Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Дык вось як? – пыхнуў аконам. – Добра. Яшчэ і пагрозы. Гля-дзіце, мужыкі. Усё гэта вам прыпомняць. I ад згону адмову, і абразу пану, і... тое, што іконы святыя закласці іудзеям сабраліся... Кубло гадзючае! A табе, Губа, як завадатару, не мінуць і Сібіры.Губа здзекліва глядзеў на яго.– Чаго мне баяцца? Мне ўсяго жыцця з вераб’іныя нагавіцы. Ну і Сібір. Няхай. Ці не ўсё адно, адкуль да прабацькі Абрама на піва выпраўляцца...– Ён яшчэ і блюзнерыць, ёмашнік стары... Патрэбен ты Абраму, парахня смярдзючая, – сказаў аконам.Са старым Губой ніхто так не размаўляў. Абрам Абрамам, a павага патрэбна старому нават тады, калі ён скончыў зямныя справы. I таму пакрыўджаны Губа аскароміўся.Аконам убачыў ледзь не пад самым сваім носам парэпаную цёмную дулю, нейкую вельмі доўгую і таму асабліва здзеклівую. I тады ён размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай на спіне.I тут адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і ён сам не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівы і амаль спакойны. A рукі ў гэты час тарганулі з зямлі гaблі1 і шпурнулі іх y аконама.Вілы прасвісталі ў паветры і, дрыжучы, упіліся ў зямлю між расстаўленых аконамавых ног. Аконам збялеў.A на яго ўжо насоўваўся натоўп.– Гані адсюль!– Паражняк адмяніў, поскудзь!– Трэ-э-эці дзень!!!– Плаці за згон!– Рунь канямі топча, конаўка дурная! Крык ап’яніў людзей, асабліва калі яны ўбачылі, што аконам ускінуўся ў сядло і прыпусціў уздоўж вясковай вуліцы. За весніцамі аконам кінуўся ўбок і паскакаў проста пожняй, без дарогі.A ўзбуджэнне ўсё нарастала ў душах, і над натоўпам стаяў смех, ганарлівыя выгукі, свіст. Нясытае было лета, галодная будзе вясна – чорт з ёю! Чорт з ёю, абы на хвіліну прыйшлі ў душу патоля і гонар.– Як гэта ты наважыўся, Корчак?! A каб пацэліў?– Каб захацеў, дык пацэліў бы, – збянтэжана і трошкі горда пасмейваўся Корчак. – Што я, турак, каб y жывога хрысціяніна цаляць?– Ды які ён хрысціянін?! Падла ён! Як жа... Згон дарма рабілі. A цяпер голад!I гэта зноў звярнула думкі на крыўду.– Слё-озачкі, – загаласіла нейкая баба. – Што ж ім спатрэбілася, зяпам ненаедным?!– У старца кій адабралі!– У дзяцей галодных кавалак з рота вырвалі! Загаласілі і другія бабы. I з нарастаннем іхняга галошання нейкі цьмяны, лютаваты агеньчык загарэўся ў вачах y мужыкоў.Нарастала нясцерпна балесная, ледзь не да слёз, крыўда. Яна патрабавала неадкладнага выхаду. I таму натоўп радасна выбухнуў, калі нехта кінуў:– Спаліць Кроеравы сцірты... Хай ведае.Натоўп зароў. Спадабалася ўсім.– Не нам, дык і не яму!– Палі!З самаробнымі паходнямі рушылі знішчаць сцірты. Моладзь аддзялілася і пайшла паліць мэндлікі. Дзень пачаў захлынацца ў дыме... I дзіўна – ніхто не ўзяў ані снапа. Відаць, таму, што гэта быў не рабунак, a помста.– Хай ведае!– Носам наторкаць!.....Спаліўшы збожжа, людзі вярнуліся ў вёску і сталі чакаць, што з гэтага будзе....Чакаць давялося нядоўга. Сонца яшчэ стаяла даволі высока, калі хлопец на верхавіне абшчыннага дуба заўважыў на дарозе з Кроераўшчыны пыл. Хацелі былі кінуцца ўпрочкі, але Корчак пераканаў, што няварта. Адзін чалавек – што ён такое без іншых? A калі тыя, што ішлі, наблізіліся, усім стала нават сорамна за свае думкі аб уцёках.Ішлі дзесяць чалавек, a з імі ехаў коннік. A калі гэтыя дзесяць чалавек наблізіліся – людзі пазналі ў іх татар-вартаўнікоў, a ў конніку – паручніка Мусатава.