Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

I вось Кроер учыніў півошчынцам агульны згон, бо гарачая пара не чакала. За тры дні жыта на яго нівах стаяла ў мэндліках, a частку нават звезлі да панскіх гумнаў, пачаўшы складаць сцірты. Людзі ішлі на працу ахвотна, бо сям’я з пяцёх чалавек – сваю работу скончылі – магла зарабіць за гэтыя дні сама меней тры рублі, a гэта азначала – як на галодны год – восем з паловай пудоў жыта, – можна неяк перабіцца да шчаўя, да “грыба бедных” – смарчка, да першай рыбы, як толькі спадзе весняя палавень....Надвячоркам трэцяга, пасля пачатку згону, дня Кроераў аконам аб’явіў людзям, што згон не будзе аплачаны, што за яго не будуць плаціць і надалей.Людзі стаялі на вясковай плошчы, пад абшчынным дубам і слухалі яго.У кожнага стаяў перад вачыма той месяц з лішнім, які цяпер не было як пражыць. Мужыкам бачылася Бэркава карчма, дзе трэба было нішчымна, толькі каб уцячы ад міжвольных хатніх папрокаў, сядзець усе гэтыя дні, бабам – прагныя і вечныя, як лёс, чалеснікі-печкі, якая кожную раніцу патрабавала ахвяр.Але ўсе маўчалі.Збянтэжаны гэтай акалічнасцю аконам (пан загадаў, y выпадку чаго, пайсці на маленькія ўступкі) прапанаваў пяць капеек на дзень. I тут Янка Губа, самы стары дзед на сяле, выступіў з натоўпу:– Мы не жабракі, каб нам замазвалі глотку шасцю фунтамі ў дзень. Мы не па дварах просім, мы просім сваё, спрадвеку ўсталяванае.Вочы яго былі, як y пакрыўджанага спакойнага дзіцяці.– Ён пакрыўдзіць нас надумаўся... Што ж, хай падавіцца нашым хлебам... A за сіроцкія слёзы здохнуць яму без пакаяння... A раней таго няхай ведае – не будзе плаціць за згон, як то дзядамі заведзена, – ніхто не пойдзе на згон. Паншчыну адробім, a згон няхай вырабляе ўдвох з табою, аконам.Аконам быў чалавек неразумны і ўзгарэўся:– Тады хрэна вам замест хлеба. Жарыце зямлю... Хто яшчэ пагражаць будзе? Хто?! Халуі бязмозглыя! Вы ж бачыце, які цяжкі год. Хіба не пан дае вам пазыкі?! Хіба не ён за вашы нядоімкі перад дзяржавай адказвае сваімі грашыма?!– За гэта мы на яго і працуем. Але нядоімак за намі не вялося. Пазык таксама. A калі гэтай вясной і давядзецца пазычаць з яго панскай літасці, то ў каго хочаш будзем пазычаць, толькі не ў яго, аспіда нясытага. Карчмару абразы ў заставу аддадзім, бо ён толькі што нехрысць, a ўсё лепшы за яго, пашчу ненажэрную.– Пад зброяй пойдзеце, – кінуў пагрозу аконам. I тут выступіў з радоў зусім яшчэ малады, год дваццаці васьмі, півошчынскі мужык па прозвішчы Корчак, працавіты бацька двох дзяцей. Толькі што вярнуўся са сціртаў (больш за ўсіх стараўся чалавек, бо сям’я ў бацькі была падзеленая і здабытчыкаў, акрамя яго, не было) і таму быў з віламі. Убіў іх y зямлю і спакойна абапёрся на дзяржальна.– Не пагражай, аконам. Бог за пагрозы нявіннаму не даруе.Стаяў перад аконамам бялявы, як лён, глядзеў чорнымі дрымучымі вачыма.– A на згон не пойдзем. Калі пад зброяй павядуць, дык такую і працу атрымае пан Кастусь. Хай жаўнеры штыкамі снапы носяць.– Зачыншчыкі! – сказаў аконам. – Ясна. I дастаў з кішэні кніжку і аловак.– Не дамо пісаць! Не дамо! – захваляваўся натоўп. – Чорт яго ведае што ён там напіша... A потым пячаць ляпнуць – і прападай душа.Абураныя людзі купчыліся вакол старога Губы. Першы не стрываў Васіль Гарлач, чалавек y беднай, але чыстай, старанна залапленай світцы:– Ды што ж гэта такое?! За што?! За нашу крыўду ды яшчэ і пісаць.– Нядобра робіш, аконам, – сказаў Корчак. – Глядзі, каб не рыгнулася.