Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Аконам выпадкова застаў яго ў Кроераўшчыне і, смяротна перапалоханы, маліў яго, каб ён скакаў y Сухадол па дапамогу. Але ў паручніка былі іншыя планы. Бунт быў занадта шчаслівы выпадак, каб выпусціць ініцыятыву з рук, аддаць яе другому, застацца без рэпутацыі мужнага і дзейнага чалавека.Зеленаватыя вочы Мусатава загарэліся прадчуваннем падзей. Небяспека – глупства: што робіцца без небяспекі? Яна надавала нават вострае адценне таму, што ён збіраўся рабіць. I таму ён прыкрыкнуў на аконама:– Ану змоўч! Наробяць тут бязглуздзіцы, a ты выпраўляй... Колькі вартаўнікоў y маёнтку?– Дзесяць.– Давай іх сюды... A сам скачы ў Сухадол. Скажаш, пан Мусатаў сам рушыў y Півошчы... Хай не марудзяць.Аконам глядзеў на яго з дрэнна прыхаванай пашанай і некаторым жахам. I гэта было добра: будзе сведка. У душы паручніка ўсё лікавала ад захаплення ўласнай хітрасцю. Хай y Сухадоле спяшаюцца. Гэта патрэбна, каб яго не абвінавацілі ў залішняй самаўпэўненасці. Але яны не паспеюць, яны проста не здолеюць паспець. “Малады і распарадны паручнік, які выпадкова аказаўся на месцы”, зробіць усё без іх... Не трэба было толькі паказваць радасці. I таму ён спакойна аглядаў зброю татар.– Як жа вы? – з жахам спытаў аконам.– Служба, – адказаў Мусатаў.– Блаславі вас бог, – з расчуленым захапленнем сказаў аконам.– Э, кіньце... Спяшайцеся лепей... Усё ж іх чатыры сотні адных мужыкоў...– I вы не баіцёся?– Баюся. Але іду... – Ён стрымана перахрысціўся і сказаў падначаленым: – Рушай, браткі....I вось цяпер атрад уступаў y Півошчы, і, чым больш ён пасоўваўся наперад, вырастаў y памерах брудна-белы, маўклівы натоўп пад дубам. Калі да яго засталося якіх крокаў сорак, Мусатаў спыніў сваіх людзей, a сам ад’ехаў ад іх да натоўпу на даўжыню корпуса каня, не больш. Ён ведаў, што набліжацца больш нельга: сцягнуць з каня, і тады падначаленыя не паспеюць памагчы, збаяцца страляць і, магчыма, пабягуць.Маглі нават проста натаўчы карак – гэта страшней за смерць...Нельга было быць смешным. Ён абмацваў сваімі зеленаватымі, як y рысі, вачыма маўклівы натоўп, a яго рукі, учэпістыя і прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі, ляжалі на сядзельнай луцэ.Пакрысе ён разумеў: небяспека ёсць, але вельмі маленькая. I гэта ўзбадзёрыла яго.– Што тут здарылася? – спытаў ён. У адказ – маўчанне.– Чые мэндлікі гарэлі? Зноў маўчанне.– Маўчыцё, сук-іны сыны... Віламі кідаецеся... Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?Некаторыя апусцілі галовы. Божа, толькі б не рухнулі на калені!– Што ж вы, браткі? Як гэта вы асмеліліся? Разыдзіцеся, не ўводзьце ў грэх хрысціяніна... Разыдзіцеся смірна па хатах...У яго памякчэлым голасе была паблажлівасць: так кот на хвіліну адпускае ахвяру, каб было што даганяць.– Вы што, спалілі панскае жыта?.. Дрэнна.– A тое, што ён з намі зрабіў, добра? – выбухнуў y натоўпе нечы голас. – Звычай ломіць, за згон не заплаціў.– Будзеце адказваць!– Вось што, – сказаў, выступаючы з радоў, Гарлач, – ідзі адсюль, пан афіцэр. Мы нарабілі – наш і адказ. Ідзі... Праўда, людзі?– Тады аддасцё ваша збожжа, – сказаў Мусатаў. – Зараз жа аддасцё... I на згон пойдзеце заўтра, хамскія морды.I звярнуўся да атрада:– Слухай мяне... Пойдзеце да іхніх сціртаў і памяркуеце, колькі ім трэба аддаць, каб за ноч не схавалі... Да апошняга снапа...Удар быў разлічаны. Натоўп зароў. Пагроза была бязглуздая і менавіта таму выклікала гнеў, пры якім не разважаюць.