Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Але нават у неспакоі быў спакой, таму што быў вечар. І, нібы падкрэсліваючы гэтую стому і спакой, сярэдзінай вуліцы ішоў на вячэру ў чарговы дом азярышчанскі пастух Данька, ляніва, ад няма чаго рабіць, прыкладаючы часам да вуснаў даўгую берасцяную трубу.Гукі былі чыстыя і гучныя: Данька мог круціць трубы, як ніхто іншы. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў, так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Дай бог быць на вялікдзень папом, узімку катом, а ўлетку пастухом. Дай бог! Бо нічога няма лепшага за гэты вечар, чыстыя гукі трубы і патаемныя позіркі дзевак на гожага пастуха.Падышоўшы да дзяцей, Данька, які зусім і не глядзеў на іх, нечакана паднёс раструб берасцянкі да вуха Кандрату і раўнуў так, што хлопец аж падскочыў.– Да-нька, каб на цябе!– А чаго, чаго ты пасярэдзіне вуліцы ідзеш? – усміхнуўся роўнымі зубамі Данька.– Ты, Данька, кінь, – сказала Янька. – Няможна.Яна сядзела на закарках у Андрэя: пабойвалася кароў. Глядзела на Даньку з асуджэннем і павагай. Такі гарэзнік, а кароў не баіцца.– Не буду, Янечка, – сказаў Данька, усміхаючыся. – Дальбог, не буду, гаспадынечка. А хто ж мяне тады вячэраю накорміць, як не ты. Ён гэты тыдзень харчаваўся ў Кагутоў і быў здаволены: есці давалі добра.Кожная гаспадыня ўлешчвае пастуха.– Чакайце, хлопцы, – сказаў Данька. – Бярыце вось.Ён палез за пазуху і пачаў даставаць дзічкі, зеленаватыя, з карычнева-ляжалымі плямамі: кожнаму па жмені.– Буйныя якія дзічкі, – сказаў Паўлюк, набіваючы рот.– М-гу, – сказаў Данька, сакавіта чамкаючы вялікай дзічкай. – То ж посеркі1. Гэтыя есці мо-ожна.Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Дзеўка глядзела на яго ўмольна, не ведаючы, што рабіць.– Кінь, Янечка, – сказаў гаспадарлівы Паўлюк. – Злазь з карка, тут кароў няма. Ну вось… А цяпер глядзі.Ён палез у Данькаву запазуху і там падчапіў далонню, як каўшом, цэлую горку дзічак.– На ў прыполік. І не глядзі на гэтага антыхрыста.– Дык чаго гэта Кагуты сёння такія кагуцістыя? – спытаў Данька. – Толькі пяра аднаго ў Кагутоў няма. І куды ідуць такія прыбраныя Кагуты?– Пастуха сустракаць, – сказаў Кандрат. – Дарагога госця.– Ну, гэта яшчэ нічога, – сказаў Данька. – Ад азярышчанцаў можна чакаць і горшага.Ён быў вывазень з другой вёскі і таму заўсёды трошкі кпіў з Азярышча.– Вы людзі ветлівыя. Вы не толькі пастуха, вы сена калісь званамі сустракалі. Думалі – губернатар, бо губернатараў вам, па мужыцкай вашай цемнаце, бачыць не даводзілася, а Мінка-салдат казаў: “У-га! Губернатар! Губернатар, браткі, важны, як, не раўнуючы, воз з сенам”. Дык вы ўцямілі. Здагадаліся, сустрэлі.– Кінь, – сказаў спакойна Андрэй. – Брахня ўсё.– А я хіба кажу: праўда? Куды вы?– Да Загорскага ў госці, – апусціў вочы Андрэй. – Паклікаў.– Да дзядзькаванага паніча? Д-добра. Вы ж там глядзіце, хлопцы. Не накідвайцеся на розныя дабраны-смакаваны, як Лапатаў кныр на панскі мэляс. Гонару трымайцеся. Не ў іх адных ён ёсць.– А мы ведаем, – сказаў Паўлюк. – Мы не з пустымі рукамі ідзём. Мы во лузанцы нясём, гарэхі, мёд.– Ды нешта позна ідзяце? – спытаў Данька.Дзеці пераглянуліся. Потым Андрэй сказаў спакойна:– А мы пераначуем. А раніцай пойдзем глядзець усё.– Ну, глядзіце, – сказаў Данька. – Шчаслівай вам дарогі.