Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

І ён пайшоў, заграбаючы поршнямі пыл.…Дзеці выйшлі за весніцы. Ісці было прыемна. Ласкавы і яшчэ цёплы пыл прыемна казытаў пальцы, фантанчыкамі ўсплёскваў між іх.– Добра, што ты не сказаў яму, Андрэйка, – вымавіў урэшце Кандрат. – Ніхто і ведаць не будзе. Нават бацькі. Толькі мы ды Алесь.– Што я, дурны? Скажу я Даньку, што мы задумалі. Адразу б нас на возе ў Загоршчыну завезлі. А так збочым з дарогі, пройдзем лішнія тры вярсты ды і залезем у Раўбічаў парк. Разгледзім усё ды і пойдзем сваёй дарогай… А то ўсё: Раўбіч – чарадзей, Раўбіч у прычасць страляў, над Раўбічавым маёнткам цмокі лётаюць, да яго балотныя паны ездзяць… А хто бачыў? Хто ведае? Вось і трэба… памацаць…– А калі нас тыя балотныя паны зловяць?– Нічога не зробяць, – сказаў Андрэй. – Я з-за абразоў свянцоную ваду ўзяў.– А страшна. З аднаго пуду можна памерці.– Страшна, – сказаў Адрэй. – Ну і што ж.Сонца села, калі яны звярнулі з загоршчынскай дарогі на вузейшую, якая вяла на Раўбічы. Перайшлі ўброд неглыбокую Равеку, што ўвабрала ў ваду апошнюю чырвань неба, і папраставалі ў лугі.Атава адрасла сёлета такая ладная, што на паплавах не калолася, не балюча было ісці. Касіць пачалі значна раней Янавага дня.Прайшло больш за месяц, як адгучаў апошні шаст касы, а на дварэ стаяў толькі пачатак жніўня, цёплага і лагоднага, як усё гэта лета.Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Такі ўжо ўдалы быў у той год пакос. Яны былі вялізныя, тыя стагі, і выглядалі ў цямноцці нават трошкі злавесна.Дзеці ішлі і гаманілі. Яньку неслі на спіне па чарзе, а то пускалі тупаць сваімі нагамі. Але размова пакрысе глохла, а потым стала чамусь шапатлівай. …Бо злева, вельмі цьмяна, выплылі ў цемры далёкія шаты Раўбічавага парку. Зусім як у той майскі начлег. Яны былі далёка, тыя шаты, не менш як паўтары вярсты шызым поплавам. А над шатамі, зусім як тады, гарэў ледзь прыкметнай іскрай далёкі агеньчык.– Зноў не спіць, – сказаў Паўлюк.– Ніколі не спіць, – уздыхнуў Андрэй. – Чакае.Цяпер блізняты ішлі першыя, поплеч. Каб першымі, у выпадку чаго, сустрэць бяду.Гарэў над паплавамі далёкі, вельмі самотны ў цемры агонь. І дзеці ішлі на яго.Шаты выраслі над галавою зусім нечакана. То былі ўсё далёка, далёка, а то раптам насунуліся на дзяцей і навіслі над галовамі. І агонь знік.Агароджа з тоўстых жалезных прутоў ішла ў левы і правы бок, і ёй не было відаць канца.– Пойдзем направа, – шэптам сказаў Андрэй. – Не можа быць, каб дзіркі нідзе не было.Але ім давялося ісці даволі доўга, пакуль Кандратава рука, якой ён увесь час вёў па прутах, не натрапіла на пустое месца. Нехта выламаў адзін прут. Трэба было лезці. Але парк цямнеў так страшна, што яны міжвольна марудзілі.З парку даляцеў крык, ціўканне птушкі, якую, відаць, заспеў у сонным гняздзе нейкі начны драпежнік. Можа, то куніца гаспадарыла па чужых кублах, а можа, соўка-начніца. І гэтае ціўканне быццам абудзіла ўсіх.– Ну-к што ж, – перахрысціўся Андрэй. – Палезлі…Яны пералезлі, і цёмныя паркавыя шаты прагна накрылі іх.…Крокі былі бязгучныя. Густая трава глушыла іх. Цемра востра, па-начному, пахнула грыбамі, вільготнай лістотай, моцным дубільным духам дубовых хмызоў і трошкі душным, лазенным водарам бяроз.Нябачная сцежка, якой яны ішлі, прывяла да высокай зламанай бярозы над самым адхонам. Бяроза зламалася, але не ўпала, затрымаўшыся на суседніх дрэвах, і цяпер жорстка бялела ў цемры сваім мёртвым ствалом.