа, людзей нават зусім чакаў бы страшны зімовы голад, каб не добрая гародніна і неблагая ярына.Нядрэнна было ў Загорскіх, y Вежы, y Раўбіча, яшчэ ў трох-чатырох гаспадароў, дзе зямля не была спустошаная. Мужыкам іншых паноў магло хапіць летняга ўраджаю хіба што да пятага тыдня вялікага посту.