Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Другі сядзеў наводдаль. Перад ім трапятала, заціснутая адным канцом у ціскі, металічная паласа. Ён пастукваў па ёй невялікім востраканечным чаканам.Стук-пых… Стук-стук-пых-х…Два астатнія сядзелі, захутаўшыся ў грубыя суконныя плашчы, і глядзелі ў агонь. І ўсе чатыры былі нечым падобныя; згасала чырвоная ўспышка, і тады нават у святле горна можна было заўважыць фарфоравую бледнасць абліччаў.І ўсе маўчалі, быццам словы паміж імі былі зусім непатрэбныя.Успышкі ўсё часцелі. І вось чалавек ля горна зняў з сагана зусім круглую бутэльку з вузкім рыльцам, ускалаціў нейкі асадак і паказаў чалавеку з паласой. Той сцвярджальна апусціў галаву.Трапятала чырвонае полымя.Чалавек падаў паласу аднаму з тых, што сядзелі. Вызваліў другую паласу, крутой дугою выгнутую між двума ціскамі, і падаў суседу першага. Тыя скінулі плашчы і, застаўшыся ў суконных нагавіцах і белых сарочках, пачалі маўклівую і страшную сваёй маўклівасцю гульню ва ўспышках чырвонага святла. Пачалі біць паласой аб паласу, па-рознаму трымаючы іх, білі па чарзе. Потым адзін біў па паласе другога, уторкнутай адным канцом у шчыліну паміж плітамі падлогі. Потым другі біў даволі тоўстай доўбняй па паласе першага.Адзін з удараў доўбні зламаў метал. І ўладар доўбні моўчкі, са змрочным тварам, развёў рукамі.І тут успышка небывала чырвонага густога полымя ахапіла сутарэнне. Чалавек над жароўняй стаяў і выскаляў зубы ў патоках чырвонага святла, якія змяіліся ўсё вышэй і вышэй. Рукі ягоныя былі пераможна ўскінутыя ўгору.Гэта было так страшна, што хлопцы кінуліся прэч і апамяталіся толькі за рогам будыніны.– Што бачылі? – спытаў Паўлюк.- Выклікалі кагось, – коратка сказаў Андрэй.– Каго?– Не ведаю. Але не на дабро. Пайшлі адсюль.– А агонь? – напомніў Кандрат.– Так, агонь, – у Андрэя ўпаў голас.Яны ўзнялі вочы да акна і ўбачылі, што сіні агеньчык згас. На яго месцы цяпер цямнеў правал акна. Звычайны мёртвы правал. Больш нічога.І хлопцы адразу адчулі, як жах саступіў месца расчараванню. Агонь быў так блізка, такі высокі і сіні. Хто ведае, якія дзівосы ён асвятляў. І вось яны, дурні, пакінулі яго, дачакаліся, пакуль ён згас.– Ёлупы, – сказаў Кандрат. – Боўдуры.Гэта сапраўды было горка, калі ўжо забыцца на страх. Столькі разоў бачыць іскру над шатамі парку, наважыцца, нарэшце, ісці сюды, нацярпецца жаху, убачыць агонь зблізку, такі зменлівы і сіні. І ўсё зглуміць.– Пайшлі, – сказаў Андрэй.Зноў сцежка, на гэты раз з уступу, у абход невялікай падковы возера. Зноў пах грыбніцы і стылая раса.Хлопцы ішлі моўчкі, з апушчанымі галовамі. Было халодна і няўтульна пад шатамі дрэў. Добра, што хаця Янька не плакала, бо ёй было ўсё адно, так яна хацела спаць. Андрэй зняў з сябе світку, і яны падвязалі дзяўчынку на спіне Кандрата, зрабіўшы нешта накшталт мяшка, у якім было цёпла і ўтульна. Кандрат цяпер мог вызваліць рукі, яму стала лягчэй.– Прыйдзем яшчэ сюды? – ціха спытаў ён у Андрэя.– Прыйдзем, – падумаўшы, адказаў Андрэй. – Трэба прыйсці.– Каго ж яны ўсё-ткі выклікалі? – спытаў Кандрат.Андрэй не адказаў. Ды і што можна было адказаць?Цемра. Глухія крокі. Сонныя пасопванні Янькі на спіне ў Кандрата. Пачынае прабіраць холад, той санлівы холад, калі сківіцы раздзірае пазяханне і чалавек марыць, як аб вышэйшым шчасці, аб ахапку сена, у які можна зашыцца.Мужны дух прадпрымальнасці і прыгод заўсёды церпіць ад такіх акалічнасцей.