Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Я верыў, што астатнія думаюць, як я. Напэўна, таму, што я любіў сваё Прыдняпроўе і верыў, што мае сябры жадаюць яму дабра. А потым пачалося. Перш за ўсё здрадзіла гэтая сволач, Хлапіцкі1. Дыктатар паўстання. Напалеончык… Потым іншыя. Разгул подласці і жывёльнага жаху… Што здзіўляцца, што нас разбілі, што мужыкі нам не верылі. Але я верыў. Праз год я прыйшоў да некаторых сяброў і сказаў, што час пачынаць спачатку. І ўбачыў, што адзін разводзіць капусту, а другі служыць столаначальнікам. Убачыў пустыя ад жаху вочы… А яны ж былі зусім як я. І я зразумеў: яны спыніліся ў нянавісці. Што мне было рабіць? Начальнікі здрадзілі. Сябры дрыжалі. Народ пакорліва цягнуў ярмо. Усё, у што я верыў, было, значыцца, як байка для дурных дзяцей, а мая мара – паламаная цацка.Ён усміхнуўся.– Я быў малады і гарачы. Адзін дык адзін. І я вырашыў: паўстанне будзе жыць, пакуль буду жыць я. Павінна ж быць праўда!Цяпер у яго словах гучала наіўная, але цвёрдая гордасць.– І вось яно жыве. Яны думаюць, што задушылі яго, а яно жыве, дваццаць год гучаць яго стрэлы. Які яшчэ мяцеж трымаўся так доўга?! Таму я і сплю адным вокам, таму сцерагуся. Яно павінна жыць доўга… аж пакуль не падстрэляць мяне. Мне нельга спыняцца. Іначай атрымаецца, што я дарэмна жыў.Уздыхнуў.– Часам мне цяжка. Я гляджу здалёк на твайго Стася. Гляджу на тваю Наталлю. На Франса. На Майку… Я люблю дзяцей. Часам думаеш, што супраціўленне ні да чаго не вядзе. Можна кінуць усё і жыць… Але потым я ўспамінаю , як мітусяцца яны ўсе, пачынаючы з Мусатава. Я ўспамінаю, што кожны мой стрэл – гэта поўха тым, з пустымі вачыма… І вось таму мне з табой не па дарозе. Я не магу чакаць.– Добра, – сказаў Раўбіч. – Я пайду, бо ты зусім засынаеш… Спі спакойна, кум.– Чаму ж не спаць? Буду спаць. Інсургент спіць, а інсурэкцыя2 ідзе.

ХIIIКалі першая птушка ціўкнула ў хмызах – ёй ніхто не азваўся. І гэта азначала, што быў жнівень і птушкі сталі больш лянотнымі.Такая, мусіць, халодная раса! Так не хочацца кідаць гняздоўя! Хто гэта там азваўся? Ах, ён няўрымста!.. Хоць бы яшчэ хвіліну! Хві-лі-начку!Раса сапраўды была халодная. Лісцікі бэзу, густа пакрытыя ёю, здаваліся шэрымі. Шэрае, туманнае прабівалася праз лістоту святло.Страсяні галіну карычкі – сцюдзёны і нават балючы, як шрот, дождж прамочыць з галавы да ног.У першым святле вывелі коней на цёмны ад расы жвір. Логвін, пазяхаючы, глядзеў, як Кандрат і Андрэй запрагаюць у маленькую лялечную брычку двох шатландскіх поні. А тыя запрагалі і не пераставалі здзіўляцца жывёлам. У поні былі чубкі і вочы, такія рахманыя.Худы, падабраны Логвін быў усцешаны тым, што не давядзецца ехаць. Ён вось пастаіць-пастаіць, а потым і пойдзе і даспіць гадзінку-другую. Хай сабе едуць адны. Хто пакрыўдзіць дзяцей? Дзеці – усмешка божая. Іх крыўдзіць нельга.І таму Логвін здаволена ўсміхнуўся. Разбудзілі “дам”, кінуўшы жменю пяску ў акно першага паверха. Яны апрануліся хутка і, праз капрыз Майкі, вылезлі праз акно і, вядома, адразу ж прамоклі. Таму іх, пад агульны рогат, давялося з месца садзіць у брычку і захутваць вярблюджай папонай. Так яны і сядзелі, як двайняткі. І прыемна было глядзець на ганарлівы твар Майкі і свежанькае пыска Яні.Жвавы, як цвыркун, Мсціслаў адразу ж забраўся ў брычку, на месца фурмана, каб быць бліжэй да дзяўчатак. Логвін, гледзячы на гэта, толькі галавою круціў: “Спрытны, чорт, як артуць. Такі ўжо татарын. Проста дзівуешся”.