Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Наш... Наш... Прыязджай, брат, да мяне – ажаню. Мы такога героя нейкім сушаным рыбам і панюхаць не дамо...Ах, выбірайцеся ж вы хутчэй з вашым лыцарствам. Бо Майка і Мсціслаў таксама паедуць.Бацька вядзе да карэты старую Клейну, a за ёю ідуць Ядзечка і Янка.– Бывай, бэйбас, – кажа старая. – Ты глядзі ў мяне. Ранавата пачынаеш банвінавіць ды ферлакурыць.– Дзякуй вам, мілы Алесік. Усё было добра, – сумна, зусім без дакору, кажа Ядзечка. – Вы толькі не забывайце... нас: мяне, і маму... і Янку.– Бывайце, Ядзечка...Вось ужо і Раўбічы выходзяць з дзвярэй. Раўбічы! A за імі паедзе Мсціслаў.Жоўчна-прыгожы твар Раўбіча сур’ёзны. Халодныя, з пашыранымі зрэнкамі, страшныя і ўсё ж нечым прыцягальныя вочы зноў ловяць позірк хлопца, выпрабоўваюць, забіраюцца павольна на самае дно душы.– Бывай, свет ясны, – з нечаканай цеплынёй кажа ён.– Бывайце, любая Майка.– Бывайце, любы Алесь.– Ці... здаволены вы?– Le plus beau bal, que j’ai vu de longtemps , – адказвае за яе важны, як прыдворны, Франс. A яна не адказала, толькі кіўнула галавой.– Майка... Праз некалькі дзён я запрашу Кагутоў. Мне вельмі хацелася б... Мы паедзем глядзець руіны старога замка. Я запрашаю Мсціслава і... вас.Майка паводзіць галавою без асаблівага энтузіязму. I гэта такое нечаканае гора, што нават сэрца падае кудысь.– Міхаліна, – сурова кажа Раўбіч. – Падзякуй гаспадару. I пацалуйцеся, як добрыя дзеці.– Дзякуй вам, Алесь, – кажа яна. – Бывайце.Яна набліжае да яго тварык, дакранаецца нерухомымі вуснамі да яго шчакі і падае яму руку.I ў гэты момант ён адчувае ў далоні нешта. Ён няспрытна сціскае далонь і глядзіць на Майку.Пайшлі. Усё. Алесь ідзе ў дом, спакойна – бо на вачах усіх – перасякае залу, a потым... Потым шалёна бяжыць па сходах на хоры, a адтуль, вінтавымі сходамі, на антрэсолі другога паверха, a потым, прыстаўной лесвіцай, на адкрытую вежку.Ён яшчэ раз хоча ўбачыць павозку, якая вязе яе....Брычка аддалялася. Рабізна сонечных плям скакала па ёй, па конях, па людзях, якіх нельга ўжо было адрозніць адзін ад аднаго. Усё знікла, і на дарозе больш нічога не было.Тады ён успомніў пра рэч, якую трымаў y руцэ, і разняў кулак. На далоні ляжаў дзіцячы жалезны медальён, зроблены амаль y той жа манеры, што і бранзалет старога Раўбіча. Маленькі медальён са стылізаванай шыпшынай і коннікам.Ён раскрыў яго і ўбачыў пасмачку попельных, з залацінай, валасоў і згорнутую паперку.На паперцы было некалькі слоў з лацінскіх і французскіх літар. Некалькі нязграбных, відаць з вялікімі разважаннямі, напісаных слоў. I гэта не здзівіла яго, бо гэтага не рабіў ніхто, бо словы былі спробай напісаць... па-мужыцку.I ён з удзячнасцю, з нейкай раптоўнай надзеяй разабраў:“Kab nie zabywaw. Pryiazdjai”.

XI

Ён расплюшчыў вочы, і з цёмнага мора трызнення пачалі выплываць цьмяныя, але ўстойлівыя вобразы.Перш за ўсё пасмы траў, што растуць уніз сухімі кветкамі. A карані іх на дрэве. Ах, як баліць цела! Яно зусім чужое: рукі і ногі свае і не свае, цяжкія, як свінец, і бязважкія, блізкія, вось тут, і вельмі-вельмі далёкія.Што гэта за травы? Ага, гэта яны не растуць, гэта яны проста вісяць уніз сухімі кветкамі, прывязаныя да лат. Гэта, напэўна, нейкі імшанік, але які?Вось цені нейкіх галоў на сцяне з бярвенняў. Адна мужчынская, другая, відаць, нейкай жанчыны. Сілы няма, каб павярнуць сваю галаву і глянуць на гэтыя галовы, ад якіх кладуцца цені.I чаму тут гарыць святло, калі за сцяною дзень? Вядома, дзень, бо ён чуе спеў дзённых птушак. Каб была ноч – крычаў бы вадзяны бугай. Дзе гэта ён крычаў надоечы? На якіх паплавах? I што там было?