Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Ведаеш класіку, – сказаў Война.Яны сядзелі за адным сталом. Война еў, скоса паглядаючы на субяседніка насцярожанымі і бязлітаснымі вачыма. Яго чорныя бровы былі нахмураныя.А Раўбіч сядзеў насупраць, і яго твар ажыўляла іранічная ўсмешка. Вялікія, зусім без райка, цёмныя вочы спакойна назіралі, як пальцы Войны ламалі курыную нагу.– Згаладаўся ты, браток.Вычварна зламаныя, пагардлівыя бровы Раўбіча дрыжалі.– І так дваццаць год, – сказаў ён. – Божа мой, колькі пакут! І, галоўнае, дарэмна. Увесь час спаць адным вокам. Увесь час недаядаць.– Лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.– Намёк? – спытаў Раўбіч.– Ты што? – сказаў Война. – Не, кум, цябе гэта не тычыцца. Ты таксама не ціхая горлінка, таксама “хищный вран” над гэтай напаўжывой падлай. Гэта не пра цябе. Гэта пра тых, што зажэрліся, што забылі.Яны глядзелі адзін на аднаго. Прылазнік, асветлены спакойнымі язычкамі свечак, быў някепскай дэкарацыяй: вышараваныя да жаўцізны бярвенні сцен, пучкі мяты пад столлю, шырокія лавы пад мяккімі чырвонымі налаўнікамі, стол, на стале ежа і паліваны збан з чорным півам, а ля стала два насцярожаныя чалавекі.– Урэшце, хто мяне выручыў, параненага, – сказаў Война, канчаючы есці, – хто падабраў у яры? Хто выхадзіў? Каму ж можа больш верыць Чорны Война.– А ты не ганарыся, Багдане, – жорстка сказаў Раўбіч. – Я тады не ведаў, што ты Чорны Война. Проста бачыў тваю перастрэлку з земскай паліцыяй. А ў мяне, кумок, з гэтай публікай свае рахункі. Дый, потым… калі шасцёх нападаюць на аднаго – праўда не на іх баку.– Лыцар, – сказаў Война. – Ты ж глядзі, лыцар, не забудзь папярэдзіць “блакітных”, што мяне бачылі ў наваколлі.– Папярэджу, – спакойна сказаў Раўбіч. – У мяне таксама ёсць тое, чаго нельга ставіць на карту.Война скручваў з грубага тытуню цыгарку. Знявечаныя пальцы рухаліся няспрытна.– Дай я, – сказаў Раўбіч.– Не трэба. Ва ўсякім разе, адзін палец у мяне здаровы… Той, што кладзецца на курок.– Война, – сказаў Раўбіч. – Не рызыкуй сабой, Война. Пачакай трошкі. Час надыходзіць. А ты можаш не дажыць. Ты будзеш патрэбен жывы, а не мёртвы. Перасядзі год-два. Месца я табе знайду. Адпачні. А потым я паклічу.Цень Войнавай галавы адмоўна хіснуўся на сцяне.– Ты нядрэнны чалавек. Але я кажу – не. Таму, што ты шукаеш сяброў. А сябры прададуць. Чалавек – быдла. У атрадзе з трох – адзін здраднік. І, потым, мне няма часу. Старыя салдаты жывуць, пакуль ідуць. Калі я прысяду – я не ўстану, такая стома ў маіх касцях. Я падаю табе знак і прыходжу сюды, калі ўжо зусім немагчыма. Я сплю тут як чалавек, але потым мне зноў цяжка звыкаць да насцярожаных вачэй, да дажджу, да свайго берлагу… як дваццаць год таму.Ён апусціў павекі.– Сёння я раскажу табе нешта, – не вельмі ахвотна сказаў ён. – Ты памятаеш бунт у трыццатым годзе?– Але. Толькі тады я быў іншы і не разумеў яго.– А я разумеў. Мне тады было дзевятнаццаць, і я верыў у людзей. Верыў у бунт, у наша паўстанне, у тое, што людзі яму не здрадзяць. Веру я ў гэта цяпер або не – мая справа. Золата самы брудны метал, але з яго робяць шапку, і яе гаспадар з мазгамі каптэнармуса атрымлівае права сядзець на чалавечай пірамідзе, мучыць людзей, якіх ён мазаля не варты. Гарнастай – подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх. Война паклаў на стол цяжкую далонь.