Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Алесю падалі Ургу, Андрэю – мышастую Касюньку, Кандрату і Паўлюку – спакойных дарашаватых кабылак.Алесь агледзеў кавалькаду – усё было гатова. І ён зноў адчуў у сэрцы тое шчасце, якім жыў ужо другі дзень.…Маці ў гэтыя дні трошкі прыхварэла і не выходзіла да іх. У яе якраз пачынаўся той настрой асаблівай уражлівасці, якога пан Юры заўсёды пабойваўся і які цягнуўся звычайна толькі некалькі дзён на год.Пачыналася гэта з першымі жоўтымі лісцікамі на бярозе, за Іллёю, які, як вядома, скінуў з кожнага дрэва па два лісты. Дрэвам яшчэ бясконца доўга было зелянець, але няўлоўны сум, які разліваўся з гэтага часу ў прыродзе, няўлоўныя для вока першыя прыкметы памірання быццам адразу забівалі сумную і слабую жыццярадаснасць маці, і яна замыкалася ў сабе.Паскараў усё гэта дзень, калі пан Юры збіраўся на першае сапраўднае паляванне. Учарашнія хлапунцы ўзняліся на крыло. Крыжныя яшчэ не пачыналі ліняць. Набліжаўся дзень вялікай птушынай крыві.Звечара пачыналі рыхтавацца. І адразу ў матулі пачынала балець галава, а вочы сумнелі. Ведаючы, што нічога не паможа, што добры і мяккі пан Юры робіцца, як толькі дойдзе да палявання, сапраўдным убоіскам і нізавошта не паслухаецца яе, яна ўсё ж распачынала вартыя жалю спробы ўтрымаць яго.– Як вы можаце гэта, Georges?Жорж маўчаў, утаропіўшыся ў талерку.– Філёмон (так яна называла Халімона) казаў, што ўчора бачыў, як качка вяла хлапунцоў. Іх яшчэ многа. Яны ва ўсіх качак, у якіх ліса разбурыла першае гняздо.– Да мы, матухна, хлапунцоў не страляем, – бараніўся пан Юры. – Што ў нас, разумення няма? Мы сёння на бакасоў едзем.– Яшчэ горш. За што такіх маленькіх?Пан Юры маўчаў. Што ён мог зрабіць, калі з лугоў і балот ляцеў такі прызыўны кліч?І пані Антаніда разумела, што яна нічога не зробіць.Тады яна замыкалася ў сваіх пакоях, не пускаючы на вока нікога. Нават малы Вацлаў у гэтыя дні пераходзіў на рукі мамак. Што ж, калі ў яго кволыя ружовыя пальчыкі? Яны таксама будуць трымаць стрэльбу.Гэта было нейкае сумнае непаразуменне перад пачаткам забойства, які жыў у душах многіх.Пан Юры, сустракаючы сына, казаў яму:– Ты, брат, не лезь да яе. У яе, ці ведаеш, не тое, што ў нас…Пакоі маці былі цёмныя, як і яе думкі.Затое з панам Юрыем дзецям было лёгка і проста. Ён сядаў за стол і перш за ўсё пытаўся ў дзяцей грубым голасам:– Што, дзеці, ці лілі вы алей у бульбу, ці не лілі?І пытаў другім голасам:– Чаго ты цілікаеш?І зноў адказваў першым голасам, толькі вінаватым:– Я не цілікаю. Я пытаю.Дзеці рагаталі. А ў бацькі хоць бы ўсмешка, зусім сур’ёзны, нават змрочны. Толькі ў вачах таіліся вясёлыя чорцікі.І дзеці яшчэ больш палюбілі яго, калі ён згадзіўся адпусціць іх адных агледзець старое загорскае гарадзішча з руінамі камяніцы.Госці пайшлі спаць. Бацька з сынам і герам Фельдбаўхам абмяркоўвалі гэтае пытанне ўтрох. І калі немец па сваёй ахвоце вырашыў далучыцца да дзяцей, бацька разважліва зазначыў яму на шматлікія невыгоды, якія давядзецца цярпець усяму наваколлю ад легкаважнага імкнення пана Фельдбаўха да забаў.– Я б і рад, пан Фельдбаўх. Але я толькі падумаў, што вы, напэўна, забылі…– Was?– Вы, напэўна, забылі, што Хаданскія рыхтуюць феерверк, каб здзівіць гэтых выскачак з Магілёва. Яны прасілі, каб гер Фельдбаўх прыгледзеў, бо ўсім вядомыя яго поспехі ў піратэхніцы, якіх ён дабіўся, удзельнічаючы ў падрыхтоўцы традыцыйнага студэнцкага феерверку яшчэ ў Гецінгене…