Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Адсюль было відно даволі далёка. Сцежка тут раздвойвалася. З левага боку яна ішла да кучаравага ўзгорка, на вяршыні якога невыразна бялела дзвюма званіцамі раўбіцкая царква.Другі адрожак сцежкі спускаўся з адхону, вёў кудысьці ніжэй, відаць, да другіх белых будынкаў, якія вольна раскінуліся ў чашападобнай лагчынцы, што пачыналася адразу ля падножжа царквы. І, замыкаючы лагчынку з другога боку, паўколам ляжала ў нізіне падкова свінцовага возера.– Пойдзем па правай, – сказаў Кандрат. – Ну яе да д’ябла, царкву. Раўбіцкія казалі, стаіць, як труна.Сцежка спускалася па схіле наўскос і неўзабаве вывела на адкрыты з двух бакоў выступ узгорка. На выступе густа раслі дрэвы, а між дрэў шарэла вузкая будыніна, падобная на царкву без барабанаў і купалаў. Гэта была, відаць, старая камяніца, вежа пры доме. Такіх многа ў той час было раскідана ля прыдняпроўскіх маёнткаў. Заўсёды трошкі наўздалёк ад новых дамоў, старыя прыбежышчы роду на выпадак вайны, цяпер ужо нікому непатрэбныя, халодныя, як склеп, бо сонца не паспявала за лета прагрэць і высушыць двухсажнёвую таўшчыню муроў, яны павольна разбураліся, раняючы з кладкі на траву паточаныя каменным слімаком валуны. З часам камяніцы пачыналі нагадваць чорна-жоўтыя соты, мёртвую вашчыну без пчол.Калісьці былі пісталетныя стрэлы, калісьці былі аблогі і пчаліны гуд стрэл. Цяпер – нічога, акрамя разбурэння.Дзеці, павольна пасоўваючыся ўздоўж аднаго боку будынка, убачылі яр, што рассякаў лагчыну, а за ярам панскі дом. Дом быў зусім цёмны – ніводнага светлага акна.– Адкуль жа святло? – шэптам спытаў Паўлюк. Андрэй паціснуў плячыма. І як толькі яны мінулі рог камяніцы, такой, здавалася, нежывой, такой безнадзейна мёртвай, яны ўбачылі адбітак гэтага святла на кроне волата-дуба, што рос ля сцяны……Свяцілася акенца ў верхнім паверсе камяніцы. Свяцілася нежывым, сінім, нейкім зіхоткім агнём: часам мацней, часам слабей.– Зазірнуць бы, – сказаў Кандрат.– Потым на дуб палезем, – сказаў Андрэй. – А зараз абыдзем камяніцу. Чорт яго ведае, дзе тут дзверы. Часам нехта выйдзе і схопіць… Я ж казаў, нячыста тут.Яны рушылі далей, павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон.Дзвярэй не было і тут, як быццам той, хто паліў агеньчык, прылятаў сюды паветрам. Але затое тут было акно на ўзроўні зямлі, відавочна прабітае пазней у глухім муры, і з гэтага акна падала на строму чырванаватае святло. Яны ўбачылі гэтае святло і адначасова пачулі нягучнае і рэдкае пастукванне жалезам аб жалеза, учулі саладкаваты серны смурод.З заміраючымі ад цікаўнасці і жаху сэрцамі яны плазавалі да гэтага акна. Паўлюк застаўся з Янькай у хмызах, а хлопцы паўзлі бліжэй, бліжэй. Чырванаватыя ўспышкі рабіліся больш яркія, пастукванне – больш трывожнае і выразнае.Стук-пых… Стук-стук-пых-х…Акно было закратаванае, і праз яго яны ўбачылі вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпеннямі. Усе сцены яго, акрамя адной, танулі ў змроку, а тая адна была асветлена зіхоткімі ўспышкамі горна, над якім навісаў чорным грыбам каўпак. Ля горна стаялі каменныя сталы з дзівоснымі прыладамі са шкла і металу.Стук-пых… Стук-стук-пых …У сутарэнні былі чатыры чалавекі. Адзін сядзеў за сталом, каля горна, і трымаў над жароўняй нешта падобнае на патэльню. Гэта з патэльні часам пыхаў вінна-чырвоны агонь, і тады чалавек зноў сыпаў на яе чорны парашок, ківаў галавою і каліў далей.