Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Яны мінулі возера, з якога патыхала вільготным халадком і рыбнай сырасцю. Парк зноў зрабіўся густы, – не парк, а нейкія нетры з лаўжамі і ветрабоем, з рэдкімі глухімі сцяжынкамі.Па адной з такіх сцяжынак яны ішлі даволі доўга; ішлі і амаль не спадзяваліся, што калі-небудь ёй будзе канец. Але сцежка ўлілася ў папярочную сцежку, што была шырэйшая і нагадвала хутчэй вузкую дарогу, па якой ледзьве можа праехаць воз. Дарожка гэтая была як тунель, так спляталіся над ёю галіны дрэў, з левага боку яна праз нейкіх пяць сажняў улівалася ў невялічкую паляну. І палянка была таксама цёмная, бо над ёю схіляліся, засцячы неба і ўтвараючы над ёю шацёр, верхнія галіны магутных, вычварна-каржакаватых дрэў. А пад шатром, займаючы амаль усю палянку, стаяла самая дзівосная будыніна, якую ім давялося бачыць у сваім каратусенькім жыцці.Будыніну абкружаў частакол з завостраных бярвенняў. Над частаколам уздымаліся толькі два-тры вянцы сцен ды трох’ярусны дах з грубай замшэлай шчапы. На вільчаку верхняга яруса нерухома ўзвышаўся “балотны чорт”, вычварная карчага, якой вятры і гнілая вада часам надаюць падабенства з пачварным ідалам.У вянцах сцен там-сям цьмяна блішчалі маленечкія сляпыя акенцы з разьблёнымі ліштвамі. Такая ж разьблёная брама разрывала ў адным месцы частакол. Палі яго вянчалі пабеленыя непагодай конскія чарапы з цёмнымі праваламі вачэй.Дзеці не ведалі, што гэта была лазня Раўбіча, пабудаваная ў “казачным” стылі, але, дрыжучы, адчувалі гэта казачнае і страшнае. Відаць, сюды, да гэтай брамы, павінны былі прыязджаць, каб загінуць: увечары – светлы дзень, а перад світаннем – чорная ноч.З цёмнага тунеля дарогі даляцеў стомлены, рэдкі стук капытоў, а потым з’явілася сама ноч, як гэта ёй належыць – на чорным кані і ў чорным плашчы.

Конь ішоў мернай ступою, а коннік сядзеў на ім, схіліўшы галаву, і доўгі чорны плашч, падобны на абвіслыя вялізныя крылы, прыкрываў рэпіцу жывёлы.– Вось каго выклікалі, – шапнуў Кандрату Андрэй.Хлопцы не здзівіліся, пазнаўшы ноч у твар, пазнаўшы гэтыя доўгія вусы, гэтую рукаяць пісталета, што выглядала з сакваў.Коннік пад’ехаў да частакола і з хвіліну пастаяў перад ім. Потым, не ўздымаючы галавы, павольна ўзняў стрэльбу і тройчы, з вялікімі перапынкамі, стукнуў руляй у дошкі варот.…Не чакаючы больш ні хвіліны, баючыся невядома чаго, дзеці кінуліся бегчы так, як не беглі ніколі ў жыцці.Яны не памяталі і не ведалі дарогі, не звярталі ўвагі на стому, ад якой рэзала ў грудзях, не памяталі, дзе пералезлі агароджу. А можа, яе і зусім не было? Яны беглі і апамяталіся толькі на знаёмым раздарожжы, ад якога да Загоршчыны было не больш як дзве вярсты.Было цёмна. Пахла бярозавымі венікамі. Пасля ўспыхнуў агеньчык. Рука, упрыгожаная на запясці жалезным узорным бранзалетам, паднесла сярнічку да васковай тоўстай свечкі. Потым да другой. Да трэцяй.І тады другая рука, загарэлая аж да гарчычнага адцення, зняла са стала ўпрыгожаны срэбнымі насечкамі пісталет. Схавала пад стол.– Баішся? – іранічна спытаў Раўбіч, скідаючы на лаву плашч.– Сцерагуся, – сказаў Война.Раўбіч выняў з-пад плашча кошык і паставіў на стол.– Падсілкуйся.Спаласаваны і зрэзаны страшнымі шнарамі твар усміхаўся.– “Правда ль, что Бомарше кого-то отравил?” – спытаў Война.І гаспадар лазні адказаў у тон яму:– “Гений и злодейство две вещи несовместимые”.