Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Лапата ўжо ведаў пра падзеі ў Півошчах і таму не здзівіўся. Але ён разумеў і тое, чаго не разумеў паранены Корчак: уцекачоў будуць шукаць y сваякоў і знаёмых. I таму, перавёзшы ўначы сваяка цераз Дняпро і зрабіўшы яму ў хаце сякую-такую перавязку, ён, з дапамогаю сына, ускінуў яго на воз і выехаў з двара: вырашыў за ноч перавезці яго на млын жончынага дзядзькі, Грыня Паківача. Млын стаяў y лесе, за восем вёрст ад Загоршчыны.Грынь ведаў травы і мог памагчы. Акрамя гэтага, была і яшчэ адна выгода: на Паківачоў млын людзі стараліся не ездзіць, бо ў гаспадара была незайздросная слава чараўніка і ведзьмара....Вёска спала, калі Лапата ехаў вуліцай. Толькі ў акенцы Кагутоў свяціўся агеньчык: сям’я дапозна працавала і цяпер, відаць, вячэрала.Лапата дзякаваў богу, што вёска спіць. Але ён не быў бы такі спакойны, каб ведаў, пра што гаварылі Кагуты за вячэрай. A рашылі яны праз некалькі дзён ехаць на Паківачоў млын з першым збожжам, бо ў сваім, азярышчанскім, млыне было завозна.

Х

Раніцай назаўтра госці раз’язджаліся. Праводзячы іх стрэламі з гармат, зноў бурчаў на Фельдбаўха Кірдун. I зноў Алесю даводзілася стаяць на тэрасе, аддаваць развітальныя паклоны.Вось спыніўся перад ім Басак-Яроцкі. Спакойна глядзіць y вочы пастрыжнога сына наіўна-сінімі вачыма:– Бывай, сынок... Будзе сумна – заязджай лісіц пастраляць... Кгм... I дадае шэптам:– A калі будзе цяжка, ды яшчэ, крый божа, знойдзецца вораг – помні: ёсць дзядзька Яроцкі, які ўмее трымаць пісталет.– Дзякуй вам.Пан Мнішак збіраецца ў дарогу. Глядзіць на Алеся разумнымі вачыма. Гэты не запрашае, гэтаму, уласна кажучы, няма куды і запрасіць.– До відзэня, млоды пан.– До відзэня, – чырванеючы, з жахлівым акцэнтам кажа Алесь.Ён ніколі не наважыўся б на такое ўніжэнне, каб не жаданне зрабіць старому прыемнае....Віцэ-губернатар падыходзіць да яго, зусім не такі румяны і свежы, як учора, хаця стараецца трымаць гонар.– Бывайце, князь! Старайцеся быць вартым сынам Расіі. Многа вам дадзена – многа з вас і чакаецца.“Трымайся проста, будзь ласкавы, будзь велічны, стары ваяка, але гэта ты гаварыў y далоні незразумелыя і страшныя словы, і я цяпер невыразна адчуваю, якія прорвы, якія безнадзейна мёртвыя пустэчы за кожным спакойным дарослым тварам, які адчай за кожнай паспяховай кар’ерай.Але я не пакажу табе гэтага. У мяне таксама няма нічога, акрамя магіл. Так мяне вучылі”.Едуць Хаданскія. Паблажлівая ўсмешка старога графа, занадта ласкавая, каб ёй можна было шчыра верыць. A Ілля нічога сабе звярок. Так і не сышліся бліжэй.Хлопчык праводзіць вачыма кожную сям’ю, быццам яна знікае навекі, і не ведае, што ўсё гэта – ніці таго кіліма, які яму давядзецца ткаць усё жыццё, доўгім ці кароткім яно будзе. Некаторая нітa будзе ісці амаль суцэльным фонам, шэра-зялёным, як дажджлівы панядзелак. Некаторая сустрэнецца палоскай, вузкай, на дзень працы. Некаторая прамільгне чырвонай адзінай нітачкай, але праз усё жыццё.Людзі прыйшлі – людзі і знікаюць. I яму здаецца, што знікаюць назаўсёды.I Майка з Мсціславам сёння таксама знікнуць.A вось накіроўваецца да сходаў лічба “20”, браты Таркайлы.– Бывай, князь, – басам кажа Іван. – Глядзі, Тодар, які хлопец расце. Сапраўдны прыдняпроўскі лыцар. Як вырасце – лепей з ім не звязвайцеся, розныя там англічане ды туркі. Дасць – лужына застанецца. Го-го-го-гык!Тодар кіславата ўсміхаецца. A Іван басіць далей: